Top.Mail.Ru

Дакументальнае кіно пра Аляксея Талая — на вялікім экране

05.02.2025 | 07:00

У нашай краіне адбылася доўгачаканая прэм’ера дакументальнага фільма пра Аляксея Талая. Доўгачаканая, бо менавіта такога героя не хапала на вялікім экране, ён — унікальны прыклад для кожнага, але ў першую чаргу для маладога пакалення. 

З-за няшчасця ў 16-гадовым узросце Аляксей мог паглыбіцца ў сябе, стаць закрытым. І ўсё ж ён вытрымаў і стаў вядомым чалавекам, які сапраўды натхняе жыць, працаваць, любіць і дапамагаць іншым. Яго гісторыя падштурхнула і Нацыянальную кінастудыю «Беларусьфільм» на стварэнне менавіта такога дакументальнага фільма. Над стужкай «Птушка Фенікс Аляксея Талая» працавала студыя «Летапіс», а дакладней рэжысёр-дакументаліст Уладзімір Луцкі. Сцэнарый напісаў Яўген Агурцоў. Але гэта той выпадак, калі ідэю падказала само жыццё. 

Фільм было цікава паглядзець не толькі для таго, каб больш даведацца пра Аляксея Талая, але і раскрыць яго сакрэт: што ж дапамагло «ўзляцець» над абставінамі лёсу і стаць вядомым чалавекам, нарадзіўшыся зноў, як чароўная птушка Фенікс? Дык хто ці што яго акрыліла ў самы цяжкі момант жыцця? Пра гэта і распавядае дакументальная стужка.


Ад вялікай трагедыі — на вялікі экран

Упершыню рэжысёр Уладзімір Луцкі сустрэўся з Аляксеем Талаем у пачатку вясны 2024 года. Тады яшчэ быў жывы аўтар сцэнарыя, які, на жаль, ужо пайшоў у іншы свет... Але роля Яўгена Агурцова ў падачы гісторыі пра Аляксея Талая таксама адметная, таму варта згадаць яго імя.

— Пасля сустрэчы з героем нашага фільма мы з аўтарам сцэнарыя выйшлі вельмі натхнёныя, бо Аляксей перад намі раскрыўся крыху інакш, чым мы яго ўяўлялі, — успамінае Уладзімір Луцкі. — Да знаёмства думалася, што Аляксей не настолькі адкрыты чалавек. Насамрэч я вельмі ўдзячны нашаму герою, што ён так дапамагаў распавесці гісторыю пра сябе, быў сапраўды шчырым, даверыўся здымачнай групе. Не кожны можа настолькі паглыбіць у сваё жыццё, асабліва ў цяжкія моманты, чужых людзей. Але пры дапамозе выключна рэжысёрскіх прыёмаў фільма не атрымалася б. Для мяне было прынцыпова важна распавесці пра трагедыю, якая адбылася з Аляксеем. І ён змог пра ўсё паведаміць нам, хоць гэта няпроста. Але менавіта пасля той жахлівай сітуацыі і адбыўся ўзлет Аляксея Талая, таму і з’явілася параўнанне яго з птушкай Фенікс.

Здымкі пачаліся ў верасні 2024 года. Рэжысёр доўга шукаў рашэнне, як падаць гісторыю пра Аляксея Талая, які тон і настрой выбраць. Неяк натрапіў на выраз: «У Бога быў план, каб гісторыя майго жыцця стала надзеяй для іншых». Пасля гэтага стала зразумела, як выбудаваць работу. 

— Аляксей Талай — сапраўдны герой нашага часу. Я задаволены рэакцыяй гледачоў. Было відаць, што людзі заразіліся пэўным настроем, а значыць, нам удалося зрабіць фільм, які сапраўды матывуе, дорыць надзею на лепшае, — падзяліўся ўражаннямі рэжысёр пасля першага паказу стужкі. — Хтосьці з гледачоў нават выказаў думку, што лёс Аляксея Талая можна параўнаць з гісторыяй лётчыка Аляксея Марэсьева (ён стаў прататыпам героя кнігі Барыса Палявога «Аповесць аб сапраўдным чалавеку». — Аўт.). Ён таксама быў у цяжкай сітуацыі, і яго воля жыць, яго вялікае імкненне да найлепшага ўсё змянілі. Вельмі хочацца, каб у нашага фільма была добрая гісторыя, каб больш людзей яго паглядзелі, бо ён таго варты.

Прэм’ера ў дзень нараджэння

Дык ці варта глядзець кіно? Вядома! Аўтар гэтых радкоў, шчыра кажучы, думала, што выйдзе з кіназалы са слязамі на вачах (і ў стужцы ёсць кранальныя моманты, якія могуць прымусіць расплакацца чуллівых людзей, бо гэта сапраўды шчырая гісторыя!). Але атрымалася настолькі матывацыйнае кіно, паглядзець якое хочацца параіць усім, хто скардзіцца на жыццё. Фільм сапраўды пранізлівы. І хронаметраж не такі вялікі, таму кожны ахвотны зможа знайсці час. 

Дарэчы, на прэм’еры ў кінатэатры «Беларусь» (яна адбылася 22 студзеня — непасрэдна ў дзень нараджэння галоўнага героя) быў і сам Аляксей Талай, які падзяліўся з карэспандэнтам «ЛіМа» ўражаннямі ад прагляду фільма пра сябе:

— Я ўдзячны кіраўніцтву Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» і Міністэрству культурыза тое, што было створана такое кіно. Гэта сапраўды важна не толькі для мяне, маёй сям’і, але і для мноства людзей. Спадзяюся, мой прыклад натхніць іншых не здавацца ў цяжкія моманты.

Аляксей Талай прызнаўся, наколькі яму прыемна, што было прынята рашэнне аб прэм’еры фільма ў яго дзень нараджэння. 

— Вядома, у 26 хвілін не ўпішуцца ўсе моманты з майго жыцця, у фільм увайшлі самыя галоўныя эпізоды. Калі было б больш часу, пэўна, ролю маці ў маім жыцці паказалі б яшчэ больш поўна, асабліва яе перажыванні за мой лёс, — перакананы Аляксей Талай. — Можна было б больш сказаць аб маёй жонцы і дзецях, бо ў фільме пра гэта ёсць, але не вельмі многа. Таксама можна было б распавесці больш пра маю першую жонку, якая была побач са мной у той цяжкі час... Мы праз многае прайшлі разам і дзякуючы гэтаму змаглі пераадолець многія выпрабаванні. Як і наша краіна, мая сям’я развівалася і прайшла самыя розныя этапы станаўлення, пераадолела шмат цяжкасцей... 
Самае галоўнае — мы захавалі сябе і змаглі з’яднацца ў гэты няпросты час. Канешне, яшчэ шырэй можна было б пазнаёміць з дабрачыннымі праектамі нашага фонду, якія ўжо рэалізаваны. Аднак я разумею, што ёсць пэўны фармат, зручны для гледача. У цэлым мне фільм вельмі спадабаўся! Ён атрымаўся такім, як я і хацеў, гэтая работа зара-
джае надзеяй і верай. 

Музыка як сродак уздзеяння

У фільме важную ролю іграе музыка. Яна вельмі розная: баявая і далікатная, лірычная і драйвовая, таму пасля прагляду стужкі мы пагутарылі з кампазітарам. 

— Музыка — паўнавартасны ўдзельнік гэтага фільма. У ім многа сцэн, дзе яна акцэнтуе ўвагу на тым ці іншым моманце, дапамагае паглыбіцца ў пэўны настрой ці падказвае канкрэтны ракурс, з якога лепш зірнуць на Аляксея Талая ў гэтую хвіліну, — тлумачыць Уладзімір Сівіцкі. — У сцэнарыі была прапісана музыка Цоя, бо яна выдатна падкрэслівае нерв нашага галоўнага героя. Але мне давялося шмат падумаць, як яе перапрацаваць, каб не было юрыдычных прыдзірак наконт аўтарскіх правоў. Я зрабіў інструментальную версію, і ў самім фільме нават не песня, а мікс. 

Сярод усіх саўндтрэкаў вылучаюцца музычная тэма маці, лірычная музыка, калі распавядаецца пра знаёмства з будучай жонкай (гэта наогул вельмі кранальная гісторыя кахання, якая дае надзею ўсім, хто лічыць, што ўжо нічога ў жыцці не будзе прыемнага), і кампазіцыя, якая дазваляе стварыць патрэбны настрой, калі расказваецца пра выбух, пасля якога жыццё Аляксея падзялілася на «да» і «пасля».

— Асабіста для мяне наш фільм — гісторыя пра сілу волі, але я імкнуўся напісаць не пампезную мелодыю, — прызнаецца Уладзімір Сівіцкі. — Спадзяюся, дзякуючы музыцы ўдалося паказаць, наколькі Аляксей Талай любіць сваю сям’ю, спорт, само жыццё. Хачу адзначыць талент рэжысёра карціны, бо Уладзімір умее асэнсаваць гісторыю чалавека, падае яе вельмі тонка, глыбока і інтэлігентна. Пры гэтым не сыходзіць у крайнасць. І адпаведна мы ўсе цягнуліся да яго адчування гэтай гісторыі. Я рады, што працаваў з такім прафесіяналам!

Будзем спадзявацца, што гэта работа прынясе карысць не аднаму чалавеку, бо яна сапраўды ў духу нашага часу, калі вельмі патрэбны добры прыклад, які паказвае правільныя жыццёвыя каштоўнасці. 

Ствараць фільм пра такога чалавека, як Аляксей Талай, — наогул нялёгкая справа, бо гэта і пачэсна, і вельмі адказна: героя ведаюць шмат людзей, якім дапамагае Фонд Аляксея Талая, яго сям’я, сябры, аднадумцы, паралімпійцы і г. д. Кожны з іх можа палічыць, што чагосьці не хапіла, каб стварыць цэласны партрэт героя... Аднак, відавочна, галоўнае тое, што такое кіно ў нас цяпер ёсць і яно будзе запатрабавана: яго варта паказваць школьнікам як мінімум з падлеткавага ўзросту, студэнтам, усім, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і адчувае сябе «на ростанях», не верыць у сябе... 

Паглядзеўшы стужку, можна з упэўненасцю сказаць: самыя галоўныя каштоўнасці ў жыцці — само жыццё, чалавек і чалавечнасць. Гэта асноўны лейтматыў фільма. Аляксей Талай выжыў, жыве і адчувае сябе шчаслівым, любімым, патрэбным дзякуючы людзям, якія апынуліся побач у цяжкую хвіліну. 

А цяпер ён сам дапамагае іншым, здзіўляючы сваёй энергіяй, моцным духам, самаіроніяй і ўсмешкай нават тады, калі згадвае самыя няпростыя перыяды жыцця. Ён не хавае, што былі і слёзы, і вялікае гора, што стаць такім, які ёсць сёння, было вельмі няпроста. І адзін бы ён сапраўды не вытрымаў. Але яму было дзеля чаго і дзеля каго жыць. Ці не такі ён, сапраўдны герой?

Ірына ПРЫМАК

Фота БелТА








arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю