Top.Mail.Ru

Эміль Насірлі: Дух партнёрства — аснова міралюбівых адносін...

Аўтар: Кірыл Ладуцька
14.01.2025 | 18:38

Эміль Насірлі — галоўны рэдактар міжнароднага часопіса «Мой Азербайджан», які выходзіць у Баку, публіцыст, якога ведаюць у многіх краінах свету, асабліва — на постсавецкай прасторы. Аўтар цэлага шэрагу кніг, прысвечаных праблемам знешнепалітычнага характару. Мы задалі вядомаму журналісту, медыяэксперту некалькі пытанняў. 




— На старонках свайго часопіса Вы актыўна прасоўваеце праблематыку міжнародных адносін. Мір сёння развальваецца на вачах. Што, на Ваш погляд, павінна здарыцца, каб трывога з нагоды трэцяй сусветнай адыйшла на задні план? Ці ўсё ж такі гэтая вайна ўжо ідзе?

— Мы жывем ў шматпалярным свеце, і даследаваць яго трэба праз асаблівую прызму. Таму на старонках міжнароднага часопіса «Мой Азербайджан» мы актыўна прасоўваем праблематыку міжнародных адносін. Сучасны свет перажывае эпоху глабальных змен. Сучасная падітычная рэчаіснасць усё болей вызначаецца глабальнай палітычнай нестабільнасцю. У той жа час працэсы глабалізацыі ўзмацнілі няроўнасць сусветнага развіцця. Пашырыліся рэгіянальныя зоны напружанасці — як адкрытай, так і тлеючай. На змену традыцыйным выбухам прыйшлі новыя пагрозы бяспецы і ўстойліваму развіццю — міжнародны тэрарызм, распаўсюджванне зброі масавага знішчэння, арганізаваная злачыннасць, наркатрафік, нелегальны зварот звычайных узбраенняў, экалагічная дэградацыя, масавыя эпідэміі, тэхнагенныя катастрофы. Выклікі і пагрозы новага пакалення набылі сапраўды планетарны размах. Мы можам вырашыць праблему няўстойлівасці, калі будзем следаваць міжнароднаму праву. Дзяржавы трацяць велізарныя сумы на ваенныя патрэбы, калі ў свеце існуе беднасць. 

Мы жывем у «прагматычным свеце», які ў вобразе розных дзяржаў не змог аб’яднацца ў час пандэміі, але затое ўсе яны часта спаборнічаюць. Канкурэнцыя паміж краінамі — здаровая з’ява. Калі бачыш канкурэнцыю — спаборнічай і рабі болей. Аднак гэта канкурэнцыя павінна быць у пэўных разумных межах. Існуючы парадак павінен быць заснаваным на агульна прынятых правілах. Я не ідэаліст, для мяне бяспека — гэта мяккія і жорсткія актывы. І каб трывога з выпадку трэцяй сусветнай вайна сыйшла на задні план, мы павінны з павагай ставіцца да міжнароднага права. Аднак тут ёсць прастора для паляпшэння, паколькі правілы заўсёды могуць быць болей празрыстымі, зразумелымі і прафесійнымі. 


— Вы часта бываеце ў Беларусі, добра ведаеце нашу краіну. Як бы Вы ахарактарызавалі сённяшні стан беларуска-азербайджанскіх адносін? 

— Узаемная павага і давер з’яўляюцца адрознымі рысамі беларуска-азербайджанскага дыялогу. Нашы адносіны ўжо правераны часам. Яны маюць вельмі добрую гісторыю. На працягу ўсяго перыяду ўзаемадзеяння мы заўсёды вырашалі пытанні, звязаныя з развіццём нашых адносін. Паміж намі не было ніколі ніякіх нявырашаных пытанняў, якія б патрабавалі нейкага аператыўнага ўмяшальніцтва. Духам партнёрства прасякнута ўся сістэма ўзаемаадносін паміж нашымі краінамі. І нас звязваюць не толькі агульная гістарычная памяць. Гасціннасць, прыязнасць, талерантнасць — гэта нацыянальныя рысы, якія збліжаюць беларусаў і азербайджанцаў. Бо нашы народы былі ў добрым сяброўстве, калі знаходзіліся ў адной дзяржаве. Мы з добрай памяццю ўзгадваем адносіны да Беларусі Гейдара Аліевіча Аліева, а беларускі народ на чале з вашым Прэзідэнтам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам заўсёды падкрэслівалі мудрасць і прыязнасць вялікага Гейдара Аліева. Прыемна, што на фундаменце, закладзеным Гейдарам Аліевічам у аснову нашых міждзяржаўных адносін, сучасныя прэзідэнты Ільхам Аліеў і Аляксандр Лукашэнка выбудавалі паміж сабою сапраўды сяброўскія і братэрскія адносіны, пазітыўная энергетыка якіх перадаецца на ўсе сферы нашага супрацоўніцтва. Візіты лідара Беларусі ў Азербайджан і кіраўніка Азербайджана ў Беларусь валодаюць вялікім значэннем для далейшага развіцця сяброўскіх сувязяў паміж двума дзяржавамі, якія супрацоўнічаюць і падтрымліваюць адна другую. Хацелася б адзначыць, што ў межах дзяржаўнага візіта ў Азербайджан Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сумесна з азербайджанскім калегам Ільхамам Аліевым наведаў ўзнаўляемыя тэрыторыі ў Карабахскім рэгіёне і адзначыў, што адным з галоўных праектаў Беларусі стане стварэнне ў Карабаху комплекснага сучаснага аграгарадка, які будзе ўключаць вытворчасць і перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі. Таксама прадугледжваецца будаўніцтва ў Агдамскім раёне населенага пункта, разлічанага на 420 сем’яў. 

— Нядаўна Вас прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. А ўвогуле ў той час, калі літаратура ўжо даўно не медыя, калі раманы не клічуць на барыкады, ці здольна мастацкае слова, ці здольна літаратура зрабіць свет болей справядлівым, болей добрым?

— Нядаўна я даведаўся, што мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Карыстаючыся нагодай, хачу падзякаваць склад прэзідыўма Саюза пісьменнікаў Беларусі, асабіста старшыню СПБ Алеся Карлюкевіча, усіх беларускіх калег за выказаны мне гонар быць членам Саюза. Мяне як члена пісьменніцкіх арганізацый Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана і Таджыкістана, заўсёды захапляў Саюз пісьменнікаў Беларусі, цягнула да пісьменнікаў, таму што гэта мудрацы, гэта вельмі назіральныя, каларытныя людзі. У шэрагах грамадскага аб’яднання сёння вельмі шмат вядомых паэтаў, празаікаў, публіцыстаў і краязнаўцаў. У іх творах знаходзяць адлюстраванне як гераічнае мінулае народа, так і падзеі сучаснасці, ўздымаюцца пытанні дабра і зла, захавання традыцый, сцвярджэнне міра і парадку на зямлі. У Азербайджане штогод на паліцах крам з’яўляюцца новыя творы беларускіх пісьменнікаў. І гэта далёка не ўсе дасягненні. Я думаю, што чалавецтва за сотні гадоў існавання на зямлі змяніла свет да лепшага болей, чым якая іншая жывая істота. Змена цывілізацый, навуковыя і тэхнічныя рэвалюцыі, унікальныя творы мастацтва — усё гэта вынік чалавечай працы, цяжкай фізічнай ці натхняльнай, інтэлектуальнай. Тысячагоддзі нашага існавання на зямлі захавалі мноства імёнаў вялікіх геніяў. Але мне здаецца, што на ўзроўні з адоранасцю не меней важныя і духоўныя якасці: яны, людзі, мянялі ісвет да лепшага, стваралі нешта вялікае і патрэбнае, і ў сэрцах гэтых людзей жыла любоў да ўсяго чалавецтва, жылі дабрыня, сумленне і жаданне прыўнесці ў свет нешта карыснае. Доказы справядлівасці гэтай думкі якраз можна знайсці ў многіх творах азербайджанскай і беларускай мастацкай літаратуры. Я ўпэўнены, што літаратура здольная рабіць свет болей справядлівым, болей добрым, таму што жыцё на зямлі становіцца лепшым, калі вакол нас з’яўляецца ўсё болей людзей, надзеленых высакароднасцю, людзей, якія імкнуцца дапамагчы ўсім навокал. Не кожны чалавек з вялікім сэрцам застаецца ў гісторыі, але менавіта на мностве нераўнадушных, здольных адгукнуцца на чужую бяду, чужыя клопаты, людзей і трымаецца наш свет. 

— Па якіх кнігах, на прыкладзе якіх герояў мастацкіх твораў Вы звяраеце сёння свае ўчынкі? Ці Вы лічыце, што ў гэтым пытанні болей наіву, чым сапраўднага жыцця? 

— Адным з маіх любімых пісьменнікаў з’яўляецца народны пісьменнік Азербайджана Чынгіз Абдулаеў. А свае ўчынкі часам я параўноўваю з паводзінамі галоўнага героя Дронга з кнігі Чынгіза Абдулаева «Блакітныя ангелы». У гэтай кнізе эксперт — аналітык Дронга заўсёды здольны раскрыць загадкавыя забойствы без усялякіх слядоў, нават калі злачынца чалавек-невідзімка. У сваёй дзейнасці я заўсёды стараюся адрозніць праўду ад хлусні, нават калі няма слядоў праўды, і гэтым імкнуся прыносіць карысць людзям. Пакінуць пасля сябе трошачкі болей, чым было да цябе, не даць загаснуць таму, што перадалі табе папярэднікі, — гэта і мой жыццёвы дэвіз. Як бы не хацелася верыць ў нешта сакральнае, але дадзенае аднойчы жыццё ў мяне адно, і пражыць я хачу яго з цвёрдай верай у вышэйшую спарвядлівасць. А калі атрымаецца пакінуць спадчыну — то гэта будзе мая творчасць. 


— Калі б Вас папрасілі прадставіць Азербайджан і азербайджанцаў праз мастацкі твор, што б Вы параілі прачытаць беларусам?

— Я параіў бы беларускім чытачам нязменную крыніцу для вывучэння гісторыі і культуры азербайджанскага народа — «Кітабі Дэдэ Гаргуд». Дастан пра Дэдэ Гаргуда з’яўляецца народным помнікам мастацтва, у якім адлюстраваны патрыятызм, гераізм, мудрасць, дальназоркасць, духоўныя рысы цюркаў-агузаў. «Кітабі Дэдэ Гаргуд» — адзіны помнік кніжнага эпасу цюркаў-агузаў, які захаваўся праз стагоддзі. Сказ пра Дэдэ Гаргуда адлюстраваў і касмалагічныя ўяўленні агузаў, і гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў далёкія часіны. У эпасе, які з’яўляецца ўнікальным помнікам цюркскага свету, згадваюцца шматлікія азербайджанскія тапонімы, выяўляюцца пачуцці чыстага кахання, павагі да старэйшых, любові да Радзімы. Па адпаведнаму Распараджэнню вялікага лідара Азербайджана Гейдара Аліева 1300-годдзе эпаса «Кітабі Дэдэ Гаргуд» шырока адзначалася ў Азербайджане. Гейдар Аліеў сказаў тады, што кожны азербайджанец па праву можа ганарыцца гэтым эпасам. 

— Толькі што, дзякуючы намаганням доктара філалагічных навук, прафесара Бакінскага Славянскага ўніверсітэта Флоры Наджы, у Баку на азербайджанскай мове выдадзена кніга твораў беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча. Як Вы лічыце, тэма мастацкага перакладу, тэма літаратурнай дыпламатыі можа быць часткай дыпламатычных адносін паміж рознымі краінамі? 

— Азербайджан нагэтулькі літаратурацэнтрычная краіна, што мы здолелі арганізаваць на сур’ёзным узроўні кнігавыданне, якое можа прэзентаваць свету як па колькасці выдадзеных кніг, так і па якасці мастацкага прадукта нашы краінавыя, нацыянальныя прыярытэты ў розных жанрах. Я маю на ўвазе перш за ўсё значэнне перакладу літаратурных твораў на іншыя мовы народаў свету. Трэба імкнуцца рабіць так, каб кнігі маглі трапляць з адной прасторы ў іншыя моўныя абсягі, каб іх змаглі прачытаць прадстаўнікі розных народаў. Так, можна вылучыць і перакладзены на азербайджанскую мову зборнік празаічных і паэтычных твораў Уладзіміра Караткевіча і падзякаваць Флору Наджы, што яна разам з калегамі здолела пракласці яшчэ адзін масток нашай беларуска-азербайджанскай літаратурнай дружбы. 



У нашай рэспубліцы часта праходзяць прэзентацыі кніг пісьменнікаў з розных іншых краін свету, тых кніг, якія перакладзены на азербайджанскую мову. І таксама — прэзентацыі кніг нашых пісьменнікаў, якія выдадзены на розных мовах свету. І ў іншых сусветна вядомых гарадах, краінах мы прэзентуем нашы здабыткі. Дзеля прыкладу: мая кніга «Гейдар Аліеў. 100 імгненняў жыцця» была прадстаўлена ў 11 краінах свету. Прайшла прэзентацыя і ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Мінску. Менавіта такія прэзентацыі даюць магчымасць пазнаваць, адкрываць Азербайджан чытачам іншых краін на сваёй роднай мове. І такая праца з’яўляецца яркім і дзейсным прыкладам літаратурнай, духоўнай дыпламатыі. Мяркую, што, каб дамагчыся поспеху, каб загаварыць з усім светам, трэба быць надзвычай уважлівым да мастацкага перакладу. 

— Калі б Вы прысвяцілі адзін з нумароў міжнароднага часопіса «Мой Азербайджан» Беларусі, якія тэмы і якіх герояў Вы раскрылі б на старонках выдання?

— Думаю, што калі мы прысвяцім адзін з нумароў часопіса «Мой Азербайджан» Беларусі, асноўныя тэматычныя накірункі супадуць з тымі дзяржаўнымі праграмамі вашай краіны, мэтай якіх з’яўляецца паступальнае павышэнне ўзроўня і якасці жыцця грамадзян, развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Былі б у такім адмысловым выпуску і старонкі пра навуку, культуру, турыстычныя здабыткі Беларусі, пра талерантнасць беларусаў... Паказалі б старонкі памяці і пра вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адлюстравалі б тэму Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, расказалі пра подзвігі герояў Беларусі і азербайджанцаў, якія ваявалі ў Беларусі. Дарэчы, мы не аднойчы звярталіся да франтавога лёсу двойчы Героя Савецкага Саюза Азі Асланава, які ў Вялікую айчынную вайну вызваляў Вілейку, Барысаў, Смаргонь, Мінск. Баявы шлях 35-й гвардзейскай танкавай брыгады, на чале якой быў камандзір Асланаў, мог бы стаць і не віртуальным, а сапраўдным маршрутам знаёмства нашай моладзі з Беларуссю. 


— Сёння, верагодна, як ніколі, востра стаіць пытанне пра аўтарытэт лідараў у будаўніцтве кожнай дзяржавы асобна і ўсяго свету разам. Што Вы думаеце з гэтай нагоды? Якія асобы ўяўляюцца Вам з гэтага пункту гледжання найболей дзейснымі?

— Большасць людзей верыць, што сутнасць лідарства — гэта сіла. Адпаведным чынам, яны і разважаюць, што быццам тыя, хто валодае ведамі і інтэлектам, і ёсць лідары. Я думаю, што аўтарытэт улады тады расце, калі грамадзяне гэтай краіны падтрымліваюць ідэалы, каштоўнасці і прынцыпы лідара, кіраўніка дзяржавы. Трэба ў гэтым плане пачуць мудрага лідара Сінгапура Лі Куана Ю: «Я не моцны ў філасофскіх развагах. Мне ўсё гэта вельмі цікава, але ва ўласным жыцці я кіруюся зусім не тэорыямі. Я раблю справу, і няхай пасля іншыя вышукваюць, якія прынцыпы былі пакладзены ў аснову маіх удалых рашэнняў». Прызнак лаяльнасці грамадзян да працы органаў улады, прызнанне яе паўнамоцтваў у многім залежыць ад аўтарытэта лідара дзяржавы. Гэта значыць, без аўтарытэта лідара нацыі няма аўтарытэта дзяржавы. 

