Пра творчасць маладых мастакоў паразважалі спецыялісты падчас прэс-канферэнцыі «Беларусь мастацкая: голас маладых у фарміраванні культурнага ландшафту», што прайшла ў Доме прэсы. У цэнтры ўвагі спікераў быў рэспубліканскі конкурс «Трыенале маладых мастакоў — 2025», пераможцы якога атрымаюць грашовую ўзнагароду ў памеры 60-ці базавых велічынь. Прыём работ — да 26 верасня. Другі раз фестываль арганізоўвае Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў.
Дырэктар НЦСМ Сяргей Кавалёў:
— Адна з нашых галоўных задач — пошук маладых талентаў, магчымасць выдзялення ім пляцоўкі, дзе яны могуць альбо выступаць куратарамі, альбо рабіць уласныя выстаўкі. Так, у 2021 годзе праводзілі Першае міжнароднае дзіцячае біенале і дзіцячы фестываль кіно і тэлебачання «Кінасвет». У 2022 годзе пачаліся пленэры, якія мы арганізуем штогод: маладыя мастакі ездзяць па краіне, а вынікі іх працы можна ацаніць на справаздачнай экспазіцыі. Таксама мы не забываем тых, хто перамагаў у нашых конкурсах-трыенале: у 2023-м праводзілі персанальную выстаўку Марыны Хадаровіч, а Хрысціна Высоцкая ўдзельнічае ў нашым фестывалі «Тэкстыльны букет».
Этап адбору на Трыенале маладых мастакоў будзе праходзіць у кастрычніку, а выстаўка — у лістападзе і снежні. Плануецца 10 намінацый: скульптура, жывапіс, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, інавацыі (куды ўваходзяць інсталяцыі, арт-аб’екты, перфомансы і гэтак далей), фатаграфія, прыз сімпатый гледачоў... Асобныя намінацыі — «Мастацкая дынастыя» —для прадстаўнікоў творчых сямей і «За ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва».
Між тым НЦСМ рыхтуе спецыяльны праект для школьнікаў «Школа крэатыўных індустрый». Амаль у кожным горадзе краіны з’явяцца філіялы. Будуць прапанаваны спецыяльныя шматгадовыя праграмы для старшых класаў, у рамках якіх навучэнцы могуць рыхтавацца да паступлення ў творчыя ВНУ ці проста самарэалізоўвацца. Для ўдзельнікаў будзе заснавана спецыяльная прэмія.
Старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык:
— У Беларусі надзвычай таленавітая моладзь з вялікай будучыняй. Саюз мастакоў цалкам яе падтрымлівае. Мы цесна супрацоўнічаем з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў, НЦСМ, Міністэрствам культуры. За апошнія тры гады правялі каля 500 мастацкіх праектаў у краіне і за яе межамі, у іх ліку і пленэры, у якіх удзельнічаюць
як сталыя мастакі, так і маладыя. Такі дыялог дае добры вынік: калі раней
у нашу арганізацыю ўступалі ад трох да шасці чалавек за год, то апошні падлік сведчыць пра 48 новых членаў суполкі. Імкнёмся ўсім даць творчыя пляцоўкі.
Сёлета маладзёжная секцыя Саюза мастакоў ліквідавана. Цяпер маладыя мастакі, якія маюць талент, прафесійную адукацыю, дастатковы творчы багаж, могуць адразу ўступіць у арганізацыю. Да таго ж схіляемся да практыкі, калі, напрыклад, да стварэння асноўных манументальных аб’ектаў далучаюцца маладыя аўтары, студэнты Акадэміі мастацтваў.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота з telegram-канала
Прэс-цэнтра Дома прэсы