Паэзія дванаццатага нумара «Нёмана» напоўнена лірычнасцю, цёплымі, знаёмымі кожнаму вобразамі, пэўнай доляй драматызму і меланхоліі, без якой не абыходзіцца апісанне зімовай атмасферы. Вершы Анатоля Аўруціна сканцэнтраваны вакол вечных тэм — хуткаплыннасці жыцця, самоты па родных мясцінах і вяртання да сапраўдных вытокаў. Яго паэзія спакойная, але, як хвалі на вадзе, здольна ўсхваляваць і захапіць нават самых строгіх крытыкаў. Пісьменнік у асноўным звяртаецца да мінулага, калі ў родным горадзе яшчэ віруе жыццё, а суседзі завітваюць на чаяванне. Утульная і мяккая творчасць Анатоля Аўруціна — добры пачатак для апошняга нумара. Не самотна і не занадта эксцэнтрычна, што дапамагае чытачу лепш паглыбіцца ў атмасферу часопіса. Верш у разуменні аўтара — гэта тое ж адлюстраванне рэчаіснасці. Яго тэмп, рыфму таксама можна знайсці ў звычайным жыцці.
Все по-иному теперь понимается:
Все мы конечны, а жизнь не кончается.
Ждет нас, как божее благословение,
Стихотворение... Тихотворение...
Міхаіл Пазнякоў у нізцы «Гэтая звонкая далячынь» звяртаецца да пейзажнай лірыкі, якая, па меркаванні аўтара, адзіная здольна адлюстраваць сапраўдныя эмоцыі і пачуцці. Кожны чалавек мае на зямлі месца, дзе ён можа ўздыхнуць з палёгкай, адпачыць ад «фальшывых каштоўнасцей і хлусні»... Гэтае месца — сапраўдны партал часу, які можа вярнуць у дзяцінства хоць і на невялічкі тэрмін. Паэзія Міхаіла Пазнякова — настальгія па мінулых днях, меланхалічныя разважанні, якія падводзяць вынікі ўсяго жыцця. Сімвалічныя тэмы, што знаходзяцца па-за часам і прасторай, вельмі падыходзяць для завяршэння складанага і насычанага года.
И поныне являются в утренних снах
Те года, что сквозь жизнь проступают
упрямо.
Эта звонкая даль... Этот светлый
распах...
Эта с хлебом в руках синеокая мама.
Зімовую тэму раскрываюць вершаваныя цыклы Дар’і Дарошкі «Сэрца зімы» і Рамана Айзенштата «Я веру, веру: гэта снег». У паэзіі творцаў — зіма, па якой сумуюць у гэтым годзе ўсе беларусы. Снежная, марозная, з прыгожымі ўзорамі на вокнах і непаўторнымі сняжынкамі, якія адразу растаюць на далонях. Хоць аўтараў і аб’ядноўвае агульная тэма, раскрываюць яны яе па-рознаму. Дар’я Дарошка праз холад і шэрасць зімовых дзён паказвае ўнутраную адзіноту, смутак па марах, якія не збыліся, страх сустрэцца з чымсьці новым. Пісьменніца разважае пра месца чалавека ў Сусвеце, яго прызначэнне, місію... Зіма паўстае не прыгожай парой, а часам суму, калі замярзае ўсё, нават чалавечае сэрца.
Надоела зима, надоели морозы,
Надоела январская белая стынь.
Я хочу инфантильности
нежной мимозы,
Я хочу похотливости солнечных дынь!
Истекай из стекла, поседевшая вьюга!
Испаряйся из глаз,
льдистый морок души!
Ускользни из-под власти предельности
круга —
Ну, давай же, зима,
хоть на что-то решись!
Раман Айзенштат выкарыстоўвае вобраз зімы як магчымасць змяніць жыццё, пачаць з чыстага, як снег, аркуша. Абнуляюцца ўсе поспехі і няўдачы, гора і шчасце. Паэт, як і яго калега Міхаіл Пазнякоў, звяртаецца да прыроды — найлепшага спосабу адлюстраваць змены не толькі ў свеце, але і ў жыцці чалавека. Не абышлося і без кахання, якое ў сцюдзёную зімовую пару напоўнена асаблівай пяшчотай і цеплынёй.
Как выжил я, никто не знает,
Да стоит ли об этом вслух?
Снег на твоих ресницах тает,
От белых не отбиться мух.
А у меня глаза сухие.
Я верю, верю: это снег!
Пусть мы с тобой немолодые,
Но впереди ведь целый век.
Проза снежаньскага нумара падыходзіць для сямейнага чытання. Амаль у кожным творы — адносіны паміж бацькамі і дзецьмі, самыя прыемныя ўспаміны дзяцінства і юнацтва, сапраўдныя каштоўнасці, якія закладваюцца ў сям’і. Пачынае «сямейную» нёманскую сагу «Чырвоны мост» Навума Гальпяровіча (пераклад з беларускай Алега Ждана-Пушкіна). У творы кальцавая кампазіцыя, якая пачынаецца з апісання роднага горада літаратара і заканчваецца тым жа, паказваючы кругаварот жыццёвых падзей і імкненне чалавека вяртацца да вытокаў. Пісьменнік дзеліцца цікавымі гісторыямі з дзяцінства і дарослага жыцця, аб’яднанымі тэмай мужчынскага сяброўства. Аўтар расказвае пра свой пошук сапраўдных сяброў, доўгі шлях да шчырых эмоцый і ўзаемнага даверу. Як пазначана ў пачатку твора, імёны герояў зменены, але сама гісторыя цалкам адпавядае рэчаіснасці. Аповед ідзе ад першай асобы, што ўзмацняе давер да прыведзеных фактаў. У храналагічнай паслядоўнасці — ад дзяцінства да сённяшняга дня — пісьменнік расказвае адразу тры жыццёвыя гісторыі. Спачатку здаецца, што гэта лёгкі ды іранічны твор, аднак паступова апавяданне набывае драматычныя рысы. Гэта ўніверсальная гісторыя, у якой пісьменнік закранае і тэму юнацкага кахання, і першыя сур’ёзныя спрэчкі з сябрамі ды бацькамі, і першы вопыт страты, расказвае пра няўдачы і поспехі. Многія чытачы змогуць знайсці сябе ў пэўных сітуацыях, учынках і эмоцыях.
Апавяданне Валянціны Драбышэўскай «Рыбін тлушч» — пра маленькага хлопчыка Саньку, які доўга хварэў і з-за гэтага павінен быў прымаць рыбін тлушч. Як і кожнаму савецкаму дзіцяці (падзеі адбываюцца ў 60-я гады мінулага стагоддзя), Саньку не падабаліся такія лекі, але бабуля знайшла падыход да капрызнага ўнука. Маці Санькі жыла і працавала ў горадзе, таму рэдка прыязджала ў вёску да сына. Бабуля паабяцала, што матуля прыедзе, калі Санька будзе піць рыбін тлушч. З таго часу прайшло шмат дзён, хлопчык даўно перамог хваробу, але маці ўсё не ехала. Кранальная гісторыя раскрывае тонкасці ўзаемаадносін дзяцей і бацькоў, паказвае шчырасць і наіўнасць дзіцячага сэрца. Горкі рыбін тлушч стаў супярэчлівым сімвалам аб’яднання, надзеі і любові. Апавяданне таксама падзелена на дзве часткі: яркая падзея ў дзяцінстве і яе наступствы ў дарослым жыцці. Здаецца, што гісторыя завяршаецца сумна, аднак пісьменніца праз вобраз анёла паказвае: сувязі з мінулым ніколі не страчваюцца.
Тэму страты і аднаўлення распрацоўвае ў апавяданні «Белая галубка» Таццяна Цвірка. Галоўная гераіня Дамініка прадае хату маці, дзе яна таксама жыла ў дзяцінстве. Дзяўчына не можа вяртацца ў вёску без болю ў сэрцы. Свайго бацьку Дамініка ніколі не бачыла. Матуля абяцала расказаць пра яго, калі дачка будзе выходзіць замуж, але не дачакалася. Яна пакінула Дамініку з гэтай загадкай адзін на адзін, аднак містыка і ўнутраная ўпэўненасць гераіні дапамаглі знайсці адказ на пытанне, якое не давала спакою шмат гадоў.
Другое апавяданне пісьменніцы раскрывае ўзаемаадносіны мужа і жонкі. Банальныя спрэчкі пра грошы, заробак і фінансавую адказнасць, якія гучаць амаль у кожнай сям’і, у гэтым выпадку становяцца адпраўным пунктам для паразумення паміж парай. Антон нарэшце зразумеў пачуцці сваёй каханай, аднак для гэтага яму спатрэбілася не адна спрэчка і шчырая размова з суседам Віцькам. Твор напоўнены лёгкім гумарам, які цесна пераплецены з заўсёды актуальнымі сямейна-бытавымі пытаннямі. Іранічнае апавяданне прыўносіць спакой і лёгкасць у насычаны эмоцыямі снежаньскі «Нёман».
Завяршэнне аповесці Наталлі Канстанцінавай «Зазірні мне ў душу» здаецца больш эмацыянальна напружаным, месцамі нават жорсткім для саміх герояў апавядання. Гэта шматгранная гісторыя, якая закранае важныя грамадскія праблемы, міжасабовыя адносіны і ўнутраныя канфлікты. Аповесць уражвае паваротамі сюжэта, зменамі ў характарах герояў, начаканымі падзеямі. Псіхолаг Насця, якая так старалася стварыць утульную і бяспечную прастору для ўсіх дзяцей у школе, зрабіла памылку (а можа, гэта не яе віна?). А, як вядома, памылкі ў гэтай сферы не дазваляюцца. Насця расчаравалася ў сабе, у сваіх прафесійных якасцях, і гэтае расчараванне было мацнейшае за астатнія пачуцці. Аўтар добра перадае эмацыянальны стан герояў, іх унутраныя перажыванні. Наталля Канстанцінава апісвае не толькі перажыванні канкрэтных персанажаў — пісьменніца закранае і глабальныя праблемы, якія могуць датычыцца многіх. Няўпэўненая, нелюбімая сям’ёй і равеснікамі школьніца Каця знайшла падтрымку ў дарослых мужчын (як яна тады думала). Аўтар раскрывае стыгматызаваную праблему прастытуцыі, прычынамі якой з’яўляюцца выключэнне чалавека з грамадства, дрэнныя адносіны ў сям’і і нянавісць да сябе. Псіхалагічны, моцны і цікавы твор дастойны быць у спісе пазакласнага чытання, каб настаўнікі і вучні, ды і іншыя людзі пачалі больш уважліва сачыць за сваім псіхалагічным станам, сваіх сяброў, калег, сваякоў. Хацелася б больш раскрытай канцоўкі, аднак гэта не псуе агульнага ўражання ад аповесці.
Упершыню ў «Нёмане» апавяданні Івана Мельнікава «Мяне завуць Канда», «Знікненне Лайла Цыльке» і «Шафа». Першыя дзве гісторыі пераносяць чытача на Далёкі Усход. Аўтар спрабуе стварыць таямнічую атмасферу, перадаць цікавыя аспекты замежнай культуры. Аднак, на наш суб’ектыўны погляд, самым цікавым творам пісьменніка з’яўляецца «Шафа». Тут пераплецены цёплыя чалавечыя стасункі з неверагоднымі містычнымі падзеямі. Аўтар любіць дадаць чараўніцтва ў простую шэрую рэчаіснасць. Апавяданне з адкрытым фіналам і вельмі моцным філасофскім падтэкстам, які не кожнаму спадабаецца, аднак сапраўдныя аматары фэнтэзі высока ацэняць падыход пісьменніка.
Рубрыка «Дакументы. Нататкі. Успаміны» парадуе чытача цікавым матэрыялам Міколы Труса «Ад Адама і Марыі: генеалогія творчага прызнання Максіма Багдановіча». Артыкул змяшчае фотаздымкі з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі. Аўтар спасылаецца як на сучасныя даследаванні, так і на матэрыялы ХІХ—ХХ стагоддзяў. Сярод даследчыкаў — бацька паэта Адам Багдановіч, этнограф Расійскай імперыі Міхаіл Дзмітрыеў, Алесь Бачыла з апавяданнем «Дарогамі Максіма Багдановіча» і інш.
Сёння даследчыкаў цікавіць не толькі генеалагічнае дрэва сям’і Багдановічаў, але і пошук невядомых твораў. Вялікае значэнне маюць дакументы, якія дазваляюць рэканструяваць светапогляд, спосаб мыслення герояў.
«Літаратурная садружнасць» знаёміць з тонкасцямі перакладу. Аўтары артыкула «Казахская проза на беларускай мове: праблема перакладу і межы неперакладальнага» — Алесь Карлюкевіч і Святлана Ананьева. «Беларускае і казахскае мастацкае слова шырока вядомы ў сусветнай прасторы. У развіцці казахска-беларускіх культурных узаемаадносін захоўваецца пераемнасць традыцый. Сучасныя аўтары Беларусі і Казахстана мадэрнізуюць мастацкія тэксты, напаўняюць іх разважаннямі пра рэчаіснасць, філасофскімі роздумамі. Літаратуразнаўцы Казахстана ўводзяць у навуковы абарот новыя матэрыялы, даследуюць сучасны літаратурны працэс, актыўна ўключаючы яго ў кантэкст сусветнага развіцця...»
У завяршэнні снежаньскага «Нёмана» — рэцэнзія Вольгі Русілка на кнігу Віктара Шніпа «Нататнік для паэзіі». «Перад намі паэтычны дзённік, дзе кожны верш адзначаны датай напісання („ад рукі“ паэта, што стварае эфект сапраўднасці і датычнасці чытача)».
Зіма яшчэ не скончылася, аднак дванаццаты нумар «Нёмана» можа зрабіць яе больш утульнай, не такой шэрай і самотнай.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА