Калі згадваць Сяргея Сахарава (1880–1954) у кантэксце працэсу вяртання ў нацыянальную парадыгму імёнаў і забытай творчай спадчыны, можна з упэўненасцю сказаць: зробленае і сабранае педагогам і этнографам заняло сваё пачэснае месца ў гісторыі беларускай культуры.
Вядома, у гэтым і іншых выпадках не даводзіцца гаварыць пра вычарпанасць тэмы, але сёння крыніцазнаўчая аснова жыццяпісу, зафіксаваная ў публікацыях і архіўных зборах, — даволі вялікая і даступная для знаёмства.
Пры наяўнасці шэрага публікацый, прысвечаных сёлетняму юбіляру, варта не кампіляваць зафіксаваныя факты і біяграфічныя эпізоды, а звярнуцца да невядомых ці малавядомых архіўных матэрыялаў, якія не толькі паказваюць чалавека і час, але і дапамагаюць паглядзець на мінулае з нечаканых ракурсаў.
Найбольш актыўна дзейнасць С. Сахарава на нацыянальнай ніве разгарнулася ў Латвіі ў 1920–1930-х гг. Да гэтага абавязвалі адказныя пасады: дырэктар Люцынскай гарадской гімназіі, старшыня культурна-асветніцкага таварыства «Бацькаўшчына», кіраўнік беларускага аддзела Міністэрства асветы Латвіі, дырэктар Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі.
Пажоўклыя аркушы
У зборах старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваецца асабісты фонд С. Сахарава. Дакументы ў 1966 г. перадала яго дачка Ірына Вількель. 93 архіўныя адзінкі, датаваныя 1901–1952 гг., адлюстроўваюць службовую дзейнасць фондаўтваральніка, яго фалькларыстычныя клопаты, да якіх была далучана не толькі навучэнцкая моладзь, але і ўласныя дзеці.
Запісы ў пашпартных кніжках С. Сахарава, выдадзеных у 1904 і 1911 гг., гавораць пра найменш вядомы перыяд дзейнасці. Фотаздымкаў няма, але некаторыя паметкі дапамагаюць візуальна ўявіць уладальніка афіцыйных дакументаў: «Рост: Два аршіна и 5 вершков»; «Цвет волос: темно-русый».
У пашпарце 1904 г. зроблены запіс аб шлюбе: «Означенный в этой книжке Сергей Петрович Сахаров 27-го июля 1905 года повенчан первым законным браком в Шатиловской, Полоцкого уезда, церкви с дочерью настоятеля Люцинского собора, протоиерея Федора Никоновича, девицею его Ольгою Федоровною Никонович, имеющей от рождения 21 год».
Новы сацыяльны статус сведчыць дакумент 1911 г., выдадзены «из Витебской Казенной Палаты... сверхштатному чиновнику для поручений Палаты Сергею Петровичу Сахарову».
У ланцужку службовых перамяшчэнняў цікавасць уяўляюць наступныя тэксты: «Приказом Витебского Губернатора от 2 марта 1912 г. за № 10 назначен Секретарем при Витебском Губернском Тюремном Инспекторе».
«...предложением Господина Попечителя Рижского учебного округа от 24 июля 1913 г. за № 12234 назначен на должность инспектора народных училищ ІІІ-го Юрьевского района, Лифляндской губернии, считая с 1 июля 1913 года».
«...распоряжением Попечителя Витебского Учебного Округа от 20 мая сего 1917 г. № 10001 назначен на должность Инспектора народных училищ Пинского уезда с 1 июня 1917 г.».
Частка былой Віцебскай губерні, дзе беларусы былі аўтахтоннымі жыхарамі, апынулася ў складзе незалежнай Латышскай Рэспублікі. Сяргей Сахараў, жыццёва звязаны з гэтымі землямі, быў пакліканы бараніць інтарэсы сваіх суродзічаў.
Рыга — Мінск
Сістэма пачатковых і сярэдніх беларускіх навучальных устаноў у Латвіі цалкам перастала існаваць у другой палове 1930-х гг., не была яна адноўлена і ў пасляваенны час.
Сяргей Сахараў імкнуўся інтэгравацца ў новай грамадска-культурнай парадыгме са сваім вопытам педагога і этнолага. Пра час, калі былая прыбалтыйская дзяржава стала адной з саюзных рэспублік, гаворыць наступны дакумент:
Мінск, БССР 22/V 1941 г.
ПАВАЖАНЫ тав. САХАРАЎ
Дырэкцыя Інстытута гісторыі Акадэміі Навук БССР паведамляе Вам, што хадайніцтва перад адпаведнымі ўстановамі аб дазволе Вам прыехаць у Мінск будзе намі ўзнята ў самы бліжайшы час.
Адначасова даводзім да Вашага ведама, што Вам вызначан невялікі аванс у суме 500 руб. /пятьсот/ за перасланыя секцыі этнаграфіі і фальклора матэрыялы і сродкі на аплату мастаку. Але з прычыны таго, што пошта грашовых пераводаў у Латвійскую ССР не прымае, выслаць іх Вам нельга. Спадзяёмся, што гэта пытанне будзе вырашана ў самы кароткі тэрмін. У крайнім выпадку разлічымся тады, калі Вы прыедзеце ў Мінск.
ВУЧОНЫ САКРАТАРІНСТЫТУТА ГІСТОРЫІ АН БССР Махна
Пазнака адрасата сведчыць, што карэспандэнцыя была атрымана 2 чэрвеня 1941 года.
Праз некалькі тыдняў пачнецца трагічны адлік гісторыі — Вялікая Айчынная вайна. Падпольшчык Мікалай Махнач, падпісант вышэйназванага дакумента, будзе расстраляны немцамі ў 1944-м.
Пра народнае да народнага
На пяць пасляваенных гадоў С. Сахараў быў прымусова адарваны ад звыклага жыцця. Сваё вяртанне да ранейшых заняткаў даследчык звязвае з этнаграфіяй, папулярызацыяй матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў Латвіі. У імкненні выдаць свае асноўныя фальклорныя зборы звяртаецца да Якуба Коласа, атрымлівае наступны адказ:
Паважаны гр. Сахараў!
Даволі даўно ўжо атрымаў Вашы матэрыялы: два вялікіх зборнікі і дадатак пра этнографаў. Пакрысе пачынаем знаёміцца. Некаторыя запісы —казкі і легенды — кідаюцца ў вочы. Вы прапануеце прыслаць для азнаямлення свой пачатковы зборнік у 6 сшытках. Цікава было б ведаць, чым той матэрыял адрозніваецца ад прысланага? Другое запытанне — пра Вашых супрацоўнікаў: ці працягвае хто з іх працу па далейшаму збіранню фальклору? І апошняе. Пэўную цікавасць уяўляюць мелодыі прысланых песень. На жаль, іх вельмі мала.
Ці гэта ўсё, што запісана Вамі, ці можа трэба яшчэ пераводзіць з фанографа на ноты?
Аб выніках азнаямлення мы паведамім Вам, калі вернецца ў Мінск М. Ц. Лынькоў.
Усяго добрага.
Якуб Колас
13.ХІ.1953 г
Нам невядома, чым завяршыліся гэтыя выдавецкія клопаты, але пра іх існаванне сведчаць архіўныя дакументы, вартыя вывучэння...
Паэт і даследчык Сяргей Панізьнік назваў феномен беларускай прысутнасці ў Латвіі міжваеннага перыяду своеасаблівым культурным мацерыком. На жаль, на пэўным гістарычным этапе гэты мацярык стаў своеасаблівай Атлантыдай, зніклай з поля зроку даследчыкаў і шырокай аўдыторыі. Сёння варта не толькі ведаць, але і павучыцца таму, як такія людзі, як Сяргей Сахараў, баранілі свае нацыянальныя правы, захоўвалі і папулярызавалі духоўныя набыткі народа.У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук