Top.Mail.Ru

Дзяніс Езерскі: Не быць абыякавымі да лёсу сваёй краіны

Аўтар: Ірына Прымак
27.12.2024 | 05:15

Сёння прапануем чытачам «ЛіМа» эксклюзіўнае інтэрв’ю з намеснікам міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дзянісам Уладзіміравічам Езерскім. Ён адказаў на самыя розныя пытанні, якія тычацца развіцця кнігавыдавецкай справы ў нашай краіне, ролі папяровай кнігі сёння, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і інш.


— Дзяніс Уладзіміравіч, у Беларусі 2024 год праходзіў пад знакам якасці. Якія галоўныя дасягненні ў кнігавыдавецкай сферы за гэты перыяд? 

— Як сказаць пра дасягненні некалькімі словамі? Гэта няпроста, бо пытанне шматграннае... Можна пайсці ў вектар тэхналогій і казаць пра тое, што асаблівую ўвагу сёлета мы звярталі на якасць кнігі. Паколькі ў яе многа сучасных канкурэнтаў, кнігавыданне не павінна стаяць на месцы. Дзеля гэтага трэба ўкладвацца ў тэхналагічнае абсталяванне, у адукацыю спецыялістаў, якія займаюцца вёрсткай, дызайнам, шукаць новыя элементы рэкламы і г. д. Гэта цэлая індустрыя, прамысловы напрамак. Беларускай кнізе ёсць чым ганарыцца. Сёння існуюць лакмусавыя паперкі, якія з’яўляюцца ацэнкай якасці. Гэта, вядома, конкурсы. На жаль, на постсавецкай прасторы іх засталося не так шмат. Калі мы прыязджаем з такіх конкурсаў з першымі месцамі, гэта пацвярджае наш высокі ўзровень, паказвае якасць беларускіх кніг і прафесіяналізм іх стваральнікаў. 

На сёлетнім Міжнародным конкурсе «Мастацтва кнігі» сярод дзяржаў — удзельніц СНД мы з дзесяці намінацый узялі пяць першых месцаў, гэта значыць, палову найвышэйшых узнагарод атрымалі беларускія кнігі, бо яны створаны на вельмі высокім узроўні. Таксама нам уручаны спецыяльны дыплом конкурсу: адзначана кніга «Творец своей судьбы: Алексей Талай» (ВД «Звязда», аўтар Валерыя Сцяцко). Хто ведае пра гэты конкурс, разумее, наколькі прэстыжна перамагчы ў ім. Калі беларускія кнігі вылучаюць — гэта высокая адзнака ўзроўню кнігавыдання Беларусі. Мы сапраўды ганарымся сваімі выдавецтвамі, якія стварылі такія якасныя кнігі! 

На сёлетняй Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ва Уфе галоўны прыз атрымала кніга «Народнае мастацтва Беларусі XVI–XXI стст.» выдавецтва «Беларусь». Гэта выдатна аформленая кніга, якая, на маю думку, павінна быць у кожнай бібліятэцы нашай краіны, як школьнай, так і публічнай. Таксама варта згадаць Міжнародную еўразійскую кніжную выстаўку, дзе выдавецтва «Беларусь» атрымала дыплом I ступені за кнігу «Национальные парки — жемчужины Беларуси». Гэта вельмі яркае цікавае выданне. Прыемна, што праца аўтараў настолькі высока ацэнена на прэстыжным конкурсе. Спіс дасягненняў, канешне, можна працягваць. Наогул, імкнёмся ўдзельнічаць ва ўсіх буйных міжнародных выстаўках, каб дастойна прадставіць нашу кнігу ў свеце. 

— Вы назвалі тыя кнігі, якія нас вылучаюць сярод іншых. Значыць, літаратура таксама частка нашага культурнага кода?

