Экасцежка ўладкавана ва ўрочышчы Срэбны лог на тэрыторыі Ленінскага раёна. Гэта унікальная балотная нізіна ў пойме ракі Свіслач. Асноўную яе частку займае ліставы лес з багатым жывёльным і раслінным светам. На тэрыторыі лога размешчана мноства гнездзішчаў для розных відаў птушак, у тым ліку занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Сустрэць тут можна як даволі звычайныя віды (вялікую сініцу, крыжанку, гіля і сарокуд, так і больш рэдкія: белую чаплю, зімародка, жулана і інш.
Афіцыйнае адкрыццё «Горада птушак» адбылося 4 красавіка 2018 года і было прысвечана да Міжнароднага дня птушак. Месца хутка стала папулярным сярод мінчан і гасцей горада. Тут на пастаяннай аснове праводзяцца адукацыйныя экскурсіі і навучальныя мерапрыемствы.
Як адзначыў старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валянцін Шатраўка, у межах рэканструкцыі былі абноўлены інфармацыйныя стэнды, уладкавана мясцовасць. Таксама быў праведзены конкурс на лепшую шпакоўню «Птушыныя сябры».
Да ўрачыстага мерапрыемства далучыліся кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Раман Мельнік, дырэктар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Зелянбуд» Ленінскага раёна Аляксандр Васілеўскі, прадстаўнікі Мінгаркама ПРіАНА, мясцовыя жыхары, а таксама сем’і-пераможцы конкурсу «Птушыныя сябры», якія прыйшлі са сваімі вырабамі. Пасля ўзнагароджання птушыныя хаткі былі размешчаны на працягу маршруту. Такія меры спрыяюць захаванню біяразнастайнасці.
Таксама ў рамках святочнай праграмы адбыўся майстар-клас па стварэнні гнязда-кошыка для вушастай савы і міні-экскурсія па экасцежцы ад Руслана Шайкіна, дырэктара Цэнтра экалагічнага выхавання і развіцця, грамадскага эколага Мінгаркама ПРіАНА.
— У Мінску штогод ствараюцца розныя зоны адпачынку, у тым ліку з элементамі экатроп, аднак «Горад птушак» — адна з найбольш старых. Рэдка ў вялікіх гарадах можна знайсці водна-балотны ўгоддзі, таму можна сказаць, што экасцежка знаходзіцца ва ўнікальным месцы. Працягласць маршруту складае каля 1,5 км. Пры гэтым ужо ў пачатку можна ўбачыць крыжанку, лысуху і лебедзя, пачуць спевы драздоў і заранак, заўважыць, як пралятае чарныш — невялікі кулік з белым падхвосцем. Сустрэць можна нават бакасаў і слонак, якія спыняюцца тут вясной і восенню, аднак надоўга не затрымліваюцца, — расказаў Руслан Шайкін. — Экасцежка выдатна падыходзіць для асветніцкіх мэт. Сюды можна прывесці дзяцей і пазнаёміць іх з такой унікальнай экасістэмай у цэнтры Мінска. Растлумачыць, напрыклад, што балота паглынае вуглякіслы газ не горш лесу.
«Горад птушак» — унікальнае месца для тых, хто жадае пабыць сам-насам з прыродай, атрымаць асалоду ад прыгожых краявідаў і чароўных спеваў птушак. Упэўнены, абноўленая экасцежка прыцягне яшчэ больш мінчан і гасцей сталіцы.
Марыя САМАЛЬ
Фота аўтара