У літаратурным свеце сучаснай Беларусі імя Людмілы Кебіч вядома кожнаму. Мастацтва стала фактычна сэнсам існавання для гэтай жанчыны, а музыка, літаратура — яе апірышчам і трывалым падмуркам. Сёння яна актыўны грамадскі дзеяч, сапраўдны лідар, паспяховая, запатрабаваная пісьменніца, шчаслівая маці і бабуля. Але самы каштоўны дар, якім валодае старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Людміла Антонаўна Кебіч, гэта дар чалавечнасці. Сёння Людміла Антонаўна святкуе юбілей. Напярэдадні гэтай даты яна пагадзілася адказаць на некалькі пытанняў.
— Людміла Антонаўна, пра што вы думаеце, азіраючыся на пражытыя гады?
— Не думаю, скажам, а крыху задумваюся. Ці той шлях выбрала для сябе ў жыцці? Ці шчаслівая я на гэтым шляху? Ці ўсё зрабіла для сябе і для нашага пісьменніцкага калектыву? Прыходжу да высновы: так, гэта мой шлях, мне радасна і прыемна па ім ісці, быць у людзях і сярод аднадумцаў-творцаў. Хочацца рабіць як мага больш для маладых і здольных аўтараў, працягваць літаратурныя традыцыі Беларусі і Прынёмання, шчыраваць самой і натхняць іншых.
— Ці знаёмыя вам дэпрэсія, хандра? У якіх крыніцах папаўняеце запасы энергіі, жыццёвых сіл, добрага настрою?
— Не дэпрэсірую ніколі, а вось пахандрыць магу. І як жанчына, і як паэтэса. Асабліва перад наплывам творчага настрою, перад адчуваннем нараджэння вершаў. Але не надоўга мяне захоплівае такі настрой. Няма калі. Заўсёды ёсць справы, якія неабходна неадкладна зрабіць. Таму ўстаю, іду, раблю, а там і настрой мяняецца, і жыццёвыя сілы з’яўляюцца, энергія б’е крыніцай, і свет ізноў становіцца яркім і дзіўным.
— Што для вас важней за ўсё як для хрысціянкі? Наколькі часта размаўляеце з Богам?
— З Богам размаўляю заўсёды. Ён кожную хвіліну са мной, мне так здаецца. Магчыма, таму я хоць і жыву адна, але не адчуваю, што адзінокая. І галоўныя мае спадзяванні на Яго і, зразумела, на сябе. Пішу вершы на рэлігійныя тэмы, нават песні з’явіліся, якія гучалі на розных кацэртных пляцоўках. Гэта, напрыклад, «Мой Анёл» і «Плач душы», музыку да якіх напісала Ірына Траццяк, таленавіты гродзенскі кампазітар. Ёсць у мяне і зборнік вершаў на духоўную тэматыку «Ключы ад Неба».
— У якой краіне свету акрамя Беларусі вы адчувалі б сябе найбольш арганічна? У якой гістарычнай эпосе вам было б цікава апынуцца?
— Не ўяўляю нават, бо ўсім сэрцам люблю сваю краіну.
Беларусь — маё натхненне і асноўная, магістральная тэма маёй паэтычнай творчасці.
Я беларуска па татавай і мамінай лініях да шостага і сёмага калена. Праверана дачкой-гісторыкам. Мяне цалкам задавальняе час, у які я нарадзілася і жыву, толькі б заўсёды было мірнае неба над галовамі нашых дзяцей і ўнукаў! Беларусь — краіна для жыцця, для здзяйснення мар і рэалізацыі свайго патэнцыялу. Менавіта сваёй Радзіме прысвячаю самыя шчырыя вершы, у тым ліку і малой. У іх я адкрыта прызнаюся:
О, Беларусь мая,
родны мой кут!
Шчасце, што я нарадзілася тут.
Дзе векавечныя сосны і сум,
Дзе я свой крыж
без ваганняў нясу.
Дзе мая мова мілей
і званчэй...
О, Беларусь мая, —
рай для вачэй!
— Якія нядаўнія падзеі ў нашым літаратурным жыцці найбольш узрушылі (адмоўныя і са знакам «плюс»)? Ці лёгка вас сёння чымсьці сур’ёзна ўразіць, здзівіць?
— У літаратурным жыцці нашай краіны, як і ў жыцці нашай любай Гродзеншчыны, адбываецца шмат цікавых падзей. З кожным годам іх становіцца ўсё больш. Таму што створаная 20 гадоў назад пісьменніцкая арганізацыя, я маю на ўвазе Саюз пісьменнікаў Беларусі ў новым варыянце, разварушыла літаратурнае жыццё па ўсёй краіне, спрыяе пашырэнню літаратурных сувязей з рэгіёнамі і іншымі краінамі, выданню твораў таленавітых пісьменнікаў з розных куткоў Беларусі. Прэзентацыі творчасці аўтараў, тэматычныя конкурсы і фестывалі, выстаўкі кніг за межамі краіны, сустрэчы на літаратурных святах спрыяюць пісьменнікам, а праз іх творчасць і асобы — і аб’яднанню грамадства, выхаванню ў людзей, асабліва маладых, пачуцця гонару за родную краіну, патрыятызму і чалавечнасці..
Сёння мяне лёгка здзівіць і ўразіць прыгожымі творамі, новымі таленавітымі аўтарамі, карыснымі для душы і розуму мерапрыемствамі, глыбокімі, слушнымі думкамі. А на дробязі, якія з’яўляюцца з-за нявопытнасці ці нечаканых абставін, я не рэагую сур’ёзна. Іх заўсёды можна выправіць, атрымаўшы пэўны вопыт.
— Людміла Антонаўна, якога чалавека вы маглі б смела назваць сваім сябрам? Ці ёсць у вас ворагі, сапернікі, канкурэнты?
— Вакол мяне заўсёды людзі, мне сярод іх звычайна камфортна і добра. Канфліктныя сітуацыі — не мая стыхія, стараюся як мага хутчэй наладзіць адносіны. Можа, нехта і зайздросціць мне, але я пра гэта не ведаю. Шмат працую і вельмі адказна стаўлюся да кожнага твора, радка, слова, каб дасягнуць жаданага выніку. Чаго і ўсім жадаю.
— Традыцыйнае пытанне пра творчыя планы. Не збіраецеся паспрабаваць сябе ў іншых амплуа, напрыклад, літаратурнага крытыка, драматурга? Чым
у бліжэйшы час плануеце парадаваць сваіх чытачоў? Дарэчы, вобраз чытача Людмілы Кебіч — які ён?
— Драматургічныя творы мяне вельмі вабяць, я да іх, магчыма, яшчэ прыйду. Сцэнарыі ж пісала ўсё свядомае жыццё! Літаратурная крытыка прадстаўлена ў маёй творчасці шматлікімі водгукамі, рэцэнзіямі, аналізам твораў ці ўвогуле творчасці некаторых пісьменнікаў. Можна выдаваць кнігу. Гэта — наперадзе.
Што тычыцца маіх чытачоў, дык гэта людзі, якія шчыра любяць родную мову, сваю радзіму, літаратуру, якія ловяць кожнае імгненне, каб пабыць у коле літаратараў, пазнаёміцца з новымі кнігамі і аўтарамі. Гэта высокаадукаваныя, начытаныя, інтэлігентныя асобы, якія сталі такімі дзякуючы чытанню, кнігам. Таму пастараюся парадаваць іх новымі паэтычнымі зборнікамі на беларускай і рускай мовах, а таксама дзіцячымі творамі. Магчыма, зусім хутка пабачыць свет мая новая кніга вершаў для дзяцей у Выдавецкім доме «Звязда».
— Якой вам уяўляецца Беларусь праз 100 гадоў? Што пажадалі б нашым сучаснікам і беларусам далёкай будучыні?
— Мірнай і шчаслівай, калі гэта будзе залежаць ад нас і нашага цудоўнага, Богам нам дадзенага Прэзідэнта. Спадзяюся, што ў гэтым вершы я ўсё сказала:
Беларусь — краіна для людзей,
Што жывуць тут мірна, годна,
вольна,
У святле вясёлкавых надзей
І працуюць, і пяюць супольна.
Беларусь — краіна для гасцей,
Хлебам-соллю,
рушніком квяцістым
І адкрытым,
шчырым сэрцам чыстым
Прывячаюць тут іх найчасцей.
Беларусь — краіна для вякоў,
Мы, яе аблашчаныя дзеці,
Не дазволім зварухнуць асноў
Роднай і адзінай на планеце.
Дык красуй ва ўздыме пачуцця,
Выспяляй палеткі, поўні рэкі...
Беларусь — краіна для жыцця,
Шчасця і любові чалавека.
Пажадаць хачу маладому пакаленню, нашым наступнікам любіць Радзіму і не сумнявацца, што яна любіць вас. Любіць і абараняць сваю мову, а дзеля гэтага, як сказала Цётка, трэба быць адважнымі. Заставацца людзьмі ў любых абставінах, думаць не толькі аб сваіх, але і аб агульных інтарэсах. Быць чалавечнымі, бо без чалавечнасці, як вядома, не будзе вечнасці.
Гутарыў Дзмітрый Радзівончык
Фота з асабістага архіва пісьменніцы