— Так. Мы наогул ледзь не адзіная краіна (такіх дзяржаў сапраўды не так шмат) у свеце, якая сёння падтрымлівае сацыяльна значную літаратуру. У нас захаваліся павага да кнігі, падтрымка кнігавыдавецкай справы на узроўні дзяржаўным, а не нейкіх фондаў. Ёсць важныя праекты, якія на сёння не завершаны, яны не аднаразовыя. Сярод іх вылучаецца «Генацыд беларускага народа». Сёлета выйшла ўжо трэцяя кніга. Але гэтая работа не абмежавана супрацоўніцтвам аднаго выдавецтва і Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Кнігі такой тэматыкі выходзяць ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны, над імі працуюць рэгіянальныя друкарні, таму што гэта асабліва важна для захавання гістарычнай праўды. Наогул, гістарычнай кнізе дзяржава надае значную ўвагу. Гэта тое, што якраз назапашваецца ў нашым культурным кодзе. Кніга — асноўная крыніца захавання гістарычнай спадчыны, традыцый, духоўных каштоўнасцей народа.

У час электаральнай кампаніі Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь рэалізуе важны выдавецкі праект. Адпаведна змяненням у нашым заканадаўстве, Цэнтрвыбаркам (ён надзелены і функцыяй інфармацыйна-асветніцкай дзейнасці) удзяляе вялікую ўвагу выданням, якія садзейнічаюць павышэнню ўзроўню электаральнай граматнасці. Кнігі вельмі высокай якасці. Яны простыя ў падачы інфармацыі, але вельмі шматфункцыянальныя, інфармацыйна насычаныя. Кожны, хто іх прачытае, зразумее сэнс выбарчага працэсу ў Беларусі, які мае сваю гісторыю і пастаянна развіваецца. У прыватнасці, сёлета кніга «Выбары ў Беларусі» праз тры месяцы перавыдадзена. Цэнтрвыбаркам працягвае працаваць над стварэннем якаснай цікавай літаратуры, якая ў тым ліку ўрачыста ўручаецца на выбарчых участках тым, хто галасуе ўпершыню. Гэта зноў-такі падкрэслівае ролю кнігі ў нашай краіне. 

Для мяне асабіста кніга — найлепшы падарунак. Дарэчы, хацеў бы вылучыць выданне, якое я бачыў асабіста на стадыі распрацоўкі, калі яшчэ працаваў у Гомелі. Кніга стала адным з лаурэатаў Літаратурнай прэміі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта імя Кірылы Тураўскага (аналагічныя конкурсы ёсць і ў іншых рэгіёнах). Гаворка пра твор Юрыя Ціцюры «Лясное братэрства». Паглядзеўшы сігнальны асобнік, я шчыра парадаваўся, што кніга аказалася вельмі «смачная» па сваім выкананні: якасць паперы, лёгкі для чытання шрыфт, сучасныя ілюстрацыі. Менавіта такімі павінны быць дзіцячыя кнігі, каб іх было цікава чытаць, каб дзякуючы малюнкам уяўляць да дробязей галоўных герояў. Вельмі важна праз кнігу развіваць у дзіцяці фантазію і светаўспрыманне. Гэта прыклад правільнай кнігі для нашых дашкалят, бо ў ёй бачна, што рысяня — гэта рысяня, зайчаня — зайчаня. Пры гэтым гісторыя добрая, яна вучыць дабру, узаемадапамозе. Гэта ўсё тое, чаго ў сучасным свеце, на жаль, становіцца ўсё менш. Кніга павінна перадаваць менавіта такую інфармацыю. Наш ментальны код стваральнага характару, і няхай ён зараджаецца ў маленькіх беларусах праз кнігу. 

— Падчас аднаго з мерапрыемстваў вы адзначылі: на сёння ёсць трыццаць пяць матэрыялаў, якія могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам. Што ў нашай краіне робіцца дзеля абароны чытачоў ад такой літаратуры? 

— Гэтую работу Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь каардынуе з 2008 года. Створана Рэспубліканская камісія па правядзенні і ацэнцы сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі. Такія камісіі ёсць і ў кожным рэгіёне. З таго часу складаецца спіс інфармацыйных матэрыялаў, якія рашэннем судоў і камісіямі прызнаны шкоднымі для нацыянальнай бяспекі нашай дзяржавы ці экстрэмісцкімі. Гэты спіс дастаткова вялікі, ён знаходзіцца ў адкрытым доступе (размешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусі), пастаянна дапаўняецца і актуалізуецца. У гэтым плане вялікую работу праводзіць сілавы блок нашай краіны і рэгіёны. Створаны маштабны пул экспертаў, якія прапускаюць праз сябе вялікую колькасць інфармацыі і дапамагаюць выяўляць такія матэрыялы. Канешне, гэта першапачаткова было накіравана на інтэрнэт — тую прастору, якую складана кантраляваць. Але, тым не менш, сёння ёсць тэхнічныя магчымасці блакіровак, праваахоўныя органы выкарыстоўваюць і іншыя механізмы, каб выяўляць экстрэмісцкія інфармацыйныя матэрыялы. Да гэтага моманту ўжо зроблена даволі вялікая работа ў актуалізацыі заканадаўства і дзеля таго, каб быў пастаўлены бар’ер для распаўсюджвання такога роду матэрыялаў. У гэтым кірунку працуе вялікая колькасць рэспубліканскіх органаў, якія ўважліва сочаць за рэалізацыяй прававых актаў па дадзеным пытанні. 

З 17 ліпеня 2023 года ўнесены змяненні ў Закон «Аб выдавецкай справе Рэспублікі Беларусь», што адкрыла яшчэ адзін кірунак дзейнасці Міністэрства інфармацыі. Гэта звязана з тым, што інфармацыя, якая можа нанесці шкоду інтарэсам Рэспублікі Беларусь, распаўсюджваецца ў тым ліку і праз кнігі, таму з 2023 года, калі заканадаўства ўступіла ў сілу, Міністэрства інфармацыі праводзіла прафілактычную работу, тлумачыла ўсе моманты. А з сярэдзіны гэтага года мы ўжо перайшлі ад тлумачэння да канкрэтных дзеянняў, бо стала магчымай блакіроўка такіх матэрыялаў у Беларусі. Гэта звязана перш за ўсё з тым, што сёння мы развіваемся ў межах Саюзнай дзяржавы. Наша суседка Расія вельмі актыўна пачала ўводзіць «агараджальныя» мерапрыемствы ў адносінах да той літаратуры, якая можа нанесці шкоду (прапаганда нетрадыцыйных сексуальных адносін, жорсткасці, скажэнне гістарычнай праўды і г. д.). Вялікая колькасць забароненага на тэрыторыі Расіі пачала ўсплываць у нас. Уся гэтая літаратура носіць прапагандысцка-камерцыйны характар. Яна актыўна рэкламуецца і распаўсюджваецца праз інтэрнэт. Распаўсюджвальнікі нават не звяртаюць увагу, што ім прапаноўваюць для рэалізацыі, бо гоняцца за прыбыткам. Таму мы не змаглі стаяць убаку ад гэтай праблемы і з восені пачалі адпрацоўваць першы спіс небяспечных матэрыялаў. Я перакананы, што тыя, хто займаецца распаўсюджваннем кніг, павінны кіравацца не камерцыйнымі інтарэсамі ў першую чаргу, а этычнымі, бо гэта — бяспека нашых дзяцей і іх будучыня. Паверце: калі вы возьмеце гэты спіс, пачытаеце анатыцыі да кніг, то зададзіце пытанне: як такое наогул можна было выдаваць? Не заўсёды пад прыгожай вокладкай кнігі мы пабачым куфэрак ведаў ці інфармацыю, якая зробіць нас духоўна багатымі. Першапачаткова для гэтага і створана кніга, але сёння яе выкарыстоўваюць у іншых мэтах. Тое, што дзяржава супрацьдзейнічае гэтаму, паказвае яе сталасць і мудрасць, значыць, сёння кіраўніцтва ўжо задумваецца, што будзе заўтра. Вядома, мы не збіраемся спыняцца на гэтым. Міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь дадзена даручэнне актыўна развіваць Закон «Аб выдавецкай справе» і іншыя нарматыўныя дакументы, якія дазволяць абараніць беларускі кнігавыдавецкі рынак ад шкоднай літаратуры і ў будучыні. 

— У вас вялікі досвед работы ў ідэалагічным сектары Гомельшчыны, цяпер — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Як паўплываць на выхаванне асобы цяпер, у час кліпавага мыслення, гаджэтаў? Калісьці па творы класікаў стаялі чэргі, а цяпер кнігі мала чытаюць... 

— Хачу адразу абвергнуць той факт, што сёння не чытаюць. У пачатку 2024 года Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь заказала апытанне ў Інстытуце сацыялагічных даследаванняў Акадэміі навук НАН Беларусі наконт чытацкіх пераваг насельніцтва. Важны аспект — якасць яго правядзення, бо можна і самастойна зрабіць апытанне, а можна, як было зроблена, звярнуцца да прафесіяналаў. Такім чынам мы атрымалі якасную інфармацыю, якая дазволіла выпрацоўваць кіраўніцкія рашэнні ў далейшым і развіваць гэтую сферу ў будучыні, разумеючы, якія і дзе ёсць праблемы і памылкі, каб іх прадухіліць у далейшым ці выправіць. 

Па выніках даследавання (апытвалі грамадзян Беларусі ва ўзросце ад 18 гадоў) сёння 34,3 % беларусаў чытаюць кожны дзень, 33,7 % — некалькі разоў на тыдзень. Гэта даказвае, што ў нас вялікая колькасць насельніцтва працягвае звяртацца да кнігі. Важна, канешне, што чытаюць і дзеля чаго. Большая частка апытаных (61,8 %) чытаюць дзеля задавальнення — гэта такая старая загартоўка ці наша ментальнасць: бацькі многіх з дзяцінства прывучалі, што па новыя добрыя ўражанні варта звяртацца да кнігі, чыталі казкі, таму гэтыя цёплыя ўспаміны працягваюць асацыіравацца з тым, што кнігу адкрываюць, каб атрымаць асалоду ад чытання. 

Асноўныя веды беларусы атрымліваюць з кнігі, бо 43 % чытаюць дзеля самаадукацыі, 19,6 % — па прафесійнай неабходнасці. А каб бавіць час, кнігу ў рукі бяруць 19,4 %. Што чытаюць сёння? 37 % апытаных выбіраюць кнігі сучасных аўтараў, 30 % — класікаў, 26 % чытаюць і сучасных аўтараў, і класікаў. 80,4 % аддаюць перавагу мастацкай літаратуры, 40,1 % — гістарычнай, 18,8 % — псіхалагічнай, 17,7 % — навукова-папулярнай. Дарэчы, у Мінску гэта асабліва відавочна: нікуды не зніклі з вялікіх гандлёвых цэнтраў кніжныя паліцы, таму кнігі папулярныя дагэтуль. 

Сёння ў Беларусі больш за 2,5 тысячы кнігараспаўсюджвальнікаў, іх колькасць з кожным месяцам расце. Звяртаюцца як дробныя, так і буйныя арганізацыі, якія пашыраюць сваю сетку дзеля кнігі. Сёння бізнес рухаецца ў бок кнігі, бо проста так ніхто ўкладваць свае грошы не стане. Адпаведна мы бачым: беларусы — нацыя, якая чытае, прычым перавага аддаецца менавіта папяровай (81,8 %), а не электроннай кнізе (12,1 %). Практычна ўсе апытаныя скептычна паставіліся да меркавання, што электронная кніга ў будучыні выцесніць друкаваную. 62 % беларусаў перакананы, што гэтага не адбудзецца ніколі. 48,7 % нашых суайчыннікаў любяць набываць кнігі ў магазінах, бо іх можна ўзяць у рукі: пагартаць, паглядзець і такім чынам знайсці сваю, даўшы ацэнку афармленню вокладкі, зместу, якасці паперы і г. д. Толькі 29,6 % выкарыстоўваюць для набыцця кнігі інтэрнэт.

На пытанне, што рабіць, каб павысіць цікавасць да чытання, перш за ўсё ў дзяцей, рэспандэнты выказваліся так: многае залежыць ад бацькоў. Сумеснае чытанне з дзецьмі, унукамі — не проста баўленне часу, гэта яднанне сям’і, тое, што застанецца ў памяці на ўсё жыццё. Трэба чытаць дзецям, чытаць разам, бо прыклад бацькоў — самае важнае. 

Таксама было пытанне наконт дамашніх бібліятэк. Калі некаму падаецца, што гэта нейкі рудымент у кватэры, ён памыляецца. Дамашняй бібліятэцы многія ўдзяляюць вялікую ўвагу, магчыма, не ў такой ступені, як было ў нашых бацькоў, але ж... У мяне таксама дома многа кніг, бо гэта — важны крок у выхаванні дзіцяці, альтэрнатыва гаджэтам, дрэннай кампаніі. 

Вядома, канкурэнцыя ў інфармацыйнай прасторы вялікая. Лічбавыя носьбіты яркія, як цукерка, хуткія, больш простыя ў выкарыстанні. Кнігавыдаўцы павінны клапаціцца пра якасць кнігі і думаць, як захапіць ёю сучасную моладзь, бо якаснае выданне цікавей і глыбей любых гаджэтаў. І мы пастаянна пра гэта гаворым, падштурхоўваючы кнігавыдаўцоў да паляпшэння якасці вокладкі, паперы, ілюстрацый, выкарыстання цікавых, але зручных для чытання шрыфтоў і г. д. Паколькі да нас паступаюць сігнальныя асобнікі, кожны месяц бачым, як прыслухоўваюцца да рэкаменадцый выдавецтвы, друкарні, у тым ліку прыватныя. Такім чынам, мы сочым за змяненнямі і папулярызуем самыя яркія і якасныя ўзоры працы. 

Я перакананы, што ўпрыгажэннем паліц у кнігарнях павінны быць толькі якасныя кнігі. Найлепшыя з іх таксама будуць прадстаўлены на нашай традыцыйнай Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў Мінску. Сёння яна з’яўляецца ўзорнай вітрынай беларускай кнігі на постсавецкай прасторы. 

— Ці ёсць ужо нейкая канкрэтыка ў дачыненні да тэматыкі наступнай Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу?

— Так, мы ўжо вызначылі вектар выстаўкі 2025 года. Паколькі ў наступным годзе Беларусь будзе старшынстваваць у ЕАЭС, то асноўны пасыл выстаўкі — прэзентацыя пяці краін, якія ўваходзяць у ЕАЭС. Будзе вялікі калектыўны стэнд з найлепшымі ўзорамі кнігавыдання гэтых дзяржаў. Што вельмі паказальна, бо развіваючыся ў адзінай эканамічнай прасторы, кніжнай выстаўкай мы адлюстроўваем, як развіваюцца кнігавыданне, творчыя аб’яднанні, у першую чаргу саюзы пісьменнікаў краін-удзельніц ЕАЭС, у тым ліку СПБ. Гэта хоць і іміджавы момант, але вельмі паказальны: толькі дзяржава, якая развіваецца і паважае сябе, падтрымлівае кнігавыданне і робіць усё для творчых саюзаў і папулярызацыі кнігі як на тэрыторыі сваёй краіны, так і за яе межамі. Беларусі ёсць, чым ганарыцца ў гэтым кірунку. Перакананы, мы будзем выглядаць на гэтым стэндзе пачэсна. Ідэя выстаўкі ўжо атрымала падтрымку віцэ-прэм’ера Ігара Віктаравіча Петрышэнкі, калі міністр інфармацыі Марат Сяргеевіч Маркаў яе агучыў. Ігар Віктаравіч як чалавек з вялікім досведам працы ў дыпламатычнай сферы падказаў, у якім кірунку варта рухацца. 

У 2025 годзе Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш будзе прадстаўлена на высокім узроўні, да арганізацыі і правядзення падключана вялікая колькасць міністэрстваў і ведамстваў, рэгіёны. Будзем імкнуцца, каб яна стала вялікай інфармацыйнай падзеяй у нашай краіне. Заўважу, што элементы выстаўкі, якія сябе ўжо зарэкамендавалі і сапраўды цікавяць наша грамадства, як сімпозіум «Пісьменнік і час», абавязкова застануцца ў праграме. Гэта не значыць, што не з’явяцца новыя формы. Сёння мы бачым цікавасць з боку педагагічных работнікаў, прадстаўнікоў сферы культуры, якія хочуць правесці дыялог у межах выстаўкі. Плануем папулярызаваць сацыяльна значную літаратуру, дзеля чаго будуць праводзіцца канферэнцыі, круглыя сталы. Мы адкрыты для прапаноў і зацікаўлены ва ўдзеле ў нашай выстаўцы замежных гасцей. Гэта сапраўды цікава з улікам азіяцкага кірунку, краін дальняй дугі, бо мы яшчэ недастаткова ведаем, як развіваецца кнігавыдавецтва там. Нам цікавы афрыканскі, паўднёва-амерыканскі кантынент. Разлічваем, што выстаўка адкрые новы, невядомы нам кніжны свет.

— Працягніце, калі ласка, думку: самыя галоўныя каштоўнасці беларускай нацыі — гэта…

— Я не буду фантазіраваць і цалкам пагаджуся са словамі нашага Прэзідэнта. Ён калісьці сказаў, што найгалоўнейшая каштоўнасць — чалавек. Адзінае, што дадам ад сябе, наша найгалоўнейшая каштоўнасць — чалавек і сапраўдная сям’я. Гэта той падмурак, на якім трымаецца ўсё астатняе. На чалавеку трымаецца краіна, бяспека, кнігавыданне — гэты спіс можна працягваць. Важна, каб ён быў патрыётам, прафесіяналам, а не абыякавым назіральнікам. Без чалавека не можа развівацца грамадства. А без сям’і, паколькі без яе немагчыма будучыня, не будзе самога чалавека. Гэта як працяг нашага роду, нашай гісторыі.

— Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — важная падзея для дзяржавы і грамадства…

— Любыя выбары, выбіраем мы дэпутата мясцовага Савета ці Прэзідэнта, гэта вельмі важны працэс для суверэннай дэмакратычнай дзяржавы. Калі мы лічым сябе грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, то павінны браць актыўны ўдзел у будаўніцтве, развіцці нашай краіны. Выбары — адзін з прамых элементаў народаўладдзя, і таму самае галоўнае, каб кожны грамадзянін Беларусі разумеў: у яго руках — будучыня нашай краіны. Да электаральных падзей варта ставіцца з усёй адказнасцю. Я з той катэгорыі людзей, хто лічыць: не павінна быць нават думкі, пайду я на выбары ці не. Адназначна, калі ты з’яўляешся грамадзянінам краіны, ты абавязаны прыйсці на выбарчы ўчастак. Гэта права і адначасова абавязак кожнага сумленнага чалавека.

Калі ў кагосьці па нейкіх прычынах не атрымліваецца выканаць свой грамадзянскі абавязак у дзень выбараў, гэта можна зрабіць датэрмінова. Сёння існуе шмат магчымасцей атрымаць інфармацыю пра выбарчыя працэсы ў нашай дзяржаве, фактычна ў краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб чалавек мог знайсці ўсю патрэбную інфармацыю, асэнсаваць яе і ўзяць у гэтым працэсе актыўны ўдзел. Мой пасыл да чытачоў «ЛіМа» такі ж, як да ўсіх беларусаў: не быць убаку, не быць абыякавымі да лёсу сваёй краіны, не лічыць, што ўсё і так адбудзецца без вас. Важны кожны голас грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Асабліва цяпер, калі мы бачым, што адбываецца вакол нашых граніц, калі хтосьці хоча, каб наша дзяржава паглыбілася ў бездань хаосу. Гэтага нельга дапусціць ні ў якім разе, таму толькі разам, ствараючы, клапоцячыся пра будучыню, мы зможам зрабіць так, каб наша краіна была моцнай і квітнеючай. Вельмі шмат залежыць яшчэ і ад лідара, чалавека, які стаіць на чале дзяржавы па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адказвае за нашу краіну. Гэты чалавек чакае падтрымкі. І менавіта яўка на выбарчыя ўчасткі і ўдзел у выбарчай кампаніі і ёсць падтрымка лідара, яго ініцыятыў, курсу, які ўжо абраны. Канешне, гэта яшчэ і сігнал міжнароднай супольнасці, наколькі сёння беларусы з’яднаныя і моцныя як нацыя, наколькі мы ўсе сёння клапоцімся пра сваё заўтра. Калі беларусы пакажуць 26 студзеня сваё яднанне і выберуць свайго Прэзідэнта, які будзе працаваць на наш дабрабыт і надалей, каб краіна развівалася і займала ганаровае месца ва ўсёй міжнароднай супольнасці, гэта будзе тым сігналам, які астудзіць гарачыя галовы за мяжой, прадухіліць нейкія неабдуманыя дзеянні ў дачыненні да нашай дзяржавы.

Канешне, выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — двойчы важная падзея, бо задача, якую мы перад сабой ставім, — падтрымаць моцнага кіраўніка, які, нягледзячы на вялікі знешні ціск, робіць усе магчымыя на сёння крокі на карысць нашага грамадства дзеля нас, беларусаў. 

Фота Кастуся ДРОБАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю