Top.Mail.Ru

Дакументальная аснова беларускіх фільмаў аб вайне

Аўтар: Ларыса Цімошык
01.07.2025 | 07:00

Кіно, якое было подзвігам, кіно, якое рабілі героі... Пра іх ішла размова ў Музеі гісторыі беларускага кіно, дзе кіназнаўцы, архівісты і прадстаўнікі кінематаграфічнай супольнасці гаварылі аб тым, як рэальныя дакументы і ваенныя архівы, у якіх захоўваецца шмат кінаі фотахронікі, дапамагаюць лепш зразумець наша мінулае. Круглы стол на тэму «Кінафотадакумент як гістарычная памяць аб подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне» быў прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі.


Галоўны захавальнік дакументальнай інфармацыі аб вайне, адлюстраванай у кадры, у кінахроніцы, — Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў. Яго дырэктар Андрэй Ганчар адзначыў:

— Напярэдадні 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне Інстытутам сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук было праведзена апытанне. Адно з пытанняў гучала так: «З якіх крыніц вы даведваецеся аб тэме Вялікай Айчыннай вайны?» На першым месцы быў адказ — з мастацкіх фільмаў. На другім — сям’я, расповеды блізкіх. На трэцім — дакументальныя фільмы, на чацвёртым — тэлебачанне. Калі паказваюцца сапраўдныя гістарычныя дакументы, кадры кінахронікі, мы бачым, як усё было, якія злачынствы ўчынены на нашай зямлі. Арыгіналы такіх дакументаў знаходзяцца ў нашым архіве ў Дзяржынску. Мы робім вялікую працу па іх захаванні. Таксама беражліва захоўваем мастацкія фільмы, створаныя на кінастудыі «Беларусьфільм», для якой тэма вайны — адна з галоўных. Ёй прысвечаны дзясяткі тысяч фотадакументаў і сотні кінадакументаў, якія мы захоўваем. Падчас вайны спецыяльна ствараліся групы аператараў, перад якімі ставілі задачу фіксаваць усе падзеі, яны ўсё дакументавалі. Паводле статыстыкі, кожны трэці ці чацвёрты (паводле розных крыніц) аператар загінуў. Кадры кінахронікі ці фота, якія мы бачым, зроблены цаной жыцця. Але менавіта дзякуючы подзвігу гэтых людзей мы можам атрымаць інфармацыю, як усё было. Вельмі важнае выкарыстанне гэтых дакументаў у самых розных праектах — уласных або сумесных. Мы заўсёды адкрыты да супрацоўніцтва. Вельмі цесна працуем з беларускім тэлебачаннем. Запланавана вялікая колькасць выставачных мерапрыемстваў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Новы для нас кірунак — праект «Адкрыты кінаархіў», у рамках якога выпускаем кароткія ролікі. Робім сацыяльную рэкламу з гістарычнай кінахронікі — бачым яе на экране, на тэлебачанні, у грамадскім транспарце... Другі кірунак — паўнавартасныя дакументальныя фільмы на падставе хронікі, ад 10 да 40 хвілін. Супрацоўнічаем з замежнымі архівамі. Нам важна папаўняць нашы фонды. 

Загадчык аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Антаніна Карпілава адзначыла, што тэма вайны для краіны — бясконцая:

— Наш аддзел напісаў нямала на тэму Вялікай Айчыннай вайны, да юбілейнай даты мы падрыхтавалі яшчэ дзве кнігі: «Рэха Вялікай Айчыннай вайны ў беларускім кіно», разам з выдавецтвам «Беларусь» — «Глядзі і памятай: беларускае кіно пра вайну». У нашым кінематографе лічыцца, што архіў у Дзяржынску — крыніца неацэннага матэрыялу. Для нас, кіназнаўцаў і кінакрытыкаў, кінадакумент — у першую чаргу хроніка.

4_24_Долгие версты войны 004 (3).jpg

І, зразумела, звязаны гэты матэрыял у асноўным з дакументальным кінематографам. Ігравы кінематограф уключае, інтэрпрэтуе гэты матэрыял вельмі па-рознаму: рэпрадуктыўна і прадуктыўна. Рэпрадуктыўна — устаўляючы ў стужку хроніку, якая ў кантэксце фільма набывае новыя сэнсы. Трэба сказаць, што ў ігравым кіно гэта рызыкоўная справа, таму што хроніку немагчыма перайграць. Сярод апошніх работ адзначу «Сляды на вадзе», у якой рэжысёр Аляксандр Анісімаў у пачатку фільма і ў фінале змясціў хроніку: яна ажывіла карціну і надала ёй дакладнасці. Валерый Рыбараў абапіраўся на хроніку падчас работы над фільмам «Сведка»: сцэна суда над паліцаем зроблена ў дакументальнай манеры. Анімацыя інтэрпрэтуе тэму Вялікай Айчыннай вайны ў прадукцыйным, абсалютна іншым ключы. Пераасэнсоўвае хроніку, архіўныя дакументы, фота. У фільме «Дзвесце шэсцьдзясят тры ночы» рэжысёра Ірыны Тарасавай гаворка ідзе пра трагедыю мінскага гета. Аўтары абапіраліся на розныя дакументы. Анімацыйныя сцэны страшныя, амаль чорна-белыя, але ўзмоцненыя дакументальнымі кадрамі ўжо сучаснага Мінска. У фільме «Баявая машына» Наталлі Касцючэнкі зусім іншы падыход да трактоўкі — у тэхніцы «эклер». У аснове — гістарычны факт аб тым, як у першыя дні вайны танк Т-34 уварваўся ў Мінск. Тэхніка «эклер» — калі сюжэт прапісваецца контурамі плёнкі сапраўднай хронікі ці фотаздымкаў. Таму фільм таксама ўспрымаецца амаль як дакументальны твор. «Мемарыяльныя комплексы Беларусі» — і першы, і другі выпуск — складаюцца з пяці навел, якія расказваюць пра самыя значныя помнікі краіны. Такім чынам, тэма вайны праходзіць праз розныя віды кіно. Як член мастацкага савета нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» час ад часу чую пытанне: а ці патрэбна гэтая тэма? Безумоўна. На жаль, войны ў гісторыі чалавецтва былі заўсёды. Але трэба знаходзіць новыя формы падачы, новыя грані, у тым ліку з выкарыстаннем кіна- і фотадакументаў. 

4_24в.jpg

Уладзімір Мілаш, дырэктар студыі дакументальных фільмаў «Летапіс»:

— Па якасці ўздзеяння на гледачоў нішто не параўнаецца з кіно. У многім на кінахроніцы будуецца наша ўяўленне аб тым, як і што насамрэч адбывалася. Глядзіш на гэтыя кадры і разумееш, што ні ў адным ігравым фільме няма такіх жэстаў, няма такіх твараў людзей. Нашы рэжысёры, колькі б ні ездзілі ў архіў, столькі здымаюць фільмаў, шмат у чым абапіраючыся на кінахронікі, умудраюцца кожны раз адкопваць тое, чаго мы яшчэ не бачылі. Той жа Аляксандр Анісімаў колькі часу правёў у архіве, але дастаў выдатныя кадры. А яшчэ колькі кадраў не ўвайшло ў фільмы — мы іх не паказалі па маральна-этычных меркаваннях. Архівы — гэта крыніца натхнення не толькі для дакументалістаў, але і для ігравога кіно, і для анімацыі. Таму што ў нас сёння асноўны кірунак у творчасці — ваенная тэма.

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю