Свой кар’ерны шлях Анатоль Ліс пачаў з пажарна-выпрабавальнай станцыі, якая пазней стала асновай для заснавання Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. Пасля заканчэння ў 1971 годзе тэатральна-мастацкага інстытута пэўны час працаваў мастаком-афарміцелем. Анатоль Ліс стварыў мноства плакатаў, буклетаў і медалёў, прысвечаных пажарнай тэматыцы. Яго значным укладам стала заснаванне галерэі партрэтаў ветэранаў і кіраўнікоў пажарнай службы, пачынаючы з 1921 года і да нашых дзён.
Пасля выхаду на пенсію працягнуў займацца творчасцю. Яго архіў налічвае больш за сотню жывапісных і больш за тысячу графічных работ, а творы знаходзяцца ў дзяржаўных і прыватных калекцыях Фінляндыі, Ізраіля і ЗША.
На працягу ўсяго жыцця творца шмат эксперыментаваў з рознымі жанрамі і стылямі, што можна заўважыць на выстаўцы «Іншыя светы». У яе межах прадстаўлены класічныя пейзажы, партрэты і графічныя работы, выкананыя акрылам і алеем, пастэллю і простым алоўкам.
Экспазіцыя падзелена на дзве залы — два своеасаблівыя, проціглеглыя па атмасферы сусветы. Першы сумяшчае міфалогію і рэлігію, прымушае задумацца пра вытокі чалавечага існавання і межы нашай рэальнасці. Творчасць Анатоля Ліса напоўнена філасофскімі разважаннямі, якія адлюстроўваюць перажыванні і пачуцці аўтара. Пачынаецца экспазіцыя сімвалічна: работы «Благаславенне» (2017), «Пераемнасць» (2014), «Маці Прырода» (2015) расказваюць пра наш агульны пачатак, дзе межы паміж рэальнасцю і чараўніцтвам сціраюцца, агаляючы сапраўдную існасць светабудовы. У работах з рэлігійным падтэкстам — «Благаславенне» (2017), «Бог з намі» (2005), «З’яўленне Евы» (2014) і інш. — мастак выкарыстоўвае розныя вобразы, звяртаючыся нават да язычніцкіх сімвалаў. Рэлігія ў творах Анатоля Ліса не расказвае чалавецтву, як патрэбна жыць. Яна адлюстроўвае сапраўдную існасць людзей, іх заганы і боль.
Побач знаходзяцца работы, прысвечаныя міфалогіі і старадаўнім традыцыям, якія захаваліся да нашых дзён. Карціны «Царэўна-лебедзь» (1989), «Жамчужына мора» (2016), «Вянок ратавання» (2008) адсылаюць гледачоў да ўласных крыніц, дзе продкі верылі ў патаемнае і як ніколі былі блізкія да цудаў.
Асобна трэба разглядаць работы «Скульптура гумовая» (2013) і «Перапляценне эмоцый» (2010), выкананыя ў кірунку «сюррэалізм». Фантастычныя сілуэты, сімвалізм і загадкавасць ствараюць спрыяльную атмасферу для даследавання закладзеных у творы сэнсаў.
Усе карціны, прадстаўленыя ў першай зале, выкананы ў адной колеравай палітры, ствараючы адзіную блакітна-бірузовую прастору для роздуму.
Пейзажы і графічныя работы Анатоля Ліса прадстаўлены асобна. Напоўненыя паэзіяй, любоўю і прыгажосцю краявіды, выкананыя ў рэалістычнай манеры, прывабліваюць цеплынёй, лірычнасцю і прапрацоўкай дэталяў. Аўтар не пакінуў без увагі ні адну пару года. Светапогляд Анатоля Ліса дазваляе гарманічна ўпісаць класічныя вобразы ў сучаснае выяўленчае мастацтва, падкрэсліваючы вытанчанасць і пяшчоту беларускай прыроды.
Амаль кожны пейзаж паказвае прыгажосць нашых рэк і азёр, што вельмі моцна пераклікаецца з фантастычнай блакітнай прасторай першай залы.
У меньшай ступені на выстаўцы прадстаўлены графічныя работы майстра. Аднак яны таксама заслугоўваюць асаблівай увагі. З дапамогай толькі простага алоўка мастак імкнецца перадаць багаты ўнутраны свет чалавека, яго супярэчлівыя пачуцці і яркія эмоцыі. Аўтар выкарыстоўвае жанр партрэта, дзе звычайныя штрыхі раскрываюць глыбіню сэрца. Тут таксама можна сустрэць сюррэалістычныя работы, якія паказваюць заганы чалавецтва.
У сваіх работах Анатоль Ліс часта выкарыстоўвае вобраз жанчыны ў ролі багіні, маці, каханай, пакутіцы... Недарэмна ў самым пачатку экспазіцыі гледачы знаёмяцца з творам «Маці прырода», які сімвалізуе пачатак усяго жывога на Зямлі.
Выстаўка працуе да 18 студзеня 2025 года.