Top.Mail.Ru

Дзякуючы Максіму Танку ў космасе і Мураш пабываў

Аўтар: Алесь Марціновіч
30.06.2025 | 07:00

Хоць так шмат часу прайшло, не забываецца, як была сустрэта дзецьмі казка Максіма Танка «Быліна пра касмічнае падарожжа Мураша Бадзіні», якая выйшла ў 1979 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». На той час яны ўжо, безумоўна, нямала ведалі пра палёты ў космас. І не толькі Юрыя Гагарына і першай жанчыны-касманаўта Валянціны Церашковай. Але каб у завоблачныя вышыні паляцеў самы звычайны мураш! З тых, якіх многія сустракалі, калі былі ў лесе, хадзілі па полі. 


Не толькі хлопчыкам і дзяўчынкам цікава было даведацца, чаму Яўген Іванавіч героем свайго твора ўзяў менавіта такога персанажа. 

З падобным пытаннем звярнуўся да яго і я, узяўшыся пісаць рэцэнзію для ўсесаюзнага часопіса «Детская литература». 

І вось што пачуў у адказ: «Даўно збіраўся напісаць пра Мураша. Праўда, спачатку хацелася расказаць пра яго прыгоды на зямлі, а потым падумалася: „А чаму б не паслаць яго ў космас? Гэта ж вельмі цікава, займальна...“» За першым пытаннем у мяне з’явілася яшчэ адно: «Але чаму менавіта Мураша вы вырашылі адправіць у далёкае касмічнае падарожжа? Ёсць жа іншыя героі казак. Скажам, Заяц, Ліса... Дзеці іх ой як любяць!» Максім Танк адказаў: «Я вырас у лесе. У маленстве неаднойчы назіраў за гэтымі маленькімі настойлівымі працаўнікамі. Палюбіў іх. А Ліса, Заяц... Пра іх дзеці шмат чыталі... Пра Мураша ж — мала».

У выніку і нарадзілася «Быліна пра касмічнае падарожжа Мураша Бадзіні». А што твор названы былінай, нічога дзіўнага. Часам у жыцці збываюцца самыя светлыя мары і спадзяванні, фантастычнае, неверагоднае становіцца рэальнасцю. Тым больш калі гэта казка, то чаму б не паляцець у космас Мурашу? Асабліва калі ён не звычайны, а смелы, дапытлівы, якім і бачыцца ў Максіма Танка. У выніку беларуская дзіцячая літаратура папоўнілася адным з найбольш цікавых твораў. Ды і мастакоўская спадчына для дзяцей ад Яўгена Іванавіча ўзбагацілася.

Блікамі паэтычнасці, за якімі паўстае сам свет маленства, і напоўненыя найлепшыя творы Максіма Танка для дзяцей. Пачынаючы ад тых, у якіх Яўген Іванавіч асэнсоўвае фальклор. Кожным разам ён уносіў у твор, а гэта найчасцей казкі, сваё бачанне рэчаіснасці, імкнуўся больш ярка і выразна падаць вобразы ў нечым запамінальныя і разам з тым новыя. Імкнуўся зрабіць іх зрокава выразнымі.

Як у казцы «Мухамор».

Аднак у творах «Казка пра Мядзведзя», «Жук і слімак», «Галінка і верабей», «Ехаў казачнік Бай», «Журавель і чапля» і іншых хоць і відавочны фальклорны пачатак, але і прысутнічае шырокая воля ўласнай фантазіі паэта. Як не ўспомніць казку «Сярод лясоў наднёманскіх»? Не заўсёды ў гэтым невялікім творы можна правесці мяжу, каб адчуць, дзе выдумка, а дзе быль. Вельмі праўдзіва перададзена еднасць гераіні, малой Верачкі, «дачушкі лесніка», з наваколлем. «Дружыла яна з дрэвамі, // З птушынаю сям’ёй, // Звярынай усялякаю // І з ягадай лясной». Ды настала восень, і стала дзяўчынцы «нявесела, сум агарнуў яе». Вось тады і заспяшаліся да дзяўчынкі яе сябры:

Прыбеглі зайцы шэрыя,
Вавёрачкі гуллівыя,
Бабры, лісіцы, вожыкі,
Казулі палахлівыя.

Кожны стараецца Верачку развесяліць. А дамогся, каб дзяўчынка зноў усміхнулася, маленькі Павучок: «Ён павуцінку тонкую // Хутчэй снаваць пачаў. // Ад кусціка да кусціка, // Між лапак галін, // Ад елкі да сасоначкі, // Ад неба да зямлі». Маленькі Павучок аказаўся самым кемлівым. Зрабіў тое, чаго не маглі іншыя. Здавалася, мацнейшыя за яго ды менш знаходлівыя, на выдумку ахвотныя.

Не аднаму пакаленню дзяцей вядома і «Казка пра Музыку», напісаная яшчэ ў 1938 годзе, у якой Яўген Іванавіч творча асэнсаваў легенду пра гэтага самародка. Дарэчы, яна шырока распаўсюджана ў народнай творчасці. Да гэтага вобраза звярталіся народныя песняры Янка Купала і Якуб Колас, а таксама Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля. «Казка пра Музыку» ў інтэрпрэтацыі Максіма Танка нясе элементы казачнага, фантастычнага, але адначасова ў пэўнай ступені мае і жыццёвую аснову. Сірата Музыка — персанаж не выдуманы. Колькі такіх сірот было ў ранейшай Заходняй Беларусі, колькі абяздоленых, аднак таленавітых дзяцей не маглі вучыцца. 

Музыка Максіма Танка — «у лапціках лазовых хлопчык невялікі», які сам пра сябе гаворыць: «голы, як калок у плоце». Аднак вялікім талентам валодае.

У творы істотны такі момант: цар-уладар загадаў яго прывесці ў свой палац. Абяцаў шчасце, горы багацця, ды хлопчык на гэта не пайшоў: «Я жалейкі не прадам ні цару, ні вам ніколі». Важны такі эпізод, у якім закладзены асабліва значны сэнс. Калі слугі цара шукалі Музыку, ім падалося, што ўсё наваколле грае і спявае. Аднак адкуль той дзіўны водгалас, здагадацца не маглі.

Пра зямлю нашу песенную, якая з гадамі не страціла сваёй непаўторнасці, пра ўсё тое, што, кажучы словамі неўміручага Янкі Купалы, з’яўляецца старонкай роднаю, і прамаўляе ў гэтай кнізе адзін з самых выдатных яго творчых паслядоўнікаў. Многае, што змешчана на старонках выдання, патрапляе пад тое, што можна назваць толькі так: «Тут зямля такая». З яе багатай гісторыяй, з яе цудоўнымі людзьмі. Згадка пра яе гучыць і ў вершы «Ёсць такая зямля», якой кніга «Блікі сонца» адкрываецца:

Вось на гэтай зямлі шчасце 
выпала мне
Жыць, за плугам хадзіць і збіраць
Непаўторныя казкі і песні яе,
Каб, сябры, ўсе іх вам перадаць. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю