Top.Mail.Ru

Дзе хаваецца мудрасць у сучасных казках?

Аўтар: Алена Драпко
26.08.2026 | 17:47
Святло чароўных гісторый

Свята кожны з нас заўсёды можа зладзіць для сябе сам, а вось рэцэпт непаўторных вандровак і цікавыя адкрыцці часта мы адшукваем у кнігах. І калі нядаўна трапілася ў рукі навінка «Чароўны пярсцёнак» Лёлі Багдановіч, што выйшла сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда», з’явілася жаданне пагаварыць не толькі пра сэнсы, якія сёння зашыфроўваюць аўтары ў сваіх творах.

Варта прыслухацца

Кніга «Чароўны пярсцёнак» Лёлі Багдановіч пад сваёй вокладкай сабрала казкі (іх больш за паўсотню) для дзетак малодшага школьнага ўзросту. Чытача адразу можа падкупіць невялікі памер кожнага твора. І тое, думаю, вельмі правільны аўтарскі падыход, паколькі такія міні-гісторыі, па-першае, дазваляюць, не стаміцца маленькаму чытачу, а па-другое, павялічваюць верагоднасць правільна зразумець і засвоіць тую альбо іншую думку-мараль, якая выказваецца ў аповедах. 

Важных і карысных ідэй у кнізе сапраўды шмат. У працэсе чытання дзеці знаёмяцца не толькі з калейдаскопам сюжэтаў, але і са шматлікімі персанажамі пражываюць самыя розныя падзеі і сітуацыі, якія вучаць іх смеласці, дабрыні, сяброўству, веры ў свае сілы і г. д. Напрыклад, у шэрагу казак галоўнымі героямі выступаюць прадстаўнікі птушынага і жывёльнага свету. І чытачы могуць не проста сачыць за развіццём падзей, але і знаёміцца з будовай навакольнага свету, адкрываючы для сябе законы ўзаемадзеяння ў ім усяго жывога. Так, пачынаецца кніга з казкі «Стужкі для бярозкі», дзе птушкі пажадалі ўпрыгожыць дрэўца. Аказалася, што патрэбныя стужкі знайшліся ў сарокі, якая падабрала іх там, дзе дзяўчынка Волька іх згубіла. І вось вам адразу дзве аўтарскія думкі: як важна быць уважлівымі да сваіх рэчаў, а таксама, што зрабіць прыемнае тым, хто побач, часам вельмі проста. 

Прыкладна ў кожнай гісторыі гэтай кнігі мы знаходзім такую падачу. У некаторых, праўда, усё важнае не хаваецца паміж радкамі, а сфармулявана адкрыта, у тым ліку, калі згадваюцца адпаведныя прыказкі ці прымаўкі. У казцы «Дзяўчынка-журавінка» герой кажа: «...надзею ніколі не трэба страчваць», а пасля знаходзім ужо аўтарскае: «Вось вам і Лесавік. Пачвара, злыдзень. А калі да яго з душою, дык і ён дабром на дабро адкажа»... Апошняя думка, праўда, пасля яшчэ і ў аповедзе «Згубленая ўсмешка» сустракаецца, але там ужо яна гучыць у кантэксце таго, як важна клапаціцца аб сваіх родных людзях. Знойдзе тут уважлівы чытач і шэраг казак, якія часам больш нагадваюць побытава-сюжэтныя заметкі. Іх ключавой думкай стаў заклік да дзяцей быць паслухмянымі («Касманаўт Сева», «Небяспечныя гульні», «Як маленькую ластаўку ратавалі», «Як Стасік Захарку ратаваў» і іншыя). 

Акцэнты ў словах і вобразах

Таксама шмат у гэтай кнізе думак пра сапраўднае сяброўства, клопат пра бацькоў, беражлівае стаўленне да кніг і рэчаў, пра веру ў свае сілы і жаданне адкрываць для сябе кожны дзень нешта новае. Шмат у гісторыях сабрана і прыказак, прымавак. Вядома, менавіта яны ёмка перадаюць і жыццёвы вопыт, і мудрасць папярэдніх пакаленняў, пры гэтым па-ранейшаму застаюцца канстантамі жыцця. Напрыклад, у адной казцы «Сябар пазнаецца ў бядзе» чытаем: «калі ты без сяброў, дык як печ без дроў», а ў казках «Як гукнеш, так і адгукнецца», «Хто працуе, таму і шанцуе», «Пры сонейку цёпла, пры мамцы добра» — іх сустракаем адразу ў загалоўках. Аднак, тое, што часам аднолькавая ідэя паўтараецца ў некалькіх гісторыях, можна расцэньваць па-рознаму. Хтосьці можа абурыцца, маўляў, навошта пісаць пра адно і тое ж, а іншыя заўважаць, што паўтарэнне спрыяе лепшаму засваенню. Сама пагаджуся з абодвума бакамі, толькі ў першым выпадку дадала б пажаданне: хочацца больш яркіх ілюстрацый. Дарэчы, аздобіла кнігу мастак Ганна Архіпава. Малюнкі яе, хоць і не так часта сустракаюцца, але звяртаюць на сябе ўвагу, падмацоўваючы апісанае ў кожным канкрэтным творы. 

Прачытаўшы ўсе 58 аўтарскіх казак, вядома, шмат застаецца ў памяці, пра многае хочацца паразмаўляць з дзецьмі. Напрыклад, што «дзякуючы шчырасці і пяшчоце, і на месцы калючак з’яўляюцца прыгожыя кветкі» («Нечаканае побач»), што страх жыве і мае вялікія памеры насамрэч толькі ў нашым уяўленні («Злосны пушчавік»), а таксама пра тое, чым небяспечныя на вадзе гульні («Небяспечныя гульні») ці з агнём («Як Моня ледзь хату не спаліў»), або чаму раней вокны лічыліся «вачыма дома» («Новыя аканіцы»)... Разумееш і тое, што ўсё ж некаторыя з гісторый пададуцца звычайнымі, але дапамогуць адчуць асалоду ад гучання беларускай мовы, паглядзець на свет праз новыя вобразы. Будуць і тыя, у якіх нават мы, дарослыя, зможам пазнаць сябе ці ўзяць сабе нешта на заметку. Таму чытайце і потым ужо даведаемся, у чым супадуць нашыя ацэнкі і меркаванні.

Алена ДРАПКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю