Унікальная выстаўка, прысвечаная мастацтву фарфору, працуе ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Праект арганізаваны ў супрацоўніцтве з Кітайскім цэнтрам міжнароднага культурнага абмену і прасоўвання турызму, Кітайскім культурным цэнтрам у Мінску, Адміністрацыяй павета Дэхуа, Цэнтрам развіцця керамічнай прамысловасці павета Дэхуа.
Павет Дэхуа знаходзіцца ў горадзе Цюаньчжоу правінцыі Фуцзянь на паўднёвым усходзе Кітая.
- У 2015 годзе Сусветны савет рамеснікаў ААН надаў павету званне сусветнай сталіцы фарфору, а ў 2021 тэхналогія вырабу дэхуаньскага фарфору была занесена ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Разам з печамі для абпальвання керамікі Дэхуа, печы «Цюйдоўгун» і «Вэйлінь-Нэйбань» сталі першымі аб’ектамі Сусветнай культурнай спадчыны, звязанымі з печамі для абпальвання фарфору. Трэба заўважыць, што печы «Цюйдоўгун» адлюстроўваюць прагрэс і развіццё тэхналогій абпальвання ў эпоху дынастыі Сун і Юань, а дзякуючы чатыром печам, знойдзеным падчас археалагічных раскопак на тэрыторыі Вэйлінь, даследчыкі змаглі прасачыць амаль поўную гісторыю развіцця печаў Дэхуа — ад печы «луньяа» (у перакладзе «печ цмока») у перыяд дынастый Сун і Юань да печы класа Хэншы дынастый Мін і Цін.
За больш чым 3700 гадоў гісторыі вытворчасці фарфору павет Дэхуа стварыў керамічную культуру з глыбокімі традыцыямі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, і разнастайнасцю, у якой гарманічна спалучаюцца розныя стылі. Рэгіён багаты на каалін найвышэйшай якасці, дзякуючы чаму вытворцы атрымліваюць беласнежны фарфор, пра які кажуць, што ён тонкі, як папера, гучны, як званочак, вытанчаны, як нефрыт.
Мясцовыя рамеснікі стварылі першы гліняны посуд яшчэ ў эпоху неаліту і працягваюць захоўваць традыцыі стварэння керамічных вырабаў на працягу стагоддзяў. Фарфор Дэхуа, вядомы ў Еўропе пад назвай «кітайская белізна», славіцца сваёй паўпразрыстасцю і пяшчотнай тэкстурай, а яшчэ мае такую ўласцівасць, як малая колькасць аксіду жалеза ў гліне, што дазваляе абпальваць яго ў акісленай атмасферы да цёплага белага колеру ці колеру слановай косці пры тэмпературы больш за 1000 градусаў. Адной з асаблівасцей керамікі Дэхуа з’яўляецца яе прастата, чысціня і элегантнасць формаў: на працягу стагоддзяў майстры канцэнтраваліся на стварэнні як утылітарных, так і дэкаратыўных вырабаў, надаючы асаблівую ўвагу адценням белага і вытанчанасці ліній. Пачынаючы з марскога шаўковага шляху пры дынастыях Сун і Юань і да сучаснага будаўніцтва сухапутнага маршруту «Адзін пояс — адзін шлях», фарфор карыстаецца шырокай папулярнасцю ва ўсім свеце і ўвасабляе кітайскую культурную канцэпцыю міру, сяброўства і абмену прыгажосцю. Кераміка павета Дэхуа з’яўляецца важным экспартным таварам Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Арганізатары выставачнага праекта адабралі больш за сто работ трыццаці мастакоў — цудоўныя шэдэўры сучаснага фарфоравага мастацтва. У экспазіцыі прадстаўлены як творы ад майстроў керамікі, фарфоравыя падарункі дзяржаўнага ўзроўню, так і вырабы масавай вытворчасці: дэкаратыўныя сувенірныя статуэткі, посуд і іншыя прадметы побытавага прызначэння, створаныя па старажытных тэхналогіях. Наватарскі падыход ў вытворчасці дэхуаньскага фарфору дэманструюць 3D-галаграмы, тлумачальныя тэксты і фотаматэрыялы, якія суправаджаюць выставачныя экспанаты.
Тэматычная накіраванасць твораў ахоплівае розныя сферы чалавечага жыцця: побыт, звычаі і традыцыі, спорт, міфалогія, нацыянальныя і міжнародныя святы, гісторыя і культура рэгіёна і ўсёй краіны, сучасныя трэнды сярод дзяцей і моладзі і шмат іншага.
Дзякуючы сваёй багатай гісторыі, унікальнаму цёпламу беламу колеру і акцэнту на прастаце і элегантнасці дызайну кераміка Дэхуа з’яўляецца неад’емнай часткай у мастацтве кітайскага фарфору. Дэхуаньскі фарфор выконвае важную місію па культурным абмене паміж Кітаем і іншымі краінамі свету — Беларусь не стала выключэннем. Гістарычныя даведкі і фотаматэрыялы, змешчаныя ў экспазіцыі, дапамагаюць беларускай частцы наведвальнікаў бліжэй пазнаёміцца з багатай культурай Паднябеснай і, у прыватнасці, са знакамітым мастацтвам кітайскага фарфору. Вытанчаныя экспанаты, якія адначасова нясуць ў сабе традыцыі мінулага і тэндэнцыі сучаснасці, паказваюць бесперапынную сувязь паміж культурнай спадчынай і падзеямі сённяшняга дня. Быццам мост паміж «учора» і «заўтра», яны пераносяць гледача ў прастору, дзе час не мае значэння, перад вачыма толькі сэнс — ачышчаны, аголены, але шматслойны.
Праект працуе да 30 лістапада