— Зрабіць фільм мяне натхніў палёт у космас Марыны Васілеўскай, бо гэта была знамянальная падзея для ўсіх нас. Разам з тым не толькі касманаўты, але і вялікая колькасць іншых людзей працуе ў гэтай галіне ў нашай краіне, — расказаў перад прэм’ерай рэжысёр кінастужкі Дзмітрый Лось. — Падчас работы над кінастужкай мы якраз і пазнаёміліся з такімі героямі, таксама ў працэсе звярталіся да архіўных матэрыялаў. Хранаметраж у нас 26 хвілін, і, калі толькі рыхтаваліся да здымак, некаторыя казалі, што немагчыма так доўга распавядаць пра беларускі космас, маўляў, дзе вы столькі матэрыялу знойдзеце? А цяпер я ўпэўнены: на гэтую тэму можна цэлую серыю фільмаў зрабіць, бо вельмі многае робіцца людзьмі і дзяржавай. Вядома, не пра ўсё можна распавесці, паколькі гаворка аб перадавых тэхналогіях. Таму мы засяродзіліся на людзях. Для мяне беларускі космас — гэта размова пра нашу душу, пра працавітасць, цярпенне, міралюбівасць, а не проста лічбы і даты.
Яшчэ рэжысёр выказаў думку, што, магчыма, фільм дасць гледачам стымул для іх уласных здзяйсненняў, у тым ліку і ў акрэсленай тэме. «Наш космас» — наглядны прыклад для маладых людзей, які паказвае важнасць і перспектыўнасць касмічнай галіны.
Вядома, ва ўяўленні многіх, калі спытаць іх пра ўнёсак нашай краіны ў асваенне космасу, узнікаюць вобразы Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка, Алега Навіцкага і Марыны Васілеўскай. Аднак подзвіг герояў-касманаўтаў з’яўляецца толькі вяршыняй вялікай піраміды ўкладу беларусаў у асваенне космасу. З моманту першых смелых спроб стварэння лятальных апаратаў, здольных пераадолець зямное прыцягненне, разам з геніяльнымі расійскімі вучонымі і канструктарамі працавалі іх беларускія калегі. І сёння шэраг канструктарскіх элементаў, прыбораў і абсталявання, якія выкарыстоўваюцца ў лятальных апаратах, з’яўляюцца прадуктам інтэлектуальнай працы вучоных і спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і іншых вядучых навуковых цэнтраў краіны. Апераджаючы час, прадстаўнікі беларускай моладзі разам з расійскімі равеснікамі праходзяць вучэбныя трэніроўкі па праграме палёту на Месяц... Пра гэтыя і іншыя вядомыя і невядомыя старонкі беларускай касмічнай адысеі ў фільме Дзмітрыя Лася распавядаюць самі аўтары адкрыццяў і ўнікальных інжынерных распрацовак, многія з якіх глядач упершыню ўбачыць на вялікім экране.
Фільм кожным эпізодам пацвярджае, што калі ў чалавека ёсць мэта, то яму скараюцца любая вяршыня і вышыня. Ён можа нават даляцець да зор. Тут і цяпер глядач бачыць вядомых касманаўтаў, але ў той жа час усведамляе, які шлях кожны з іх прайшоў, каб пераадолець зямное прыцягненне, каб вярнуцца дадому сапраўдным героем.
Асаблівую цеплыню кінастужцы надаюць малавядомыя «нябесныя» і «зямныя» кадры з удзелам лётчыкаў-касманаўтаў — выхадцаў з Беларусі. Так, гледачы ўпершыню пачуюць, што сказалі адзін аднаму Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак, калі сустрэліся на арбіце; убачаць, як віталі нябесных першапраходцаў на іх малой радзіме, а яшчэ змогуць паслухаць яркія, эмацыянальныя расповеды Алега Навіцкага і Марыны Васілеўскай пра іх «касмічную працу» і пра тое, як выглядае наша Беларусь з космасу.

— Фільм «Наш космас» — вельмі патрэбная кінастужка, таму што тэмы космасу, выхавання і патрыятызму цяпер надзвычай актуальныя, — адзначыў генеральны дырэктар УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама Уладзімір Карачэўскі. — Гэтая кінапраца дае магчымасць кожнаму ўбачыць яркую стужку пра Беларусь, пра космас і пра гісторыю нашай суверэннай краіны. І мы павінны гаварыць пра нашых герояў, знаёміць з іх дзейнасцю, дасягненнямі, таму што нам сапраўды ёсць чым ганарыцца і за што змагацца.
Прэм’ерны паказ фільма «Наш космас» па ўсёй краіне прайшоў 10 красавіка, і на працягу некалькіх месяцаў убачыць кінастужку на вялікім экране змогуць усе ахвотныя. У стваральнікаў кінакарціны ёсць жаданне працягнуць аповед пра прафесіяналаў касмічнай галіны.