Top.Mail.Ru

Да Міжнароднага дня птушак Музей прыроды і экалогіі падрыхтаваў фотавыставу

29.03.2025 | 18:40

Штогод 1 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень птушак. Напярэдадні свята ў сталічным Музеі прыроды і экалогіі адкрылася фотавыстава «Гэты дзіўны свет птушак». Што чакае наведвальнікаў экспазіцыі?


На выставе прадстаўлена больш за 17 здымкаў, зробленых на тэрыторыі Нацыянальнага парка «Белавежская пушча». Яны захопяць і дарослага, і дзіця. Яркія і незвычайныя фота адлюстроўваюць птушак падчас палёту, ежы, адпачынку, нават барацьбы. Акрамя таго, большасць прадстаўленых відаў занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, вусатая сініца, турухтан, палявы канёк, чорны бусел і некаторыя іншыя. Уявіце, як складана зрабіць добры здымак звычайнай птушкі? Што тады казаць пра такія рэдкя віды?

Унікальны ракурс дазваляе назваць фота сапраўдным творам мастацтва. Аўтары — супрацоўнікі навуковага аддзела «Белавежская пушча» Антон Кузьміцкі і Міхаіл Лук’янчык, дарэчы, з вялікай арыгінальнасцю падышлі і да назваў работ. Напрыклад, фота хахлавой сініцы не без падставы называецца «Яловы панк», кольчатай горліцы — «Лепшае — дзецям», а махнаногага сыча — «Гэтыя вочы насупраць».

Больш падрабязна аб выставе расказала загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Музея прыроды і экалогіі Аксана Кашалевіч.

— Ідэя правесці такую выставу нарадзілася даўно, вядома, задоўга да сёняшняга дня. Супрацоўнікі Белавежскай пушчы на працягу некалькіх сезонаў спрабавалі сфатаграфаваць розных птушак з самага эфектнага ракурсу. З Нацыянальным паркам мы супрацоўнічаем не толькі ў рамках гэтай экспазіцыі. Напрыклад, у ліпені плануецца адкрыць яшчэ адну выставу, якая будзе называцца «Летнія фарбы прыроды». Ёй наведвальнікі змогуць палюбавацца на працягу двух месяцаў.

На першых здымках, прадстаўленых увазе наведвальнікаў, можна ўбачыць хахлавую сініцу і вераб’інага сыча — самага маленькага прадстаўніка совападобных, якія жывуць у Беларусі. Нягледзячы на свае невялікія памеры (даўжыня цела дарослай асобіны складае 15 — 19 см) гэтая птушка ў мэтах абароны або палявання можа адважна нападаць на больш буйня віды. У нашай краіне вераб’іны сыч занесены ў Чырвоную кнігу. Далей наведвальнікі могуць убачыць здымак паядынку паміж малым арлом, які абараняў сваё гняздо, і арланам-белахвостам. Гэтую фатаграфію аўтар назваў «Паветраны бой». Характэрна, што птушкі вельмі добра разумеюць намёкі і матывы суперніка, таму патасоўка можа абысціся без адзінай кроплі крыві. Мала таго, што падобнае сутыкненне птушак сфатаграфаваць вельмі складана, дык яшчэ і абодва віда таксама з’яўляюцца чырвонакніжнікамі. Турухтан, які гуляе па беразе, пара чорных буслоў у небе, вялікая паганка з расчыненымі крыламі — усё гэта можна ўбачыць на здымках у музеі. Дарэчы, палюбавацца ўнікальнымі кадрамі наведвальнікі змогуць з 28.03. па 22.05. 

Пра асаблівасці здымкі птушак нам расказаў Антон Кузьміцкі — адзін з аўтараў.

— Як правіла, усе здымкі атрымліваюцца выпадкова. У Белавежскай пушчы я працую 15 гадоў. Але ніколі спецыяльна не стараўся зрабіць які-небудзь здымак. Адпраўляючыся ў лес, проста заўсёды бяру з сабой камеру, каб не прапусціць дзіўны пейзаж або рэдкую жывёлу. Будучы арнітолагам, я добра ведаю звычкі птушак і разумею, дзе можна сустрэць той ці іншы від. Часам прысядзеш адпачыць, а жывёлы адчуваюць, што ты для іх ніякай пагрозы не ўяўляеш. Тады птушкі падлятаюць бліжэй, не баяцца знаходзіцца побач. Тут незаўважна і робіш здымак. Вядома, фатаграфаваць птушак складаней за ўсё. Лётаюць яны высока і хутка, часам нават не паспяваеш разабраць, хто гэта прамільгнуў паміж дрэў. На здымак ёсць толькі 3 секунды, не болей. З усіх работ больш за ўсё, напэўна, мне падабаецца фатаграфія «Лясныя браты». На ёй знаходзяцца птушаняты мухалоўкі-белашыйкі, якая для мяне з’яўляецца самай прыгожай птушкай. Гэта рэдкі від, і ў Беларусі ён занесены ў Чырвоную кнігу. Але іншыя здымкі я таксама люблю, бо яны па-свойму прывабныя і незвычайныя.

Марыя САМАЛЬ

Фото аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю