Top.Mail.Ru

Доўгачаканая прэм’ера новага беларускага фільма пра школу

18.08.2025 | 07:10

На сустрэчу з «Класнай»


У чэрвені гэтага года на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» адбылася вялікая размова пра айчыннае кіно, падчас якой кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з перспектывамі развіцця беларускага кінематографа і абазначыў канкрэтныя задачы. Гаворачы пра вытворчасць фільмаў, Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што кіно павінна быць сучасным і дынамічным. На кінастудыі кіраўнік дзяржавы пагутарыў з маладым беларускім рэжысёрам Кірылам Халецкім, які распавёў пра здымкі першай айчыннай стужкі пра школу «Класная». Аляксандр  Лукашэнка сказаў, што ведае змест фільма і параіў, каб жыццё аграгарадка ў гэтай гісторыі адпавядала рэальнаму, бо яно адрозніваецца ад сталічнага.

Ці атрымаецца кіно сапраўды класным, даведаемся неўзабаве. Новая работа Кірыла Халецкага практычна ўжо гатовая: фільм зняты, мантаж праведзены, героі агучаны, засталося дачакацца, пакуль фільм пра маладую настаўніцу і яе першы вопыт класнага кіраўніка пакажуць на вялікім экране краіны. Каб даведацца, якім атрымалася кіно, карэспандэнт «ЛіМа» завітала на «Беларусьфільм» да рэжысёра «Класнай».

Дата невыпадковая: фільм вырашана прымеркаваць да Дня настаўніка, два тыдні пракату якраз яго захопяць. «З пункту гледжання маркетынгу гэта ўдалы час, бо ў лістападзе наш кінарынак захоплены расійскімі камедыямі, далей чакаецца яшчэ адна гучная прэм’ера — „Аватар 3“, таму мы ўсё робім правільна, — перакананы Кірыл Халецкі. — Ці падабаецца мне фільм „Класная“? Будзем лічыць гэта пытанне рытарычным, бо я зацікаўленая асоба. Хацеў бы, каб гэта кіно назвалі класным самі гледачы. 

Асабіста мне захацелася назваць яго „Класнай“ (сцэнарый меў назву „Класная дама“. — Аўт.), бо гэта своеасаблівая гульня слоў і ўсё геніяльнае проста».

Паводле слоў рэжысёра, выйшла душэўнае, лямпавае, добрае і павучальнае сямейнае кіно ў нязвыклай для беларускага фільма форме. Узроставае абмежаванне 6+, а гэта значыць, што «Класную» зможа паглядзець як мага болей людзей. «На прэм’еру раю прыйсці ўсім класам, сям’ёй, бо гэта гісторыя будзе цікавая кожнаму, у ёй узнімаюцца самыя розныя тэмы. А яшчэ гэтае кіно сапраўды аб’ядноўвае, бо школа была ці ёсць у кожнага з нас, — распавядае Кірыл Халецкі. — Падчас здымак я адчуваў, што вельмі многа людзей хоча далучыцца да фільма: атрымліваў паведамленні ад знаёмых з гісторыямі з іх школьнага жыцця, на здымачнай пляцоўцы сваімі прапановамі дзяліліся і вучні, якіх мы выкарыстоўвалі для масоўкі. Разумеючы, наколькі ўсе хочуць зрабіць свой унёсак, на этапе мантажу ў мяне нарадзілася ідэя: кожны можа даслаць сваю школьную фатаграфію, і яна зможа трапіць у фільм. За два тыдні было атрымана каля 800 здымкаў, з якіх каля 90 можна будзе ўбачыць на экране — фота савецкага часу і сучасныя. Я рады, што нас сапраўды аб’ядноўвае гэтае кіно».

Адной з самых складаных стала ключавая сцэна, дзе было задзейнічана каля 200 чалавек, 80 % з якіх дзеці. «Канешне, працаваць з маладымі і непрафесійнымі акцёрамі было спачатку няпроста, але ўдалося знайсці агульную мову. Акрамя таго, па законе дзяцей нельга здымаць больш чым 4 гадзіны ў дзень, і таму ўсё трэба было зрабіць аператыўна, — згадвае Кірыл Халецкі. — Складанымі тэхнічна выдаліся начныя здымкі эпізоду, дзе хтосьці правальваецца пад лёд. Удзел бралі каскадзёры. Аднак трэба было забяспечыць усе ўмовы для тэхнікі бяспекі на вышэйшым узроўні. Гэтыя дзве сцэны сапраўды ўпрыгожаць фільм!»

«Класную» ўжо паказалі фокус-групе, каб унесці карэктывы з улікам меркаванняў патэнцыяльнага гледача. «Былі запрошаны маладыя педагогі, выпускнікі, навучэнцы БДПУ — непасрэдна тыя, пра каго знята кіно, а таксама творчая моладзь і прадстаўнікі міністэрстваў культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь. На 98 % усім усё спадабалася, было адзначала новае дыханне ў нашым кіно, — распавядае Кірыл Халецкі. — Ход з фокус-групай не новы, але перад прэм’ерай маіх работ такога яшчэ не было. Гэта сапраўды карысна, бо мы можам толькі прадугадваць, што сапраўды будзе цікава гледачу, а тут адразу пабачылі яго рэакцыю. Было вельмі прыемна пачуць шмат станоўчых водгукаў. Людзі казалі, што гэта іх гісторыя. Некаторыя нават не верылі, што беларускае кіно можа быць такім і на настолькі высокім узроўні».

Падводзячы вынікі, рэжысёр заўважыў, што акцёрскі састаў аказаўся ўдалым, хоць перад здымкамі было не так лёгка адшукаць вучняў — у нас кінашколы развітыя не настолькі, як у Расіі. Але таленавітая моладзь у Беларусі ёсць! Таму ўсё атрымалася. Кірыл Халецкі адкрыў невялічкі сакрэт: адзінаццацікласнікамі ў фільме сталі юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў, якія, на яго густ, выглядаюць як вучні 11 класа. «У асноўным у нас беларускі састаў, але ў фільме можна будзе пабачыць расійскага блогера-мільённіка Кірыла Малышава, маладую зорку расійскага кіно Цімафея Кочнева і акцёра з Масквы Ілью Лукашэнку, з удзелам якіх да нашага фільма будзе прыцягнута яшчэ больш увагі, — лічыць Кірыл Халецкі. — Асаблівы статус „Класнай“ надае ўдзел у гэтай гісторыі міністра культуры Рэспублікі Беларусь Руслана
Чарнецкага, які быў зацверджаны на ролю кіраўніка камісіі па размеркаванні выпускнікоў яшчэ да сваёго назначэння. Мы, канешне, хваляваліся, ці зможа Руслан Іосіфавіч знайсці магчымасць увасобіць свайго персанажа. Вядома, ён здымаўся ў вольны ад працы час. Рады, што ўсё атрымалася!»

Рэжысёр з упэўненасцю сказаў, што з выканаўцай галоўнай ролі настаўніцы не памыліліся, аддаўшы перавагу Ірыне Мароз сярод 7-8 кандыдатур. «Гэта поўнае пападанне ў вобраз. Для Ірыны роля класнай — важны крок у вялікае кіно, бо раней у яе не было галоўных роляў у поўным метры. Я рады, што мы адкрылі новую зорачку», — падкрэслівае Кірыл Халецкі.

Сярод цікавых дэбютантаў і кампазітар Максім Пятруша, які стварыў каля 30 арыгінальных трэкаў. Для галоўнай гераіні была абрана флейта. Будуць і сённяшнія хіты, сярод іх — «Пяшчотнае каханне» гурта «Beautiful Boys». 

Ірына ПРЫМАК
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю