Аўтар распавядае пра складаную і напружаную працу каманды супрацоўнікаў санаторыя. Вопытны публіцыст не галаслоўна, а з канкрэтнымі прыкладамі і дзеючымі асобамі расказвае, як улюбёныя ў сваю малую радзіму людзі ўмела выкарыстоўваюць прыгожыя прыродныя ландшафты, апетыя Максімам Танкам, і гаючыя яе багацці для паляпшэння здароўя адпачывальнікаў. Якія, дарэчы, прыязджаюць не толькі з усёй краіны, але і з блізкага і нават далёкага замежжа. Нямала сярод такіх гасцей і пастаянных наведвальнікаў здраўніцы. Іх вабіць сучасная лячэбная і аздараўляльная база, высокакваліфікаваны медыцынскі персанал, камфортныя пакоі для пражывання, выдатны ўзровень абслугоўвання. Аўтар адзначае, што паступовы рух наперад стаў пастаянным дэвізам калектыву «Прыазёрнага».
Кніга «Курорт маёй мары» — не проста публіцыстыка на злобу дня. Павел Жукаў падымае ў ёй праблемы не толькі санаторыя «Прыазёрны», дакладней, не столькі санаторыя, колькі ўсяго азёрнага краю з мноствам устаноў падобнага тыпу, населеных пунктаў Нарачаншчыны. Як зрабіць яго агульнай добраўпарадкаванай курортнай зонаю накшталт еўрапейскіх прыморскіх месцаў адпачынку? Ці можна пераўтварыць Нарачанскі азёрны край у першакласны курорт міжнароднага ўзроўню?
Аўтар акцэнтуе ўвагу на дзяржаўнай значнасці санаторна-курортнай справы. Сур’ёзная работа ў гэтым кірунку пачалася пасля прыняцця Дзяржаўнай праграмы развіцця Нарачанскай курортнай зоны на 2011–2015 гг. Планавалася, што пры рэалізацыі дзяржпраграмы «асноўныя намаганні накіраваны на ўдасканаленне сферы паслуг, індустрыі забаў, будаўніцтва атэляў і іншых аб’ектаў». Аўтар кнігі прывёў словы тагачаснага кіраўніка Мінскай вобласці Леаніда Крупца, якому адрасаваў некалькі пытанняў па гэтай тэме.
Вядома, за мінулы час шмат зроблена. Рэканструяваны санаторыі «Прыазёрны», «Нарачанскі бераг», «Журавушка», «Белая Русь», туркомплекс «Нарач». Завершана рэканструкцыя аўтавакзала ў Мядзеле, пабудаваны новы аўтавакзал і станцыя абезжалезвання вады ў пасёлку Нарач. Акрамя таго, у Нарачанскім нацыянальным парку рэканструявана гасцініца «Нарач», створаны парк рэдкіх раслін, «Аптэкарскі сад», сафары-парк. У прыродным комплексе «Блакітныя азёры» абсталявана экалагічная сцежка.
І ўсё ж гэтага недастаткова!
«Узяліся, напрыклад, у „Прыазёрным“ за ўзвядзенне ведамаснага пляжа, а праз нейкі час у „Спутніку“ прыступілі да будаўніцтва круглагадовага тэрмальнага воднага парка...» Дарэчы, добрая справа — абсталяванне свайго пляжа. Як адзначае Павел Жукаў, вырашылі «прасячы акно да возера Нарач». Узялі пад сваю адказнасць частку берагавой лініі і ператварылі яе ў прыцягальнае для ўсіх месца адпачынку. Ужо цяпер там ёсць новае сучаснае кафэ, аглядная пляцоўка, з якой адкрываюцца прыгожыя краявіды. І амаль усё неабходнае для адпачынку дзяцей і дарослых.
Аўтар выказвае думку, што, дарэчы, «стэрэатыпы санаторыя для дзядуль-бабуль» сыходзіць у мінулае.
Спрыяюць папулярнасці, як сцвярджае Павел Жукаў, экскурсіі па славутасцях Мядзельшчыны, якія актыўна выкарыстоўваюць у сваей дзейнасці санаторыі. У гэтых мясцінах нарадзіліся народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч, народны паэт Максім Танк. На тэрыторыі раёна ёсць унікальныя культавыя ўстановы, музеі, панскія сядзібы, паркавыя комплексы…
Мядзельшчына — сапраўдная жамчужына нашай рэспублікі. Але, несумненна, яе трэба развіваць і ўпрыгожваць! Менавіта гэта хоча сказаць аўтар кнігі «Курорт маёй мары» сваім чытачам, ён не шкадуе яркіх параўнанняў, метафар для апісання прыгажосці прыроды Нарачанскага краю, а таксама аздараўленчых устаноў.
Кніга «Курорт моей мечты» Паўла Жукава ўбачыла свет у выдавецтве «Чатыры чвэрці». Гэта сумесны ўклад і аўтара, і выдавецтва ў папулярызацыю і развіццё аздараўленча-турыстычнай галіны краіны.
Нэлі МЕЛЬНІЧЭНКА
Прэв’ю: з адкрытых крыніц