Top.Mail.Ru

Дакументы як каштоўнасць

Аўтар: Лізавета Голад
23.09.2025 | 14:00
Да 105-годдзя Купалаўскага тэатра адкрылася ўнікальная выстаўка

Як называлі калегі Стэфанію Станюту? Што цікавага пра сябе ў аўтабіяграфіі напісаў Уладзімір Уладамірскі? 

Як працаваў Купалаўскі тэатр падчас вайны? Колькі спектакляў паказалі ў 1942 годзе? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні можна знайсці на сумеснай выстаўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, якая праходзіць у сценах тэатра з нагоды яго 105-годдзя і пачатку новага тэатральнага сезона.

На працягу цэлага месяца ў Купалаўскім тэатры будзе працаваць сапраўдны музей, галоўныя экспанаты якога — найцікавейшыя дакументы, звязаныя з гісторыяй развіцця і станаўленнем першай сцэны краіны.

Паводле слоў дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Аляксандра Шастакова, гэта ўнікальная і цікавая экспазіцыя, якая прадстаўлена шырокай публіцы ўпершыню.

— Гэтыя дакументы дазваляюць зазірнуць у мінулае і ўбачыць, як тэатр развіваўся. Многія матэрыялы сапраўды ўражваюць. Напрыклад, вельмі цікавы дакумент, які пацвярджае матэрыяльны ўклад купалаўцаў у перамогу над фашыстамі. Тыя грошы, якія зарабляў тэатр падчас Вялікай Айчынай вайны, перадалі на завод. За іх быў зроблены самалёт Як-9, — адзначыў ён.

У сваю чаргу дырэктар Нацыянальнага архіва Беларусі Андрэй Дземянюк падкрэсліў, што на выставе прадстаўлена крыху больш за 30 дакументаў.

  • — Мы ганарымся, што захоўваем у сваіх фондах шмат з гісторыі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы: для выстаўкі пастараліся адабраць найбольш цікавыя дакументы. Фонд вялізны, і немагчыма было ўсё змясціць ў адной экспазіцыі. Таму мы перадалі большую частку дакументаў тэатру для таго, каб яны ў далейшым выкарыстоўваліся ў экспазіцыйнай працы. Бо наша асноўная задача як архівістаў не проста захаваць дакументы, а забяспечыць шырокі доступ да іх, што мы і робім з дапамогай выставачнай і выдавецкай дзейнасці, — дадаў ён.

Непасрэдна арганізацыяй выстаўкі займалася загадчыца аддзела Нацыянальнага архіва Маргарыта Старасценка. Экспазіцыя тэматычна і храналагічна падзелена на чатыры часткі, якія паступова раскрываюць гледачам шлях тэатра ад 1926 да 1970-х гадоў.

Так, у першай вітрыне прадстаўлены цікавы дакумент аб святкаванні 15-й гадавіны стварэння тэатра:

— Адзін з пунктаў — падрыхтоўка выстаўкі аб дзейнасці тэатра. Гэта значыць, ужо тады, у 1935 годзе, была закладзена добрая традыцыя дакументальных выставак. Таксама ў гэтай вітрыне размяшчаюцца копіі дакументаў аб ўзнагароджанні тэатра Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, — распавяла Маргарыта Старасценка.

Пераходзім да другой вітрыны і бачым мноства дакументаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны:

— Ёсць матэрыялы, якія распавядаюць аб тым, што ў 1942 го-дзе тэатр знаходзіўся ў Томску і выязджаў у часці, назвы якіх не ўдакладняюцца. Але ёсць інфармацыя аб тым, што за 15 дзён там далі 65 спектакляў. Ваенныя былі настолькі натхнёныя, што кожны тэатральны паказ заканчваўся матывацыйным мітынгам, — падзялілася загадчыца аддзела Нацыянальнага архіва.

Таксама яна дадала, што ёсць дакумент, які сведчыць аб тым, што за 1942 год план па колькасці спектакляў быў перавыкананы. Замест 84 запланаваных адпрацавалі 96.

Трэцяя вітрына расказвае пра легендарных акцёраў тэатра. 

Там прадстаўлены асабістыя лісткі па ўліку кадраў і аўтабіяграфіі Уладзіміра Уладамірскага і Стэфаніі Станюты, напісаныя іх рукой.

— Цікава тое, што Уладамірскі згадвае, што быў у палоне ў немцаў з 1914 да 1919 года. Ён спрабаваў два разы збегчы, аднак гэта нічым добрым не заканчвалася. Праз нейкі час ваеннапалонныя вырашылі арганізаваць у лагеры ў Германіі невялікія тэатры. Выступалі дзеля таго, каб узняць свой маральны дух. Потым акцёр працаваў нейкі час у Бабруйску і толькі ў 1924 годзе перайшоў у Мінск у трупу Купалаўскага тэатра, — адзначыла Маргарыта Старасценка.

А ў біяграфіі Стэфаніі Станюты ў адной з характарыстык можна ўбачыць, што ў артыстцы разгледзелі акцёрскі талент. Аднак у 1943 годзе ў асабістым лістку па ўліку кадраў яна называе сябе чалавекам адзінокім.

У чацвёртай вітрыне мы бачым, як тэатр развіваўся ў пасляваенныя гады. Напрыклад, ёсць дакумент, які пацвярджае, што ў 1948 годзе Купалаўскі тэатр выступаў у Крамлёўскім палацы і атрымаў шмат станоўчых водгукаў.

— Таксама тут ёсць цікавы дакумент 1966 года. На пасяджэнні бюро разглядалася пытанне работы Купалаўскага тэатра. Апроч вялікіх дасягненняў быў адзначаны і недахоп, які неабходна было выправіць. На працягу чатырох гадоў тут не маглі знайсці акцёра на ролю Леніна і таму п’есы пра яго не ставіліся, — распавяла загадчыца аддзела Нацыянальнага архіва.

Атрымліваецца, што ў экспазіцыі паказана прыкладна паўстагоддзя дзейнасці тэатра. Некалькі дзясяткаў дакументаў здольныя перанесці на шмат гадоў назад і распавесці многа новага і цікавага. Выдатным аздабленнем выстаўкі сталі эскізы касцюмаў, самі касцюмы, макеты дэкарацый і асабістыя рэчы. Гэтая візуальная частка экспазіцыі была створана дзякуючы самому Купалаўскаму тэатру і Музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю