Шмат разоў даводзілася ўдзельнічаць у спрэчках наконт існавання жаночай паэзіі. Паводле такіх заяў, у паэзіі не можа быць не толькі полу, але і шмат чаго яшчэ: характару, тэмпераменту, інтанацыі, усяго, што можна назваць рысамі эстэтыкі, дэталямі паэтыкі... Прасцей з наяўнасцю чытача. У якаснай літаратуры, зразумела, ён быў і будзе заўсёды. Але ёсць фігура не менш важная — лірычная гераіня, ці ледзь не галоўная ўдзельніца гэтага складанага працэсу самаідэнтыфікацыі паэзіі.
Змест зборніка лірыкі Вольгі Норынай (Паўлючэнкі) пад назвай «Cосновая иголка» мае ў сваёй кампазіцыі шэсць раздзелаў: «Поздравительная открытка»,
«Будем кормить наших фениксов...», «Всё равно обо мне и тебе...», «День матери», «На далоні Радзімы маёй Беларусі...», «Колючки». На гэтых тэрыторыях паэтычнага свету, створанага жаночай фантазіяй, лірычная гераіня паводзіць сябе па-рознаму. І кожны раз яна робіць шэраг вельмі важных спраў у літаратурнай гаспадарцы: cтварае ідэйна-тэматычны змест, удзельнічае ў будаўніцтве экспазіцыі (сістэмы ўмоў, у якіх зараджаецца і існуе лірыка); дапамагае аўтару ў рэалізацыі аўтарскай задумы, у паказе аўтарскай пазіцыі; захапляе, зачароўвае, інтрыгуе, пакарае чытачоў.
Творы зборніка адрознівае кампактнасць, лаканічнасць, сама кніга ўяўляе сабой мініяцюрны покет-бук, які можа змясціцца і ў жаночай сумачцы, і ва ўнутранай кішэні пінжака. А ці можа паэзія зборніка змясціцца ў сэрцы чытача, калі яно і без яе ўжо багата рознымі каштоўнымі рэчамі? Прапаную падумаць разам, абапіраючыся на тэксты.
Пяшчотнай душэўнасцю, сяброўскай шчырасцю напоўнены лірычныя прысвячэнні, паэтычныя сувеніры і кампліменты ад паэтэсы: «Супрацоўніцам мінскіх бібліятэк»; «Докшичанам»; «Открытка ко дню рождения» і іншыя. З уласных рэфлексій Вольга Норына стварае горка-іранічны летапіс сучаснасці.
У большасці выпадкаў лірычная гераіня Вольгі Норынай не такая прамалінейная: паэтызаваныя карціны жыцця напоўнены іншасказаннямі, недамоўкамі, намёкамі.
Нечаканая выснова: адным з папулярных матываў зборніка з’яўляецца матыў смерці. Чаму? Хутчэй за ўсё, ён генерыруе неабходны сапраўднаму мастацтву як паветра канфлікт: паміж
радасцю і трагізмам, памылкамі і па-
каяннем, мітуснёй і вечнасцю:
Почему, о Господи, скажи,
Забираешь близких из полёта?
Он ещё не просто мог бы жить,
А, поскольку врач, спасать кого-то.
Больш за тое, матыў смерці ў Вольгі Норынай цесна звязаны з надзвычай важным, сакральным матывам памяці. Яе, светлую, звонкую, па-жаноцку кранальную, разам са сваёй вечнай любоўю лірычная гераіня адрасуе тым, хто сышоў назаўсёды:
Не забыты паэт!
Не пакінуты шэрай журбе.
У ліхтаровым святле дзень твой
снегам адзначаны першым.
З нараджэннем, Мікола!
Мы зноўку вітаем цябе,
Маладым галасам
давяраючы светлыя вершы.
(«На дзень нараджэння Міколы Маляўкі»)
Мне найбольш моцным здаецца раздзел «Колючки», прысвечаны тэме паэта і паэзіі. Тут аўтар дае волю свайму крытычнаму мысленню, а лірычная гераіня, азіраючыся назад, дзеліцца з чытачом сваімі крыўдамі і расчараваннямі. У сілу ўласцівай жанчынам слабасці, павышанай эмацыянальнай экспрэсіўнасці некаторыя вершы са зборніка гучаць даволі востра (магчыма, гэтая якасць хоць неяк збліжае матэрыял з вобразам вынесенай у назву хвойнай іголкі):
Однажды сойдутся концы и начала,
И логики станет железною нить.
Я знаю, когда меня будут печатать!
Когда мне совсем перестанут платить.
Многае ў зборніку Вольгі Норынай здзіўляе. Я ні за што не стаў бы будаваць змест кнігі з твораў на дзвюх мовах уперамешку. У гэтым сэнсе кніга выглядае не да канца структураванай, а работа над яе кампазіцыяй — незавершанай. Не па-жаночы нядбайна паэтэса абыходзіцца з рыфмамі (времена — объяснять; веке — снеге; вещи — свете; гуртом — простой; мох ли — могут, танцев — диване; шыбе — вучыся), а таксама з граматыкай некаторых фармулёвак, напрыклад: «Ей очень нужен снег и мороз» (форма прыметніка павінна быць множнага ліку).
Зборнік Вольгі Норынай «Сосновая иголка» — спроба аўтара ўсвядоміць сябе часткай бязмежнага космасу з пачуццяў, мар і надзей, яркіх перамог і горкіх страт; спроба лірычнай гераіні адлюстраваць шматграннасць жыцця, складанасць лёсаў беларускіх жанчын, суцэльных, актыўных, творчых натур. Гэта кніга-талісман, кніга-споведзь, кніга-запавет. І паколькі жыццё лірычнай гераіні працягваецца, не заканчваецца і творчы пошук паэтэсы. Ад імя чытацкай супольнасці шчыра жадаю шчасця і гармоніі ім абедзвюм.
Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК