Top.Mail.Ru

Дзень беларускага пісьменства дазваляе падвесці вынікі літаратурнага года, адзначыць трэнды ў выдавецкай справе і прадставіць творчыя дасягненні

Аўтар: Алена Дзядзюля
28.08.2026 | 17:28
Летапісцы нашага часу

Як адзначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, сярод падзей, што сталі імпульсамдля новых мастацкіх праектаў, — І Форум маладых літаратараў Беларусі. Алесь Мікалаевіч пацвердзіў: «Сёння ў літаратуру прыходзіць шмат маладых аўтараў. Каб падтрымаць новую змену, у выдавецтвах «Мастацкая літаратура» і «Выдавецкі дом „Звязда“ запушчана серыя „Маладосць“, дзе друкуюцца творы аўтараў 20–30 гадоў. Ужо пабачыла свет кніга Андрэя Дарожкіна, рыхтуюцца да выхаду творы Вікторыі Кляўко». Падчас форуму была агучана ідэя аб развіцці больш шчыльнага супрацоўніцтва з маладымі аўтарамі рэгіянальных медыя. 

Форум падштурхнуў кіраўнікоў абласных рэгіянальных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў звярнуць увагу на моладзь. Актыўна такая работа вядзецца на Гродзеншчыне, Брэстчыне. На Міншчыне маладым аўтарам дапамагаюць выдаваць кнігі ў серыі «Бібліятэчка Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў». 

Адным з першаадкрывальнікаў паэтаў і празаікаў з’яўляецца часопіс «Маладосць». Штогод у ім друкуецца каля трох дзясяткаў імёнаў. У пошуку талентаў выданню дапамагаюць аддзяленні Саюза пісьменнікаў, наладжана супрацоўніцтва з літаратурнымі аб’яднаннямі, творчымі клубамі і гурт-

камі па ўсёй краіне. Сёння яны працуюць пры бібліятэках і навучальных установах. Пра моладзь не забываюцца і на беларускім радыё: у межах праекта «Прачулым радком» аўтары могуць расказаць пра сябе, прачытаць свае творы. 

Дыпламатыя сяброўства 

Сёння маладыя пісьменнікі працуюць і на так званую «дыпламатыю сяброўства»: з’явіліся таленавітыя аўтары, якія працягваюць лепшыя традыцыі мастацкага перакладу. Беларускія творы выходзяць на рускай і іншых мовах, а чытачы знаёмяцца з літаратурнымі здабыткамі іншых народаў. Алесь Карлюкевіч адзначыў асаблівую ролю ў гэтай справе Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў і выдання «Літаратура і мастацтва».

Перакладамі займаюцца і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў. У апошнія гады вырасла цікавасць да творчасці народаў 

Азіі, асабліва запатрабаваныя сучасныя маладыя кітайскія пісьменнікі. Між іншым, студэнты працуюць з творамі, якія раней не пераводзіліся на беларускую непасрэдна з мовы арыгінала, мінуючы рускую.

Пасланне Купалы 

Пра ўзаемную цікавасць да творчасці розных народаў гаворка будзе весціся і падчас міжнароднага літаратурнага круглага стала, які пройдзе 4 верасня. 

Ён арганізаваны Саюзам пісьменнікаў і Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Тут будзе прэзентаваны праект «Беларускім партызанам» на мовах народаў свету«. Верш, які Янка Купала напісаў 19 верасня 1941 года ў Падмаскоўі ў адказ на звесткі аб уздыме ўсенароднага супраціву на акупаванай тэрыторыі перакладзены на 55 моў народаў свету! 

Падчас Дня беларускага пісьменства ў Касцюковічах Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы будзе экспанаваць матэрыялы, звязаныя з 85-годдзем стварэння верша «Беларускім партызанам». У лічбавай копіі будуць прадстаўлены цудам захаваныя рукапіс верша і яго аўтарызаваны пераклад на рускую мову, зроблены сябрам Янкі Купалы Міхаілам Галодным. Захаваліся і лістоўкі з вершам, надрукаваныя ў Татарстане, які ў гады вайны даў прытулак Купале, як і многім іншым беларусам. Яны распаўсюджваліся на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, натхнялі на змаганне з ворагам. Плануецца, што музей пакажа адзін з апошніх здымкаў Купалы і яго апошнюю кнігу яшчэ мірнай вясны 1941-га. 

Так званыя «кабінеты пісьменнікаў» падчас свята ў Касцюковічах прадставяць і іншыя дзяржаўныя літаратурныя музеі Беларусі.

Здабыткі і памяць

Падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства вядзецца на працягу года. Праца СПБ скіравана на тое, каб пазнаёміць з найлепшымі здабыткамі сучаснай літаратуры. Свята дае выдатную магчымасць пісьменнікам сустрэцца з чытачамі. Аўтары падрыхтавалі праграмы, прысвечаныя актуальным, патрыятычным тэмам, Году беларускай жанчыны. Дарэчы, прадстаўніцы прыгожай паловы — актыўныя ўдзельніцы літаратурнага працэсу. Сёлета, у Год беларускай жанчыны, расце попыт на іх талент, павялічылася і цікавасць да творчай асобы: пісьменніц запрашаюць на сустрэчы ў розныя калектывы. 

«Літаратары Міншчыны жывуць паводле прынцыпу: па-сапраўднаму таленавіты пісьменнік з’яўляецца летапісцам часу, якому ён належыць. Таму тэматыка, змест твораў адпавядаюць духу часу, недалёкага мінулага, нехта спрабуе заглянуць у недалёкую будучыню», — заўважыў старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Леанід Крыванос. Штогод рэалізуецца шмат літаратурных, сацыяльна значных праектаў. Сярод іх — выхад паэтычнага зборніка «Чарнобыльскія саракавіны», прысвечанага 40-годдзю аварыі.

Да 135-годдзя Максіма Багдановіча выйшаў паэтычны зборнік «Сінякрылы матылёк», дзе пісьменнікі Міншчыны падзяліліся поглядамі на творчасць і жыццё класіка. Яго шырокая прэзентацыя пройдзе падчас свята ў Касцюковічах. Тэматыцы года будзе прысвечана сустрэча «Без жанчыны няма Айчыны», дзе будуць гучаць паэтычныя творы, якія яшчэ не друкаваліся і нідзе не былі шырока прадстаўлены. Асобнае выступленне «Мы помнім пра год 41-шы» звязана з 85-годдзем Вялікай Айчыннай вайны. 

У Саюзе пісьменнікаў Беларусі з павагай ставяцца да кожнага творцы, не забываюцца і пра тых, каго забірае час... На галоўнай сцэне будзе прадстаўлена праграма «Імёны светлыя, дарагія»: згадаюць народнага паэта Беларусі Уладзіміра Карызну, народнага пісьменніка Мікалая Чаргінца, былога старшыню Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Алеся Казеку. 

У Мікалая Чаргінца была традыцыя: штогод ён прыязджаў на свята пісьменства, каб сустрэцца з чытачамі.

Прадстаўнікі яго каманды Марыя Захарэвіч і Эдуард Ханок адгукнуліся на прапанову арганізатараў правесці падчас свята вечарыну памяці «Дарогамі жыцця Мікалая Чаргінца». 

Калі словы адгукаюцца ў думках...

Падчас Дня пісьменства пройдзе гала-канцэрт з удзелам пераможцаў конкурсу, юных чытальнікаў «Жывая класіка». Сёлета да яго далучыліся 28 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. 

«У гэтым годзе на конкурсе беларуская класіка была прадстаўлена ў лепшым выглядзе. Дзеці выбіралі для свайго выступлення творчасць вельмі розных аўтараў. Парадавала, што прагучала і касцюковіцкае імя — творы Алеся Пісьмянкова», — адзначыла першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Алена Стэльмах. Уражвае і разнастайнасць тэм, якія цікавыя дзецям. Безумоўна, гэта Вялікая Айчынная вайна, любоў да роднай зямлі, духоўная спадчына, павага да беларускай жанчыны. Удзельнікі да сваіх выступленняў падышлі па-майстэрску, прадстаўлялі складаныя вобразы. Гэта сведчыць, што дзеці любяць беларускую літаратуру, адчуваюць яе, што словы класікаў адгукаюцца ў іх душах. Хто ведае, можа, сярод юных чытальнікаў, якім настолькі блізкае мастацкае слова, падрастаюць і будучыя аўтары?..

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю