Top.Mail.Ru

Фатограф Дар'я Філіповіч заклікае паверыць у сябе

Аўтар: Яўгенія Шыцька
13.12.2024 | 14:37

Шэраг нядаўніх выставачных праектаў у сталіцы і рэгіёнах прымеркавалі да Міжнароднага дня інвалідаў. Сярод такіх — фотавыстаўка Дар’і Філіповіч «Павер у сябе», якая працуе ў галерэі «Мабільная» Нацыянальнай бібліятэкі да 12 лютага. Праект арганізаваны пры ўдзеле школы фатаграфіі «Анёл» аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Савецкага раёна горада Мінска.


Як адзначаюць арганізатары, мэта выстаўкі — прыцягнуць увагу да праблемы інваліднасці і жыцця з абмежаванымі магчымасцямі, да таго ж расказаць пра дзейнасць цэнтра і фоташколы «Анёл». Дарэчы, куратарам выступае кіраўнік гэтай школы, член Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў, педагог, інвалід-калясачнік Эдуард Клуйша. 

Аўтар выстаўкі Дар’я Філіповіч прадставіла работы, створаныя за год. Назва «Павер у сябе» — і напамін людзям побач, апатычным, сумным, пазбаўленым прагі жыцця, і зварот аўтара да самога сябе — своеасаблівая прапанова ці нават патрабаванне дзейнічаць, нават калі здаецца, што сіл не засталося. Супрацьстаяць абмежаванням, змагацца — значыць знайсці сябе. І Дар’я Філіповіч якраз на такім шляху. Пра гэта сведчыць найперш сама зацікаўленасць мастацтвам фатаграфіі, а таксама звязанае з гэтым вывучэнне працэсу атрымання і захавання выяў. Па-другое, імкненне здымаць: усё ж не кожны, каго прыцягвае гэтае майстэрства, бярэ ў рукі фотаапарат. Ды, у рэшце рэшт, энергія і жаданне аб’яднаць атрыманыя здымкі ў адну выстаўку і прадставіць яе перад шырокай публікай. А да гэтага яшчэ трэба падрыхтавацца: выбраць найбольш прыдатныя здымкі, надрукаваць іх, прыдумаць назву да кожнага, скампанаваць пад адзіным загалоўкам... Ва ўсім гэтым амаль заўсёды адчуваецца імпэт і радасць аўтара ад магчымасці падзяліцца вынікамі сваёй працы. 

Пошук сябе, у якім часта дапамагае творчасць, бачны і па не зусім аднастайнай структуры выстаўкі: тут і партрэты, і нацюрморты, і пейзажы, і нават пара адцягненых сюжэтаў. З іншага боку, гэта добрая магчымасць прадэманстраваць гледачу напрацоўкі і заявіць пра сябе як пра рознабаковага фатографа. Вядома, шанс падзяліцца сваім поглядам на жыццё і навакольны свет нельга ўпускаць. 

Арганізатары нагадваюць: «Падобныя праекты падтрымліваюць такіх аўтараў, як Дар’я Філіповіч, дзяцей, маладых і дарослых людзей з інваліднасцю на шляху іх творчай рэалізацыі, сацыялізацыі ў грамадстве, трансліруюць актыўную жыццёвую пазіцыю, вучаць верыць у сябе і сваё шчасце». Ёсць спадзяванні, што выстаўка, арганізаваная ў Нацыянальнай бібліятэцы, падштурхне аўтара да новых пошукаў і здзяйсненняў, ды наогул дапаможа такім жа фатографам-пачаткоўцам зрабіць упэўненыя крокі да авалодання майстэрствам, якое, безумоўна, прынясе задавальненне. 

Фотавыстаўка Дар’і Філіповіч «Павер у сябе» будзе працаваць да 12 лютага.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю