Top.Mail.Ru

Імя апошняй уладальніцы Гомельскага маёнтка — княгіні Ірыны Іванаўны Паскевіч, нявесткі славутага фельдмаршала

22.08.2025 | 07:04

Людскія лёсы ў гісторыі


У год 190-годдзя з дня нараджэння Ірыны Паскевіч у сталічным выдавецтве «Чатыры чвэрці» ў серыі «Сучасная проза» выйшла кніга Алега Ананьева «Княгіня». Аўтар рамана — сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускага саюза мастакоў, Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў, Алег Валянцінавіч Ананьеў — мастацтвазнаўца, паэт, празаік, драматург; ініцыятар і аўтар кніг, сярод якіх праект Гомельскай абласной бібліятэкі да 70-годдзя Вялікай Перамогі «Жывая памяць маёй сям’і», кнігі ў серыі «Любімы Гомель»: «Споведзь у фарбах» — пра гомельскіх мастакоў; «Залатыя купалы» — пра храмы Гомеля; лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага і іншых.

Прэзентацыя рамана адбылася ў Гомельскай абласной бібліятэцы ў гістарычную дату — 14 красавіка. Гэты дзень абраны невыпадкова: роўна 100 гадоў таму завяршыўся зямны шлях той, каго гамяльчане называлі «княгінюшка». Адбылося ўсхваляванае абмеркаванне рамана, у якім — сюжэты жыцця Гомеля на скрыжаванні эпох. Сваімі ўражаннямі пра кнігу падзяліліся яе першыя чытачы — ганаровыя госці: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Рускае таварыства» Алена Шацько, прадстаўнік Міжнароднай гільдыі пісьменнікаў у Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Вольга Раўчанка і іншыя.

І ўсё ж кніга Алега Ананьева не толькі і не столькі пра апошнюю гомельскую княгіню. На прыкладзе гісторыі Гомеля аўтар прапануе не проста зазірнуць у падручнік гісторыі — апынуцца ў той рэвалюцыйнай атмасферы, калі сутыкнуліся дзве гістарычныя эпохі. У рамане ажываюць забытыя і малалавядомыя старонкі гісторыі. 

То паралельна, то больш цесна ў рамане прадстаўлены адносіны княгіні з простым народам. Гэты аспект якраз выклікаў у мяне самы пільны інтарэс. Тым больш што гамяльчане ў рамане паказаны шырока і шматгранна: прадстаўнікі розных сацыяльных груп і саслоўяў, прафесій, рамёстваў, рознага роду заняткаў.

Наогул, з часоў Аляксандра Пушкіна і Мікалая Някрасава тэма ўзаемаадносін дваранства і народа — адна з найважнейшых у літаратуры, асабліва — у гістарычным рамане.

Выкарыстоўваючы розныя мастацкія прыёмы, аўтар вырашыў складаную задачу: княгіня паўстае не проста як знешні назіральнік, яна сярод гэтых падзей — як удзельнік.

Пры гэтым супрацьстаянне двух саслоўяў — дваран і простага люду — непазбежна. Зліццё немагчыма. Адлегласць відавочная. Але ўсё ж, калі гаворка ідзе пра княгіню Ірыну Іванаўну Паскевіч, нараджаецца дыялог. І пры гэтым ён выглядае не фантазійна, а абгрунтавана, арганічна. 

Здавалася б, дзе вытанчаная дваранка, а дзе крывавыя падзеі кастрычніка 1916 года, калі адбылося паўстанне ў казармах перасыльнага пункта. Фактычна была спроба рэвалюцыі ў Гомелі. Гэтыя важныя гістарычныя падзеі перададзены праз эмацыянальнае ўспрыманне Ірынай Іванаўнай аповеду іх удзельніка — параненага рэвалюцыянера. Востры дыялог перадае не проста супрацьстаянне дзвюх асоб, а двух светаў, дзвюх культур, двух меркаванняў пра дабро і зло, пра жыццё.

Як жывыя выявы з кінафільмаў, праходзяць перад чытачом і падзеі Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 года ў Гомелі. Чытач адчувае пульс часу, адчувае, што княгіня жыве не ў адрыве, а ў адной прасторы з Гомелем. 

Княгіню вылучаюць дзелавыя якасці: разумная, добрая, верная сваім прынцыпам, яна мела значную сілу волі і адвагу. Гэтыя асаблівасці раскрываюцца ў розных сюжэтна-псіхалагічных калізіях рамана, у прыватнасці ў раздзелах, дзе адлюстравана жыццё горада ў перыяд акупацыі Гомеля ў 1918 годзе войскамі кайзераўскай Германіі падчас Першай сусветнай вайны. Аўтар знаходзіць арыгінальную форму падачы гістарычнага матэрыялу: княгіні даводзіцца чытаць асабісты дзённік аднаго з акупантаў. Гэты пераклад з нямецкай не сухі, а афарбаваны эмоцыямі княгіні, якімі яна выказвае асабістую ацэнку таму, што адбывалася ў тыя памятныя дні. 
У рамане выкарыстаны багаты фактычны матэрыял краязнаўчага сэнсу. Асаблівым драматызмам працятыя старонкі, у якіх адлюстраваны падзеі 24–29 сакавіка 1919 года, калі пад уплывам контррэвалюцыйнай агітацыі некаторыя палкі пакінулі тэатр ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны і прыбылі ў Гомель. Узначаліў антысавецкі мяцеж былы штабс-капітан, эсэр Уладзімір Стракапытаў. У рамане дэталёва апісваюцца жудасныя пагромы, а таксама перамовы з кіраўніком новай улады дэлегацыі гамяльчан, у ліку якіх быў і вядучы архітэктар Гомеля Станіслаў Шабунеўскі.
Камісары паўстаюць як непахісныя змагары за савецкую ўладу. І ўсё ж гэта жывыя людзі, са сваімі заганамі і вартасцямі, якія цвёрда верылі ў перамогу сваёй правай справы. Асабліва ярка выпісаны вобраз старшыні надзвычайнай камісіі Івана Ланге: у ім і вобраз рэвалюцыянера, і тэма няпростага кахання ў час станаўлення маладой дзяржавы.

Мяцеж быў падаўлены. На месцы пахавання па-зверску забітых 25 камісараў — ахвяр Стракапытаўскага бунту — над Сожам узведзены помнік. Імёнамі шасці герояў названы вуліцы Гомеля.
  • Вось мы сёння крочым па гэтых вуліцах. Далёка не кожны можа адказаць, хто такія былі Ланге, Камісараў, Білецкі, Бочкін, Аўэрбах, Песін... Адраджэнне гісторыі Айчыны, адраджэнне гэтых і іншых імёнаў герояў роднага горада — ледзь не галоўная годнасць рамана. 
Так, гэтая кніга не толькі пра непаўторную прыгажосць горада над Сожам. Галоўнае ў рамане — не архітэктура, а людскія лёсы ў з’явах Гісторыі.

Ірына Паскевіч асоба з багатым унутраным святлом; у панараме гістарычных падзей раскрываюцца яе жыццёвыя прынцыпы, яе імкненне рабіць дабро. Захапляюць маштабы яе дабрадзействаў.

І ўсё ж княгіня толькі ўмоўна з’яўляецца галоўнай гераіняй рамана. Яна, хутчэй за ўсё, гераіня-сімвал — гонару і годнасці, высакароднасці душы. Як нейкая ікона, да якой звяртаюцца вернікі і нявернікі, дзелячыся сваімі суперажываннямі.

Раман Алега Ананьева «Княгіня» — і адраджэнне светлай памяці добрага імя Ірыны Іванаўны Паскевіч, і далучэнне да гісторыі роднага горада, багатага імёнамі, якімі мы ганарымся.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю