Top.Mail.Ru

Годнае слова пра мастацкую публіцыстыку

12.03.2025 | 07:00

У анатацыі да манаграфіі вядомай літаратуразнаўцы, крытыка, кандыдата філалагічных навук, дацэнта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аліны Сабуць «„Наперад ісці чалавеку гуманнаму...“: беларуская мастацкая публіцыстыка ХХ—ХХІ стагоддзяў» пазначана, што ў выданні аналізуюцца публіцыстычныя творы класікаў беларускай літаратуры і пісьменнікаў больш позняга часу, нашых сучаснікаў: Я. Коласа, З. Верас, Я. Купалы, М. Гарэцкага, Цёткі, Л. Клейнбарта, А. Лойкі, Р. Барадуліна, Д. Бічэль, М. Стральцова, Г. Тварановіч, Г. Пашкова, А. Адамовіча, У. Караткевіча і інш. У полі зроку аўтара і вядомыя прадстаўнікі замежнай эсэістыкі XX–XXI стст.: Поль Валеры, Ралан Барт, Вірджынія Вулф, Томас Ман, Жан Поль Сартр, Альбер Камю і інш. 



Даследчыца ставіла перад сабой задачу — шматграннае параўнальна-тыпалагічнае спасціжэнне спецыфікі беларускай мастацкай публіцыстыкі праз ідэйна-тэматычны і жанрава-стылёвы рэсурсны дыяпазон, а таксама праз пэўныя мадэлі і канцэпты публіцыстычнага мыслення. У досыць шырокім ракурсе агучваецца думка аб пераемнасці нацыянальнай мастацкай публіцыстыкі пазнейшай плеядай айчынных творцаў, аб прызнанні самадастатковасці беларускай мастацкай публіцыстыкі ХХ—ХХІ стст. у кантэксце сусветнага літаратурнага працэсу, што паглыбляе ўсведамленне аксіялагічнага аспекту нацыянальнай медыяпрасторы, дазваляе вылучыць спецыфіку беларускага мастацкага публіцыстычнага майстэрства ў сістэме міжкультурных камунікацый. 

Светапоглядная канцэпцыя беларускай мастацкай публіцыстыкі ХХ—ХХІ стст. справядліва разглядаецца А. Э. Сабуць з улікам нацыянальнай спецыфікі ідэйна-эстэтычных асноў мастацкай творчасці. У першых двух раздзелах прадстаўлена навуковая метадалогія жанравай прыроды эсэ i нарыса як вядучых жанраў мастацкай публіцыстыкі (еўрапейскай і нацыянальнай). У трэцім і чацвёртым вызначаны жанрава-тэматычны сінтэтызм нацыянальнай мастацкай публіцыстыкі XX–XXI стст. як мадыфікаванай літаратурнай канструкцыі (эсэ-партрэт, эсэ-дзённік, эсэ-замалёўка, эсэ-нарыс, эсэ-аповесць, раман-эсэ і інш.), прааналізаваны ідэйна-тэматычныя (аўтабіяграфічныя, падарожныя, праблемныя, партрэтныя, літаратурна-крытычныя i інш.) рэсурсы эсэ i нарыса згаданага перыяду. 

Важным па канцэптуальнай значнасці і навізне матэрыялу з’яўляецца чацвёрты раздзел «Канцэпты і мадэлі як модусы публіцыстычнай мастацкасці», дзе абгрунтавана сістэматызаваны ключавыя нацыянальныя канцэпты (чалавек, дом/хата, дух/душа, мова, шлях, дарога, народ, праўда, край/радзіма і інш.) i мадэлі («чалавечае вымярэнне», «дарога-шлях» / «беларускі шлях», «радзіма / зямля / край», «малая радзіма», «краязнаўства→краіназнаўства (радзімазнаўства)→Сусвет», «самасць» і інш.) як модусы публіцыстычнай мастацкай славеснасці, якія ствараюць камунікатыўнае адзінства i выглядаюць асноватворнымі беларускай ментальнасці. 

У заключным, пятым, раздзеле лагічна асэнсоўваецца паэтыка дыялогавых мадэляў і рэсурсаў (пытальна-адказавы ход, маналагічнасць, полілагічнасць, лірызацыя і філасофскі суб’ектывізм), што шмат у чым дазваляе вызначыць спецыфіку культурнага кода беларускай мастацкай публіцыстыкі ХХ—ХХІ стст. Слушна падкрэслена, што публіцыстычны тэкст выступае ў якасці даволі прадукцыйнай формы ўсталявання дыялогавых адносін, наладжвання цеснага ўзаемадзеяння суб’екта творчасці з сацыякультурным кантэкстам, сістэмай інтэртэкстуальных праяў, рознаскіраваных і рознамаштабных стасункаў з навакольным светам. Даследчыца апелюе да аўтарытэтнага філолага, мысляра М. М. Бахціна, паводле меркавання якога грамадскае жыццё ўяўляе сабой адзіны вялікі дыялог, полісуб’ектнае шматгалоссе, поліфанію. У літаратуры, у нашым выпадку ў мастацкай публіцыстыцы, ствараецца таксама асаблівая прастора ўзаемадзеяння, камунікатыўнасці, дыялогу — сэнсавая прастора адносін, якая становіццца светапогляднай перадумовай універсальнага дыялогу, спрыяе гуманізацыі і гуманітарызацыі духоўнага жыцця грамадства. Акрамя таго, камунікатыўна-дыялогавыя і палілогавыя стасункі закліканы прыўносіць новыя сэнсавыя і змястоўныя адценні ў структурна-семантычнае ядро твора. У гэтай сувязі аўтар манаграфіі робіць слушную заўвагу, што беларуская мастацкая публіцыстыка акрэсленага перыяду прадстаўлена выразна сцвярджальным аўтарскім «я» ў дыялогавых адносінах, што падкрэслівае важную для публіцыстычнага тэксту інтэрсуб’ектыўнасць і сведчыць пра камунікатыўнае ўзаемадзеянне суб’екта творчасці з разнастайнасцю кантэкстаў — гісторыка-культурным, філасофскім, сацыякультурным і г. д. Узаемадзеянне суб’екта творчасці з аб’ектным светам становіцца вызначальным і факусавальным фактарам мастацкага светаўспрымання. У шматлікіх дыялогавых мадэлях, прадстаўленых у публіцыстычных тэкстах, адбываюцца інтэрыярызацыя і індывідуальнае праламленне, пераасэнсаванне творчай асобай рэчаіснасці і стварэнне яе мастацкай мадэлі ў выніку ўнутранага асэнсавання, аўтарскай рэфлексіі. 

На падставе праробленай працы Аліна Сабуць слушна сцвярджае: у беларускай мастацкай публіцыстыцы пераважаюць персанальныя тыпы-мадэлі мастацкага мыслення, што наўпрост уплывае на фарміраванне аксіялагічна-светапогляднага статусу суб’екта, выпрацоўку ім уласнай каштоўнаснай пазіцыі, якая пры пэўных акалічнасцях можа набыць якасць пэўнай мадэлі арганізацыі каштоўнасна-светапогляднай сістэмы грамадства, здольнай уплываць на маральна-духоўны статус асобы. 

Матэрыял дадзенага выдання пададзены аргументавана, лагічна і даступна, пэўным чынам актывізуе ацэначныя дыскусійныя погляды. У заслугу аўтару даследавання можна паставіць плённае выкарыстанне навуковых здабыткаў не толькі літаратуразнаўства, але і культуралогіі, што адпавядае сучасным навуковым патрабаванням да гуманітарных даследаванняў. 

Практычная значнасць навуковага выдання відавочна ў магчымасці плённага выкарыстання атрыманых навукова-тэарэтычных высноў у літаратуразнаўчых даследаваннях, у практыцы выкладання літаратурных дысцыплін на філалагічных факультэтах ВНУ (творчыя партрэты многіх пісьменнікаў-публіцыстаў уключаны ў вучэбныя тыпавыя праграмы па профільных дысцыплінах). 

Дадзеная праца носіць праблемны характар, мае пэўныя перспектывы далейшага вывучэння беларускай мастацкай публіцыстыкі ХХ—ХХІ стагоддзяў, яе рэцэпцыі ў сусветным кантэксце. 

Валерый МАКСІМОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю