Top.Mail.Ru

Фотапраект пра акцёраў, якія змагаліся за Радзіму і ўвасобілі гераізм у савецкіх фільмах, праходзіць у галерэі «Універсітэт культуры»

Аўтар: Лізавета Крупянькова
25.08.2025 | 07:00

Да 1 верасня ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» працуе фотапраект «Яны змагаліся за Радзіму: героі вайны — героі экрана ў фотааб’ектыве Міколы Гнісюка», прысвечаны выдатным акцёрам савецкага кінематографа, якія былі героямі не толькі на экране, але і самі прайшлі франтавымі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны.


Праект прымеркаваны да 80-годдзя Вялікай Перамогі і аб’ядноўвае мастацтва і памяць, паказваючы, як асабісты вопыт вайны стаў асновай для стварэння глыбокіх і праўдзівых вобразаў вызваліцеляў у культавых савецкіх фільмах.

Асаблівае месца ў экспазіцыі займаюць фотаздымкі з архіва рэжысёра Надзеі Майданскай і легендарнага фатографа Міколы Гнісюка, чые работы сталі візуальным летапісам айчыннай культуры.

У экспазіцыі прадстаўлены рэдкія фотадакументы, архіўныя кадры і партрэты акцёраў і рэжысёраў, сярод якіх — Элем Клімаў, Алесь Адамовіч, Уладзімір Басаў, Сяргей Бандарчук, Аляксей Краўчанка, Юрый Нагібін, Міхаіл Глузскі, Анатоль Папанаў, Яўгеній Міронаў, Міхаіл Пташук, Вячаслаў Ціханаў, Іван Лапікаў, Пётр Глебаў, Яўгеній Мацвееў, Сяргей Міхалкоў і іншыя. Амаль усе акцёры прымалі непасрэдны ўдзел у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, былі паранены. Іх вобразы — не проста люстэрка эпохі, а жывое сведчанне мужнасці, болю і гераізму.

Мікола Гнісюк нарадзіўся ўжо ў канцы вайны — 2 студзеня 1944 года, аднак яго творчасць цесна звязана з памяццю пра яе. Хоць фатограф не быў франтавіком, ён стаў летапісцам тых, хто прайшоў праз выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны. Гнісюк актыўна ўдзельнічаў у выстаўках, прысвечаных героям вайны, акцёрам-франтавікам, фільмам пра жудасныя падзеі 1941–1945 гадоў. У творчым партфоліа майстра — партрэты такіх акцёраў, як Мікалай Кручкоў, Сяргей Бандарчук, Фаіна Ранеўская, Інакенцій Смактуноўскі і іншыя — многіх з іх закранула вайна. Як фотарэпарцёр часопіса «Савецкі экран» Мікола Гнісюк фатаграфаваў здымачныя пляцоўкі фільмаў, у якіх вайна была цэнтральнай тэмай. На выстаўцы «Яны змагаліся за Радзіму: героі вайны — героі экрана ў фотааб’ектыве Міколы Гнісюка» можна ўбачыць кадры са здымак «Фронт за лініяй фронту» (па рамане Сямёна Цвігуна «Мы вернемся!», рэжысёр Ігар Госцеў), «Дажыць да світання» (па аднайменнай аповесці Васіля Быкава, рэжысёры Міхаіл Яршоў і Віктар Сакалоў), «Ідзі і глядзі» (рэжысёр Элем Клімаў). Таксама ў экспазіцыі прадстаўлены фота, зробленыя падчас здымак кінастужак «Зімародак» (рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў), «Альпійская балада» (рэжысёр Барыс Сцяпанаў), «У жніўні 44-га...» (рэжысёр Міхаіл Пташук), «Руіны страляюць» і «Полымя» (рэжысёр Віталь Чацверыкоў), «Паланэз Агінскага» (рэжысёр Леў Голуб).

12_31_Ж.jpg

Мікола Гнісюк «Міхаіл Глузскі», 1970-я г.

Выстаўка «Яны змагаліся за Радзіму: героі вайны — героі экрана ў фотааб’ектыве Міколы Гнісюка» — гэта прастора, дзе сустракаецца мінулае і сучаснае, дзе юныя гледачы даведваюцца, што за кадрамі вялікага кінематографа схаваны сапраўдны боль і шчырая любоў да Радзімы.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю