У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася прэзентацыя новага выдання твораў Янкі Маўра — зборніка апавяданняў «Завошта?»
Кніга пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь», прымеркавана да юбілейнай даты — 80-годдзя Вялікай Перамогі. Яе ўкладальнікамі з’яўляюцца старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч і праўнучка Янкі Маўра і Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч, аўтар гэтых радкоў.
Прэзентацыя невыпадкова была арганізавана для вучняў гімназіі № 37 г. Мінска. 15 мая 2025 года ва ўстанове адукацыі быў адкрыты музей сына Янкі Маўра — выдатнага вучонага ў галіне тэарэтычнай фізікі, акадэміка Фёдара Іванавіча Фёдарава — «Лабараторыя высокіх энергій». Падчас імпрэзы дзеці сустрэліся з унучкай Янкі Маўра і Якуба Коласа Марыяй Міцкевіч, якая дапамагала ствараць музей. Яна падзялілася ўспамінамі аб жыцці і творчасці сваіх знакамітых дзядуль, правяла цікавую віктарыну, прадэманстравала ўдзельнікам мерапрыемства асабістыя рэчы Янкі Маўра, якія беражліва захоўваюцца ў сямейным архіве.
Янка Маўр — пачынальнік беларускай літаратуры для дзяцей і юнакоў, тонкі знаўца душы маленькіх чытачоў, які так яскрава
і маляўніча распавядаў ім пра далёкія краіны, падарожжы. Аповесцямі пісьменніка «Палескія рабінзоны», «У краіне райскай птушкі», «Амок», «Сын вады» зачытваліся многія пакаленні ўдзячных чытачоў. З дзяцінства запалі ў душу такія апавяданні Янкі Маўра, як «Слёзы Тубі», «Незвычайная прынада», «Багіра», «Падарожжа ад школы да дому», «Бунт звяроў», «Драўляная лыжка» і іншыя. На жаль, апавяданні Янкі Маўра даўно не друкаваліся асобна, выходзілі пераважна разам з аповесцямі аўтара. «Завошта?» стала доўгачаканай навінкай для ўсіх прыхільнікаў творчасці пісьменніка і новага пакалення юных чытачоў. Выданне арыентанавана на дзяцей малодшага школьнага ўзросту.
У творчай скарбонцы Янкі Маўра ёсць не толькі творы прыгодніцкага, навукова-пазнавальнага і фантастычнага жанру, але і напісаныя на ваенную тэматыку.
Адной з самых кранальных кніг у беларускай літаратуры стала кніга ўспамінаў беларускіх дзяцей аб вайне «Ніколі не забудзем», рэдагаваннем якой Янка Маўр займаўся сумесна з Пятром Рунцом на працягу 1946–1948 гадоў. Прадмову да кнігі напісаў народны паэт БССР Якуб Колас. Выданне, якое пабачыла свет у 1948 годзе, атрымала высокую ацэнку не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.
Пасля вайны Янка Маўр напісаў цыкл апавяданняў аб трагічных выпрабаваннях, якія давялося перажыць дзецям у ваенныя гады. «Сям’я», «Дом пры дарозе», «Запіска» і сёння кранаюць душу і сэрца чытачоў.
Зборнік «Завошта?» аб’яднаў пяць апавяданняў. Ён раскрывае пяць гісторый жыцця і змагання з ворагам у гады ваеннага ліхалецця. Кожны твор напоўнены сапраўднымі перажываннямі, рэалістычна адлюстроўвае падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якая цяжкім выпрабаваннем прайшла праз лёсы галоўных герояў — дзяцей.
Апавяданні «Максімка» і «Васілёк» парадуюць чытачоў добрым заканчэннем, тры астатнія напоўняць сэрца хваляваннямі: складана будзе стрымлівацьслёзы. Але толькі праз боль і слёзы можна пісаць пра вайну без прыкрас. Апавяданне «Завошта?», якое і дало назву зборніку, грунтуецца на рэальных падзеях. Гэтым творам Янка Маўр адгукнуўся на бяду свайго сябра, калегі па пяры Міхася Лынькова: жонка і сын пісьменніка загінулі ў Трасцянцы.
Апавяданне «Невядомы герой» упершыню было надрукавана ў 1947 годзе ў часопісе «Бярозка» і ў іншыя зборнікі і збор твораў Янкі Маўра не ўваходзіла.
Апавяданне «На рацэ Бярэзіне», якое ўвайшло ў зборнік, стане сапраўдным падарункам для чытачоў, бо друкуецца ўпершыню.
Зборнік апавяданняў Янкі Маўра «Завошта?» ўразіць і запомніцца сваёй праўдзівасцю, майстэрскі перададзенымі аўтарам выпрабаваннямі і перажываннямі ваеннага часу.
Васіліна МІЦКЕВІЧ