Top.Mail.Ru

Фоталетапіс паўсядзённага жыцця беларусаў ХХ стагоддзя

Аўтар: Лізавета Крупянькова
27.10.2025 | 17:00
Скрозь палітру часу

Пазнаёміцца са спадчынай фатографа Савы Сіўко можна ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. Выставачны праект «Сямейная гісторыя. Фотаздымкі з калекцыі Савы Сіўко», прымеркаваны да Тыдня бацькоўскай любові, працуе да 2 лістапада.

Сава Уладзіміравіч Сіўко (1888–1978) нарадзіўся ў вёсцы Сянно каля гарадка Любча і працаваў у гэтым рэгіёне больш за трыццаць гадоў. Ён яркі прадстаўнік вясковай фатаграфіі, якая і сёння з’яўляецца недастаткова даследаваным кірункам у гісторыі фатаграфічнага мастацтва. Большую частку творчага партфоліа майстра складаюць партрэтныя здымкі мясцовых жыхароў падчас вясковых гулянняў.

Фатаграфічная спадчына Савы Сіўко — гэта перш за ўсё збор важных і каштоўных дакументаў, якія праз адлюстраванне асноўных этапаў жыцця чалавека, традыйцый і звычаяў простага народа, праз твары і вобразы людзей таго часу даюць магчымасць прасачыць змену цэлых эпох. У калекцыі Нацыянальнага 

гістарычнага музея знаходзяцца 582 негатывы на шкле аўтарства Сіўко. Шкло дастаткова далікатны матэрыял, аднак, што дзіўна, нягледзячы на ўсе трагічныя падзеі ХХ стагоддзя, амаль усе работы захаваліся ў нязменным выглядзе. Пра архіў шкляных пласцінак без назвы, персаналій і месцаў здымкі музейныя супрацоўнікі даведаліся ад прыватнага калекцыянера. Спачатку спецыялісты выявілі Любчанскі замак і яго галоўную вежу, потым абрысы цэркваў і інш. Апазналі мясцовых святароў і паступова акрэслілі рэгіён пошукаў. У даследаваннях дапамагалі настаўнікі, землякі Савы Сіўко. 

У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі самых характэрных і яркіх эпізодаў з паўсядзённай рэчаіснасці беларускага мястэчка — унікальнай і надзвычай цікавай з’явы нашага мінулага, якая спалучае ў сабе рысы вясковага і гарадскога жыцця. 

Для звычайных жыхароў вёскі фатаграфія каштавала вельмі дорага, таму не кожны мог сабе яе дазволіць. Аднак Сава Сіўко часта браў плату за здымкі мёдам, салам і іншымі прадуктамі, якія былі ў кожнай гаспадарцы. Дзякуючы яго спагадлівасці многім пашчасціла захаваць памятныя моманты з блізкімі людзьмі і сямейную гісторыю для нашчадкаў. На першы погляд, на выстаўцы прадстаўлены фотаздымкі, якія ёсць у сямейным архіве амаль кожнага. Аднак гэта не толькі захаванне гісторыі канкрэтнага чалавека, а летапіс жыцця вёскі, яе традыцый і звычаяў. У аб’ектыў аўтара трапілі і інтэр’еры вясковых хат, і народныя гулянні, і розныя мерапрыемствы. Вясельныя партрэты займаюць вялікую частку экспазіцыі. Акрамя маладых Сіўко здымаў гасцей, сваякоў і такія яркія моманты, як, напрыклад, выкуп нявесты. Дзеці на фотаздымках адлюстраваны з любімымі цацкамі, кніжкамі ці хатнімі жывёламі. 

На сямейных партрэтах аўтар не спыніўся. На выстаўцы можна ўбачыць сцэны з вясковага жыцця, вучняў сярэдніх і старшых класаў і іх школьныя ды пазашкольныя заняткі.

Гістарычныя эпохі змяняюць адна адну, але нязменная бацькоўская любоў. Сям’я была і застаецца захавальніцай чалавечых каштоўнасцей, культуры і гістарычнай пераемнасці пакаленняў.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю