Арганізатарамі фестывалю разам з музеем з’яўляюцца Саюз пісьменнікаў Беларусі, кнігарня «Акадэмічная кніга», Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Беларусь» і Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк сталіцы.
З цікавостак свята — сустрэча з унучкай класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Маўра Марыяй Міхайлаўнай Міцкевіч, якая раскажа пра сваіх знакамітых продкаў: аб тым, якімі яны былі дома, у сям’і, як нараджаліся некаторыя іх творы, адрасаваныя дзецям. Размова пойдзе пра паэмы «Міхасёвы прыгоды» Якуба Коласа і аповесць «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра.
На фестывалі пройдуць розныя тэматычныя майстар-класы, дзе сваё майстэрства змогуць праявіць і самі школьнікі. Адбудзецца і паказ шэрагу мультыплікацыйных фільмаў.
— «Ідзі, зіма, ідзі ў дарогу!» і іншыя фестывалі дзіцячай кнігі ў нашым музеі, — дзеліцца развагамі дырэктар Коласаўскай скарбніцы памяці Ірына Мацяс, — падштурхнулі нас і выдаўцоў да нараджэння новых кніг. У Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет перавыданне «Міхасёвых прыгод» з ілюстрацыямі да першага выдання 1935 года, якія здзейсніў славуты беларускі кніжны графік Анатоль Волкаў, паасобку выйшлі тры раздзелы з паэмы «Новая зямля». Некалькі перавыданняў вытрымалі казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа. Усе кнігі надзвычай маляўнічыя, запамінальныя. Упэўнена, што юныя чытачы, якія бяруць іх у рукі, атрымліваюць сапраўдны ўрок прыгажосці.
Да ўдзелу ў кожным фестывалі звычайна далучаюцца да 500 школьнікаў Мінска і блізкіх да сталіцы сельскіх раёнаў. Цяпер арганізатары абмяркоўваюць тэму правядзення кніжных свят у рэгіёнах, найперш — на Стаўбцоўшчыне, дзе размешчаны філіял музея Якуба Коласа.
Кастусь ЛЕШНІЦА