У сённяшнім свеце ёсць нямала палітыкаў, дзейнасць якіх можна лічыць правальнай. Таму свет зараз знаходзіцца на мяжы трэцяй сусветнай вайны. Але ёсць і лідары, якія карыстаюцца павагай і падтрымкай перш-наперш свайго народа, змагаюцца за захаванне міра і дабрабыту. Такімі лідарамі з’яўляюцца Прэзідэнты нашых краін. Дзякуючы цёплым адносінам двух Прэзідэнтаў двухбаковыя стасункі Азербайджана і Беларусі знаходзяцца на пад’ёме ва ўсіх галінах. 



Хачу нагадаць, што я некалькі разоў быў удзельнікам «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» у Мінску і там быў сведкам адкрытасці, паважлівага дыялога Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў стасунках з журналістамі, прадстаўнікамі СМІ і рознымі асобамі. Аляксандр Лукашэнка быў з афіцыйнымі і рабочымі візітамі ў Баку ў маі 2007 года, у чэрвені 2010 года, у лістападзе 2013-га, у чэрвені 2015-га, у лістападзе 2016-га, у красавіку 2021 года, у маі 2024-га, у лістападзе 2024-га... Адносіны паміж Баку і Мінскам ужо выйшлі на ўзровень стратэгічнага партнёрства. Гэту новую якасць важна браць пад увагу, асабліва з улікам таго, што зараз свет знаходзіцца ў стане самага беспрэцэдэнтнага крызіса з часін Другой сусветнай вайны. Беларусь і Азербайджан на працягу сваёй найноўшай гісторыі як сапраўды суверэнныя дзяржавы змаглі вытрымаць каласальны націск, які аказвалі на іх, і перш за ўсё — з боку Захада. 

Яны, Азербайджан і Беларусь, не канкурыруюць паміж сабой нідзе і не ў чым, але здольны ўзаемавыгадна дапаўняць адзін аднаго. Беларусь, якая змагла захаваць сваю буйную дзяржаўную прамысловасць, валодае магутнейшым патэнцыялам для далейшага супрацоўніцтва. Беларускія будаўнікі, якія ўжо ўзвялі шэраг аб’ектаў у Ісмаіллінскім раёне ў 2013 — 2014 гады, прымаюць удзел у аднаўленчых работах на тэрыторыі вызваленага Карабахскага рэгіёна. Кансультацыі беларускіх спецыялістаў ужо выкарыстоўваюцца пры рэалізацыі дзяржаўнай праграмы адараджэння Карабаха. Пасля вырашэння Карабахскага канфлікта асаблівае значэнне павінны набыць аўтатранспартныя перавозкі і ўвогуле развіццё лагістыкі, якія ўяўляюць галіну ўзаемных зацікаўленняў. Беларусь таксама актыўна ўдзельнічае ў праграмах па аграрнаму сектару, у прыватнасці — у стварэнні перадавых жывёлагадоўчых комплексаў. 

Ну і, зраўзумела, што ў сувязі са складанымі міжнароднымі абставінамі ўсё большую актуальнасць набывае ваенна-абарончае супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана. Пры гэтым Беларусь заўсёды выступала як міратворчая пляцоўка на постсавецкай прасторы, прапаноўваючы свае паслугі ў вырашэнні любых канфліктаў. 


Прыемна заўважыць, што за апошнія гады значна актывізавалася ўзаемадзеянне ў сферах аховы здароўя, навукі, адукацыі, спорта і турызма паміж нашымі краінамі. 

Можна смела заўважыць, што беларускаму і азербайджанскаму народам, нашым краінам проста наканавана шырокае развіццё самых цесных сяброўскіх адносін. Паколькі мы ўсе жадаем жыць у моцным і стабільным свеце, іначай нельга. І нядаўняя сустрэча кіраўнікоў двух дзяржаў заклала яшчэ адзін камень у фундамент такога супрацоўніцтва. Гэта паказвае прыклад, як здольны складвацца шчырыя і пазітыўныя адносіны паміж незалежнымі дзяржавамі. 

Гутарыў Кастусь ЛАДУЦЬКА

Баку — Мінск

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю