Казкі фарміруюць у дзяцей светапогляд, падказваюць, як чалавеку лепш зрабіць у той ці іншай жыццёвай сітуацыі, прывіваюць любоў да справядлівасці, паказваюць, што дабро заўжды перамагае зло, вучаць працавітасці, цярпенню, мужнасці, уменню пераадольваць цяжкасці. У казках — цудоўны свет прыроды і яе насельнікаў. А яшчэ — займальнасць, таямнічасць. Усё гэта характэрна і для твораў вядомага беларускага паэта Міколы Чарняўскага.
На яго рахунку дзясяткі цікавых казак для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
За апошнія два гады ён парадаваў не толькі дзятву, але і дарослых чытачоў своеасаблівым «чатырохтомнікам» казак, якія выйшлі ў Выдавецкім доме «Звязда». Гэта адметныя ў нашай дзіцячай літаратуры выданні: «Дзе ўзяць красоўкі для слана?», «Здарэнне ў цырку», «Ноткі-ляноткі» і «Ліса-калядоўшчыца». Пра апошнюю і пойдзе наша гаворка.
Чым прывабліваюць казкі Міколы Чарняўскага? Па-першае, займальнымі сюжэтамі, па-другое, запамінальнымі героямі, па-трэцяе, уменнем пісьменніка ствараць новыя сусветы, населеныя рознымі «незвычайнасцямі». А яшчэ — надзвычай выразнай, яскравай мовай, мяккім, дасціпным гумарам.
Казкі гэтага аўтара сучасныя і змястоўныя, а таму — цікавыя!
І ўсе яны нясуць значную сэнсавую нагрузку, акрамя забаўляльнай функцыі выконваюць яшчэ і выхаваўчую. Напрыклад, у казцы «Ласіны хутар і дзіва-камп’ютар» Лось, які за свае рогі купіў камп’ютар для дзетак, гасцінна расчыняе дзверы для ўсіх, хто жадае пакарыстацца гэтай незвычайнай для лясных насельнікаў прыладай. Але калі заўважыў, што не ўсім звярам прыносіць ён карысць, вырашыў аддаць свой камп’ютар у лясную школку.
Важная тэма адлюстравана і ў казцы «Воўк-прадпрымальнік». Тут на прыкладзе звяроў паказаны адносіны некаторых людзей да справы, якой ім даводзіцца займацца, да тых, хто побач. Твор мае нават крытычную, сатырычную накіраванасць. Выснова, якую можна зрабіць з тэксту, — не бярыся за справу, да якой няздатны, а таксама не паддавайся розным правакацыйным чуткам і выдумкам ворагаў. Мяркую, што гэтая гісторыя навядзе на роздум не толькі дзяцей, але і дарослых.
Вельмі пазітыўны зарад нясе твор «Грак-будаўнік». Творча, крэатыўна паказаў аўтар вяртанне птушак з выраю:
Атрымаў тэлеграму грак:
«Прылятай, не пазніся, дружбак,
Бо прыблудны
крумкач-праныра
За будоўлю ўзяўся шчыра
І жыллё тваё разбурае,
Дачу ладзіць сабе за дарогай
Каля сметніка гарадскога...
А хіба можна абмінуць увагай цудоўную гісторыю «Пень-грыбнік»! Выклікаюць захапленне выдатнае веданне роднай прыроды, назіральнасць аўтара, яго ўменне ўбачыць у звычайным незвычайнае, апаэтызаваць, здавалася б, рэчы зусім празаічныя:
Пёкся, сох пад сонцам летнім,
Пад дажджом увосень мок,
Ён, забыты,
Непрыкметны,
Пачарнелы пень-пянёк.
Пень, патрэсканы заўчасна,
Толькі ўглыб садзіўся, лез...
Калі ж на ім выраслі грыбы-апенькі, адзінокі сумны пень
узрадаваўся:
— Каб не вы —
Праспаў бы казку,
Тут струхлеў адстаўніком.
Дзякуй, любыя, за ласку:
Быў пяньком —
Стаў грыбніком!
Любоўю да прыроды і яе насельнікаў прасякнута і казка «Браты». Так, калі лугавы конік набраўся смеласці і пазнаёміўся з сапраўдным канём-рысаком, той, хоць і паблажліва, але шчыра гаворыць:
Хоць не цярпеў нахаб ніколі,
Што ж, будзь раднёй,
Калі ўжо так.
Мо ўдвух не будзе гэтак
скрушна,
Час весялей мо пабяжыць.
Ты ў канюшыне,
Я ў канюшні,
Як і жылі мы, будзем жыць.
Як здорава паэт абыграў два беларускія словы: канюшына
і канюшня! Такіх творчых знаходак у кнізе многа.
Мікола Чарняўскі паспяхова працуе ў адным з найбольш цяжкіх жанраў — літаратурнай казкі. Звярнуўся ж да яго ў сталым узросце, назапасіўшы паэтычнага вопыту і жыццёвай мудрасці.
Яшчэ адзін вялікі плюс гэтага выдання — цудоўныя ілюстрацыі мастачкі Ганны Архіпавай. Новая кніга Міколы Чарняўскага вартая таго, каб яе набыць і чытаць!
Міхась СЛІВА