Top.Mail.Ru

Глеб Отчык: Мы належым да адной супольнасці

Аўтар: Ларыса Цімошык
24.01.2025 | 15:32

Беларускі саюз мастакоў — адна з найстарэйшых творчых арганізацый, скіраваная на стварэнне і захаванне мастацкіх каштоўнасцей краіны. Але не менш важны досвед існавання ў розныя часы: саюз вядзе сваю гісторыю з далёкага 1938 года, а некаторыя яго сябры маюць нават больш гадоў за плячыма і маглі б распавесці пра тое, як час уплывае на творцаў і мастацтва. Таму што вядомы моманты ў гісторыі, калі асобныя мастакі былі ўдзельнікамі і сведкамі драматычных падзей. Вядомы і моманты, калі выбар мастацкі і маральны ішлі поруч, а голас творцаў быў важкім у грамадстве. У апошнія гады ў беларускай мастацкай прасторы таксама адбываецца трансфармацыя, якую адчуваюць і самі творцы, і людзі, якія сочаць за выстаўкамі. Хочацца зразумець: якія арыенціры для сябе бачыць адзін з найбуйнейшых творчых саюзаў краіны?

Чым жыве цяпер арганізацыя? Пра гэта распавёў яе старшыня Глеб Отчык.



— Падзеі, якія адбыліся за апошнія пяць гадоў, пачынаючы з пандэміі, а пазней і ў грамадстве ды ў геапалітыцы, не маглі не адбіцца на нашай працы. Калі мяняецца геапалітычная сітуацыя ў свеце, то гэта так ці інакш закранае кожнага чалавека і на мастаках, натуральна, адбіваецца. Нездарма яркія творы часта нараджаліся ў моманты сацыяльных зрухаў. 

У цяжкія часы яны падштурхоўваюць да асэнсавання падзей, заклікаюць азірнуцца ў мінулае, збіраць камяні і ісці наперад. Вось і мы яшчэ раз звярнуліся да гісторыі, да беларускага кода, да самасвядомасці: хто мы сёння ў вялікай геапалітычнай сітуацыі? У нас цяпер з’яўляюцца новыя праекты і напрацоўкі, мы шмат што добрае згадваем з савецкай мадэлі работы. 

Разам з Міністэрствам культуры аднаўляем сістэму, пры якой існаваў сацыяльны заказ: мастакі малююць на патрэбную актуальную тэму, і з’яўляюцца выстаўкі з канкрэтнай тэматыкай. 

Магу сказаць, што за апошнія пяць гадоў мы кансалідавалі наш саюз. Асаблівую ўвагу ўдзялілі абласцям, не шкадуючы ні сродкаў, ні тэхнікі, ствараючы адмысловыя праекты. Гэта дало павелічэнне ў восем разоў колькасці праектаў з нашай прысутнасцю ў абласных цэнтрах, у раёнах. Любы раённы конкурс ці творчыя пленэры мабілізуюць мастацкую супольнасць рэгіёнаў, дзе адбываюцца выстаўкі і творчыя сустрэчы, асабліва каштоўна, калі падключаюцца дзеці. Напрыклад, падчас пленэру ў Свіслачы я ладзіў майстар-клас у мастацкай школе, дзе распавядаў пра сваю творчасць, а пасля яшчэ больш за гадзіну дзеткі задавалі пытанні. Такі дыялог, што ідзе па ўсёй краіне, вельмі важны: гэта наша будучыня, якую трэба выхоўваць. Менавіта дзеля гэтага ствараецца шэраг манументальных работ, толькі Гомельскі мастацкі камбінат рэалізаваў у вобласці тры праекты за апошнія два гады: музей у Азарычах, музей у Але, музей, прысвечыны дзецям вайны. А яшчэ і пленэр быў, арганізаваны разам з Міністэрствам культуры. Калі я зайшоў паглядзець музей у Азарычах, сустрэў на экскурсіі групу сувораўцаў, некалькі хлопцаў плакалі... Разумею, чаму пасля і ў нашых мастакоў на вачах бачыў слёзы. Думаю, пасля наведвання такіх музеяў яны будуць па-іншаму мысліць, нават у сваім мастацтве. Будуць лепш адчуваць і разумець каштоўнасць таго, што мы маем. Бо цяпер у свеце ідзе інфармацыйная вайна, яна даволі гарачая, адбіваецца і на псіхалогіі чалавека, і на мастацтве. Але мы важныя пункты ўжо прайшлі і маем разуменне, з чым рухацца далей. Адказы ёсць у беларускім мастацтве. 

Нашы калегі з іншых краін адзначаюць адметнасць беларускага мастацтва. Мы шмат праектаў робім з творцамі Узбекістана, Кітая, Расіі — з Ніжняга Ноўгарада, Варонежа. Разумеем: у нас ёсць самабытная школа, не падобная ні на адну іншую. Гэта цэніцца ва ўсім свеце, нас з задавальненнем запрашаюць да супрацоўніцтва. Куды б нашы скульптары і жывапісцы ні паехалі, яны атрымліваюць добрыя водгукі, напрыклад, так было ў Турцыі ды Азербайджане. Ніколі не чуў, каб хтосьці раскрытыкаваў творцаў-беларусаў — у нас наогул унікальны народ са сваёй школай, са сваім характарам. Таленавіты народ. 

— На з’ездзе саюза была скасавана маладзёжная секцыя. Моладзі стала менш? 

— Наадварот, cёння мы набіраем шмат моладзі. Калі раней 4–6 чалавек за год, то цяпер 36 папаўняюць шэрагі арганізацыі. Моладзь да нас пацягнулася, бо ёсць разуменне, што саюз не толькі для сталых асоб, а гэта менавіта стартавая пляцоўка, дзе можна не проста атрымаць камунікацыю — яна дапамагае выстаўляцца, зарабіць грошы. Таму што мы прыцягваем моладзь да работы на важных музейных аб’ектах. Пасля гэтага маладыя па-іншаму мысляць. Нават студэнты акадэміі, якія лепяць барэльефы загінулых вайскоўцаў, кантактуюць са сваякамі, каб дасягнуць партрэтнага падабенства. І ў іх трымціць сэрца, яны пачынаюць па-іншаму ацэньваць сусветную сітуацыю. Магу сказаць пра сябе: шмат глядзеў на абразы ў музеях, але калі сам паспрабаваў распісаць храм ці стварыць ікону, то з’явілася іншае бачанне. Мы прынялі рашэнне аб ліквідацыі названай секцыі, але гэта робіцца не адразу. Маладыя людзі, якія ўступаюць у маладзёжную секцыю, будуць замацоўвацца за іншымі. Напрыклад, калі манументаліст быў у маладзёжнай секцыі, то пяройдзе ў секцыю манументальнага мастацтва. Мы хочам зрабіць сістэму кандыдатаў: калі за два гады чалавек даказаў сваімі выстаўкамі і працай, што варты быць у арганізацыі, то не трэба паўторна збіраць дакументы, ён аўтаматычна прыходзіць у дарослую секцыю. Палажэнне аб гэтым распрацоўваем, мяркую, на найбліжэйшым савеце зацвердзім. 

— Ваш бацька — адзін з найстарэйшых членаў саюза. У творчых сем’ях бывае так, што нехта стаіць на пазіцыях рэалістычнага мастацтва, нехта — на наватарскіх. У вашай сям’і як вырашалася гэтая праблема? 

— Тата пераадолеў сямідзесяціпяцігадовую мяжу, была яго юбілейная выстаўка ў галерэі Савіцкага. 

У бацькі былі розныя перыяды. Ён прафесійна займаўся плакатам, яго работы ёсць у вядучых музеях Японіі. Займаўся абстрактным мастацтвам, а цяпер вярнуўся да класічнага. Думаю, што самы галоўны сакрэт у мастацтве — каб яно было шчырым. Калі яно ідзе ад душы, то не важна, як ты што малююеш: работы будуць гіпнатызаваць, захопліваць, чапляць. Напэўна, гэта найгалоўнейшы прынцып. У нас з бацькам няма на гэты конт гарачых спрэчак.

— А ў саюзе? 

— Раней былі: гэта — мастацтва, а тое — не мастацтва... Цяпер такі час, што мы не павінны раздзяляць, трэба, наадварот, кансалідаваць. Мы павінны даць магчымасць кожнаму выказацца. Для нас мае каштоўнасць кожны сябар. Нехта, можа, пакуль не здзіўляе, але калі даць яму магчымасць выстаўляцца, забяспечыць максімальную падтрымку, то ён можа «выстраліць». 

У нас няма падзелу на добрых і дрэнных мастакоў, няма прадузятага стаўлення да кагосьці. Для мяне ўсе дарагія, у роўных умовах. Таму найбольш складаны момант, калі адбываюцца вылучэнні на дзяржаўныя ўзнагароды, на медалі, бо кожны мастак мае індывідуальнасць, якую хочацца адзначыць граматай ці нейкай узнагародай... У нашай сітуацыі акрамя таго, што ты кіраўнік, менеджар, гаспадарнік, трэба быць яшчэ і псіхолагам. Таму што нашы мастакі — людзі тонкай душэўнай арганізацыі, вельмі ранімыя, іх паводзіны і творчасць часам мяняюцца ў залежнасці ад сезона. Але мы стараемся даваць усім магчымасць гаварыць на мове мастацтва. 

— Вы кажаце, што ваша задача — зрабіць саюз для кожнага. Але гэта вялікая колькасць людзей... Канкурэнтнае асяроддзе на карысць творчасці ці перашкаджае?

— На сёння ў нас каля 1200 членаў саюза мастакоў, 10 унітарных прадпрыемстваў. Канешне, з-за вялікай загрузкі ахапіць усіх фізічна не зможам, нават калі вельмі захочам. Але ёсць знакавыя праекты, куды запрашаем усіх. Канкурэнцыя насамрэч на карысць. Напрыклад, другі год мы рабілі сумесны праект з Мінскім веласіпедным клубам — «Viva kola art». Адчуваем канкурэнцыю і азарт мастакоў з абласцей (ёсць пераможцы з Гомельскай вобласці, з Магілёўскай, з Гродна). Мне падабаецца, што людзі пачалі атрымліваць грашовыя прызы, узнагароды — і гэта спрыяе канкурэнцыі. Першы раз было менш за 200 заявак, а цяпер больш за 500, што сведчыць: мы ўзрушылі грамадства. А ідэя нарадзілася, калі мы былі з міністрам культуры ў Казахстане, сустракаліся з іх міністрам спорту і культуры. Там аб’яднанае міністэрства. Я падумаў: а чаму б і не паспрабаваць?.. Спачатку была веласіпедная тэма, а цяпер дадалі яшчэ шэсць федэрацый. Паспрабавалі канкурэнтнае асяроддзе — і атрымалася. У нас, на жаль, ужо даўно не было трыенале сучаснага мастацтва. Але ў наступным годзе, спадзяюся, вернемся да яго. Таму што канкурэнцыя дае добры плён.

— Заўважны момант: цяпер стала больш выставак беларускай класікі, калі звяртаюцца да вядомых імёнаў. Чаму гэта адбываецца?

— Калі я прыйшоў у саюз мастакоў, для мяне было вельмі балюча бачыць, у якім стане знаходзяцца нашы фонды. Калі быў першым намеснікам старшыні, то асабіста іх вывучаў і нават пацярпеў з-за таго, што дыхаў пылам — кашаль дагэтуль ёсць. Два гады з калегам Леанідам Хобатавым прыводзілі ўсё да ладу. Цяпер гэтую працу працягнулі прафесійныя спецыялісты, якіх мы ўзялі ў штат. У нас ёсць музейная праграма, усе работы пачышчаны, алічбаваны, упакаваны ў скрыні. І магу сказаць, што за год мы правялі амаль 50 выставак з нашай калекцыі. Нават у маім кабінеце вісіць класіка — творы Віталя Цвіркі. І калі глядзіш, то разумееш, што ў гэтых работах ёсць праўда. Праўда аб жыцці, аб роднай зямлі. Ёсць праўда светаадчування. Калі мне цяжка прыняць рашэнне, я гляжу на гэтыя работы, і яны падказваюць. 

Згадваю сустрэчу з Леанідам Дзмітрыевічам Шчамялёвым, калі нам яшчэ ўдалося павіншаваць яго з 9 Мая. Калі арыентуешся на такіх асоб, як Леанід Шчамялёў ці Васіль Шаранговіч, думаеш: а як бы зрабілі яны? Тады лёгка прымаць рашэнне. Класіка — своеасаблівы касмічны беларускі код, які забяспечвае повязь пакаленняў. Калі глядзіш на работы Міхаіла Савіцкага, разумееш, які боль перажыў наш народ, таму не можаш здраджваць яму. Гэта важна, каб не здрадзіць самім сабе. А здрада можа адбывацца і ў мастацтве, у тым ліку, калі людзі пачынаюць падманваць. Таму я кажу пра шчырасць у мастацтве: абстрактным ці класічным, любым, але яно павінна быць шчырым. 

— З вуснаў кіраўніка дзяржавы часта гучыць, што мастацтва павінна працаваць на дзяржаўнасць. Якім чынам, на вашу думку? 

— Мова мастацтва заўсёды была магутным ідэалагічным інструментам. Калі гаварыць пра дзяржаўнасць і патрыятызм, то ў Палацы мастацтва працуе адметны праект: пра тое, што мы стварылі за 30 гадоў пачынаючы з 1994-га. А гэта шмат знакавых аб’ектаў, сярод іх помнікі вайны і гісторыі: Трасцянец, Боркі, Ала, Музейны комплекс «Хатынь», Азарычы, Гродзенскі замак, Нясвіжскі, Мірскі... А таксама Палац Незалежнасці, Вярхоўны суд, Нацыянальная бібліятэка. Манументальныя творы мастацтва сведчаць: мы разам з дзяржавай. Так атрымалася, што нам стварылі камфортныя ўмовы, але не навучылі казаць «дзякуй». Шмат якія мастакі былі ў вольным плаванні, самі па сабе. Адзінкі з’ехалі за мяжу — ды ці здабылі там шчасце? Але людзі, якія засталіся на Радзіме, шмат што пераасэнсавалі апошнім часам, яны хочуць працаваць і даказваць сваю прыналежнасць Беларусі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю