Пад адной вокладкай сабраны вершы, розныя па форме і змесце. Сярод класічных рыфмаваных радкоў сустракаюцца «паўбелыя» вершы, свабодныя, з ламаным рытмам і нават верлібры, што надае зборніку нейкую эксцэнтрычнасць, неардынарнасць. А гэта сведчыць і аб неардынарнасці асобы аўтара. Ніна Гарагляд не можа зацыклівацца на адным. Аднатэм’е і беднасць вобразаў — гэта не пра яе. Наадварот, кніга здзіўляе шырынёй мастацкасці і глыбінёй думак. А галоўнае — аўтар не баіцца адкрыць чытачу сваю душу, якая босай ідзе па гэтым няпростым свеце насустрач выпрабаванням, здрадам, але і насустрач дабру і святлу, марам і спадзяванням. Паэтэса занатоўвае перажытыя эмоцыі і пачуцці ў вершаваных радках, бо не можа інакш.
Не кажы мне пра ноч і сон.
Бачыш, Муза прысела
на ўслон.
...Госця знікне пад ранак
шэры.
Застанецца мой боль
на паперы.
Шмат вершаў прысвечана роднаму Палессю, Піншчыне, роднай хаце, дзяцінству. Мне здаецца, што менавіта яны асабліва шчымлівыя, некаторыя з іх немагчыма чытаць без слёз. А тыя, хто нарадзіўся ў вёсцы, змогуць сказаць разам з аўтарам:
Да вытокаў свайго дзяцінства
Я травінкай з асфальта
вярнуся.
Малая радзіма — не проста месца, дзе чалавек нарадзіўся, расце, сталее, але і асяроддзе, якое ацаляе душу. Пра гэта і гаворыцца ў адным з вершаў: «Як словам крыўдным апякуць, // Боль сцішыць родны край».
Для кожнага чалавека не толькі малая радзіма, але, у першую чаргу, маці — гэта асаблівыя пяшчотныя пачуцці любові пры жыцці і незагойны боль пасля страты. Таму рука не падымаецца пазбавіцца рэчаў, якія належалі матулі.
Хустачкі ў крапінку, клетку
Лашчу-мілую рукамі...
Стосік нятленны з куфра —
Мой успамін аб маме.
Нарадзіўшыся на хутары і стаўшы гараджанкай, Ніна Гарагляд не можа жыць без прыроды, без Белавежскай пушчы, якая знаходзіцца недалёка ад Камянца, што стаў родным:
Ад шуму, ад тлуму і злосці
Збягу я з горада ў госці
Да пушчы, да зёлак гаючых.
Тут сэрцу майму не балюча.
Чытаю гэтыя радкі і разумею, што ў іх не проста думкі лірычнага героя, тут споведзь душы аўтара. Дарэчы, многія творы пранізаны яднаннем з прыродай:
...Прынёс свавольнік-вецер
Ад восені паштоўку.
І я пад шэпт дажджу
Той сумны ліст чытаю.
А вецер за акном
Мне на жалейцы грае.
Як жа хораша паэтэса апісвае звычайную непагадзь, якая ў іншага чалавека можа выклікаць дрэнны настрой! А ў Ніны Гарагляд сваё — светлае — успрыманне нават лютаўскага непрыемнага дажджу:
Дождж сняжок счарнелы
дзяўбе.
Заблукала хвілінка ў дзень...
На карчах — хусткі белых
туманаў.
Цёплы люты хмеліць,
дурманіць.
На маю думку, паэт не адбыўся як паэт, калі ў яго творчай скарбонцы няма твораў пра каханне. Іншыя тэмы могуць быць або не — у кожнага свае перавагі, але самыя моцныя эмоцыі чалавек перажывае менавіты тады, калі кахае або сутыкаецца са здрадай. І не заўсёды вершы пра каханне прысвячаюцца нейкаму канкрэтнаму чалавеку. Яны нават часцей пішуцца проста на эмоцыях, якія аўтар перажываў у нейкі час свайго жыцця або калі бачыў пачуцці іншых людзей, іх учынкі, проста марыў пра светлае, узнёслае каханне ці хваляваўся ад прадчування будучага расстання. Здавалася б, пра каханне ўжо ўсё сказана, але знаходжу ў паэтэсы з Камянца: «Пацалункам сатрэш мой смех...» — і разумею: новы цікавы вобраз. І, сапраўды, вершы пра каханне ў яе вельмі разнастайныя.
Чытаючы вершы Ніны Гарагляд, на якую б ні было тэму, разумею: яна заўсёды ішла, ідзе і будзе ісці «з душою наросхрыст...», бо «паэт найбліжэй да Бога. // Ды як лязо — дарога».
Хочацца пажадаць зборніку «Душа мая босая...» вершаў і аўтару: у добры шлях! Спадзяюся, што «босая душа» паэтэсы адгукнецца ў сэрцах чытачоў так, як яна адгукнулася ў маім.
Наталля КАНДРАШУК