На фота — твары вядомых у горадзе людзей, тых, з кім зусім нядаўна яшчэ хадзілі на парады, сустракаліся на розных мерапрыемствах, слухалі іх неверагодныя гісторыі пра вайну. А калі іх не стала, зразумелі, што шмат чаго пра іх не даведаліся, не распыталі.
Ірына выправіла гэты прабел, захавала памяць, што знікае.
Аўтар нарадзілася ў пасляваенны час, але тэма вайны заўсёды была для яе хвалюючай. Напэўна, таму, што бацька быў кадравы ваенны. Адной з дарагіх сэрцу ўзнагарод яна лічыць свой медаль «60 гадоў Вялікай Перамогі. 1941–1945 гады», якую атрымала у 2005-м. І захоўвае ў сваім архіве ўнікальную калекцыю фота жыхароў, якія складаюць ганаровы летапіс Магілёўшчыны: ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікі вызвалення Магілёва, былыя воіны 238-й стралковай дывізіі, Героі Савецкага Саюза, якія жылі ў рэгіёне. Здымкі зроблены падчас гарадскіх урачыстых мерапрыемстваў — Дня Перамогі, Дня баявой славы, Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — у перыяд з 1977 да 2024 года.
— Гэта той час, калі я працавала ў шматтыражцы «Трудавая слава» і абласной газеце «Магілёўская праўда», — расказвае фотамастачка. — Мне пашчасціла сустракацца з гэтымі людзьмі. Яны былі нейкага іншага складу, апаленыя вайной, больш мужныя і праўдзівыя. Яны быццам свяціліся знутры, у іх сэрцах гарэў агеньчык. Яны любілі жыццё і сваю Радзіму так самааддана, што нават у сталым узросте не маглі сабе дазволіць сядзець склаўшы рукі. Актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці.
Ганаровыя жыхары Горак: Ганна Мішына, Рыгор Паўлаў, Мікалай Падшываленка, Аляксей Пустынцаў, Герой Савецкага Саюза Ульян Рыбак, якому пашчасціла ўдзельнічаць у парадзе на Краснай плошчы ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года. Кожны з гэтых людзей — жывая легенда.
Санітарка Ганна Мішына стала ваенным лётчыкам у 1943 годзе, з ліку тых, каго называлі «начнымі ведзьмамі», удзельнічала ў вызваленні Горацкага раёна. На яе рахунку 675 баявых вылетаў.
А вось мужчына з прыгожай усмешкай і шматлікімі ўзнагародамі на пінжаку, які вальсіруе з маладой дзяўчынай, не хто іншы, як Мікалай Падшываленка. У гарачым 1941-м ён пайшоў добраахвотнікам у асобную мотастралковую брыгаду асобага прызначэння войск НКУС СССР. Удзельнічаў у абароне Масквы, ваяваў на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі ў спецатрадзе «Баявы». Тут падрыўнік-аўтаматчык быў удастоены першай сваёй узнагароды — медаля «За баявыя заслугі». А ўсяго баявых, працоўных і юбілейных узнагарод у яго каля 30.
— Падшываленка называюць жывой легендай магілёўскага спорту, — расказвае Ірына. — Ён заслужаны трэнер БССР, адзіны ў горадзе суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі па футболе і суддзя нацыянальнай катэгорыі па хакеі. Мікалай Іванавіч быў першым старшынёй ветэранскай арганізацыі вобласці, адным са стваральнікаў дынамаўскага спартыўнага таварыства на Магілёўшчыне. Выступаў за будаўніцтва стадыёна «Спартак» у горадзе.

Што ні фота, то асобная гісторыя. Шмат таямніц захоўвае гераічнае Буйніцкае поле. Яно стала агульнай магілай для шматлікіх абаронцаў 172-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Міхаіла Раманава. Барыс Аўчыннікаў прапаў без вестак у 1941 годзе. І толькі ў XXI стагоддзі высветлілася, што ён загінуў пад Магілёвам. На фота Ірыны яго малодшы брат, які прыехаў з Алтайскага краю пакланіцца магіле гераічнага сваяка.
Фотавыстаўка прыцягнула ўвагу грамадскасці Магілёва. Не выключана, што будзе магчымасць зноў яе наведаць і дакрануцца да мінулага. Галоўнае, што яно захавалася і будзе нагадваць пра сябе заклікам цаніць час і шанаваць людзей, якія жывуць побач.
А яшчэ — па-сапраўднаму горача і самааддана любіць сваю Радзіму.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Ірыны САВОСІНАЙ