Top.Mail.Ru

Гран-пры «Золата Лістапада» сёлета прысуджаны паўночна-асецінскай карціне «Паляўнічы»

Аўтар: Ірына Прымак
14.11.2025 | 18:00
Быць чалавекам, а не ўладаром свету

Рэжысёр Заур Цагоеў не чакаў такога выніку ― упершыню прайшоўся па чырвонай дарожцы менавіта ў Мінску. Ён шчыра прызнаўся, што наогул быў шчаслівы ўзяць удзел у такім прэстыжным кінафестывалі, як «Лістапад», а поспех сваёй работы лічыць матывацыяй працаваць далей у мастацкім кіно, бо ў ім ён робіць свае першыя крокі. Але Заур Цагоеў не навічок у кінематографе: мае досвед работы ў дакументалістыцы, і гэта адчуваецца па яго глыбокай падачы матэрыялу. 

Стварэнне карціны стала для рэжысёра творчым выклікам, бо працаваць давялося высока ў гарах, у няпростых умовах. Туды, вядома, нельга было даставіць шмат тэхнікі, асвятленне наогул не бралі, таму здымалі пры натуральным. 

Кіно атрымалася на стыку жанраў. Спачатку яно больш нагадвае дакументальны фільм: хараство навакольнага асяроддзя, дзе чалавек-паляўнічы —толькі госць, а не ўладар, сапраўды захоплівае. Прыгажосць гор чароўная! І на фоне такіх выдатных натуральных «дэкарацый» разгортваецца ўнікальны ў нейкай меры сюжэт. У стужцы задзейнічаны толькі адзін акцёр Казбек Багаеў, які на працягу карціны іграе без слоў. І пры гэтым перадае ўсю палітру чалавечых пачуццяў (радасць ад азарту палявання, боль ад нечаканай траўмы з-за каменяпаду, разгубленасць, упартасць і г. д.). Ад экрана немагчыма адвесці вочы. Так, ёсць сцэны палявання, дзе дэманструюцца агрэсія і жаданне нажывы чалавека, які лічыць сябе галоўным. Але ў выніку ён разумее, што трэба схіліць галаву перад царыцай-прыродай. І кладзецца побач са свяшчэнным аленем, які пацярпеў з-за паляўнічага. Гэта вельмі моцны кадр! Немагчыма стрымаць слёз, калі бачыш майстэрства аператарскай работы і адначасова адчуваеш вялікі трагізм моманту... 

У фінале гісторыі прыведзена рэальная статыстыка, якая датычыцца знішчэння жывёл з-за нелегальнага палявання. За 20 гадоў браканьеры знішчылі 40% папуляцыі аленяў. А наогул, па даных міжнародных арганізацый, за апошнія 50 гадоў людзі знішчылі каля 75% усіх відаў жывёл на зямлі (у некаторых рэгіёнах гэтая лічба дасягае 94%).

Пасля ўсяго, што давялося пабачыць у фільме, галоўны пасыл гучыць як аксіёма: «Мы — першае пакаленне, якое ўсвядоміла, што знішчаем нашу планету, і апошняе, якое можа штосьці з гэтым зрабіць». 

Вельмі спадабалася, як асецінскі рэжысёр спалучае розныя тэхнікі. Зразумела, паколькі галоўны герой іграе моўчкі, на першы план выходзіць менавіта «карцінка» з усімі яе магчымасцямі і субцітры. Але гэта не проста нейкія эфекты. Аповед пра прыгоды паляўнічага ў гарах перамяжоўваецца з адсылкамі да старажытных міфалагічных вобразаў і мудрасці народа Паўночнай Асеціі. Выразы пакрысе з’яўляюцца на экране, трансліруючы тыя сэнсы, якія і хацеў у выніку данесці Заур Цагоеў.

«У гэтую карціну быў закладзены пасыл: забойства дзікіх жывёл дзеля забавы — злачынства, за якое карае сама прырода», — дзеліцца сваімі думкамі рэжысёр. 

Зразумела, гран-пры прысуджана заслужана, бо ў фільма «Паляўнічы» сацыяльны падтэкст. Гэта і не кіно нават, а прытча, адрасаваная разумнаму гледачу. 

«Пры стварэнні фільма мы натхніліся творам „Паляванне на тураў“ асецінскага пісьменніка XIX стагоддзя Каста Хетагурава, зрабілі яго больш сучасным. А наогул гэта гісторыя не пра паляўнічага і захаванне прыроды, а пра прагавітасць чалавека, бо ў жывёльным свеце драпежнікі не забіваюць больш, чым патрэбна, — распавядае Заур Цагоеў. — Мы сёння дзелім землі, на якіх заўтра не будзем працаваць... Мяркую, нашы продкі глядзяць на нас зверху і не разумеюць, чаму мір стаў такім жорсткім. Я сам не паляўнічы, вельмі люблю прыроду, жывёл, таму для мяне было важна стварыць менавіта такую стужку. Яна дзеля міру, а не дзеля папулярызацыі палявання, хоць, вядома, падчас працы над карцінай я шмат даведаўся пра яго і мог бы паспрабаваць сябе ў паляванні, але я мірны чалавек. Лепш буду ствараць добрыя фільмы».

Карціна, якая сёлета атрымала Гран-пры «Лістапада», знята за 19 дзён. Самым няпростым рэжысёр назваў работу з дзікімі жывёламі і здымкі падчас узыходжанняў, у цяснінах. Псіхалагічна на здымачную групу ўплываў і дэдлайн, бо патрэбна было паспець усё зрабіць, пакуль добрае надвор’е. 

«Мы працавалі аскетычна, бо ў гарах трэба выконваць патрабаванні бяспекі, сачыць, каб усе былі здаровыя. І паспець усё зрабіць у тэрмін. Важна, што ні адзін звер, акрамя рэжысёра, не пацярпеў», — падсумаваў вынікі працы Заур Цагоеў.

Карціна-пераможца — ода прыродзе, якую трэба берагчы, пасыл чалавеку і, зразумела, арыенцір для іншых рэжысёраў, куды варта рухацца, каб твае работы заўважылі. 

Ірына ПРЫМАК

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю