Конкурс «Viva Kola Art» праводзіцца сярод жывапісцаў, графікаў, фатографаў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дызайнераў трэці раз. Яго мэта — папулярызацыя спорту праз выяўленчае мастацтва. Летась праект значна пашырыў сваю геаграфію і склад удзельнікаў. Павялічылася таксама колькасць прызоў і намінацый. Гэтым разам пераможцаў журы вызначыць у намінацыях «Гран-пры конкурсу», «Арт-аб’ект», «Графіка», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Дызайн», «Жывапіс», «Скульптура», «Творчы дэбют», «Фатаграфія рэпартажная», «Фатаграфія мастацкая». Тым часам «Прыз сімпатый гледачоў» атрымаюць тыя аўтары, чые работы прыйдуцца даспадобы значнай частцы публікі.

Васіль Касцючэнка «Механізмы», 2024 г.
— Штогод падчас «Viva Kola Art», які лічу святам спорту і мастацтва, выбіраюцца найлепшыя работы мастакоў на тэму спорту, — нагадала падчас прэзентацыі новых сезонаў рэспубліканскага мастацкага конкурсу «Viva Kola Art» і дзіцяча-юнацкіх спаборніцтваў па веласіпедным спорце «Першы веласіпед» Наталля Шаранговіч, першы намеснік старшыні БСМ. — Вельмі важна, што ідэю падтрымалі розныя спартыўныя і творчыя арганізацыі і суполкі. Нашы рамкі пашыраюцца. Зразумела, у самым пачатку гэтага шляху мы хваляваліся, але ў 2024 годзе ўжо не перажывалі, бо колькасць людзей, якія жадаюць паўдзельнічаць, перавысіла ўсе чаканні. Адабралі творы 230 мастакоў, а заявак было 700! Марым, што праект абагне ўвесь свет, і гэтую ідэю паступова пачынаем ажыццяўляць, бо сёлета аб’язджаем усю Беларусь — для нас гэта таксама ўвесь свет. Пакуль работы аўтараў з розных рэгіёнаў убачылі Полацк і Гродна, хутка адкрыем экспазіцыю ў Гомелі. Так, з вынікамі мінулага года пазнаёмім да пачатку чарговай выніковай выстаўкі ў Мінску. Мяркую, 2025 год здзівіць яркімі прафесійнымі работамі. Глядач пераканаецца, што спорт у мастацтве — гэта вельмі цікава.
Да таго ж сёння з выбранымі работамі можна пазнаёміцца ў мастацкай галерэі «Viva Kola Art», якая адкрылася зусім нядаўна ў Мінску (вул. Даўгабродская, 16, бізнес-цэнтр «D-16»). Менавіта там і адбылася прэзентацыя трэцяга сезона: удзел у мерапрыемстве ўзялі спартсмены і дзеячы мастацтва, прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага Алімпійскага камітэта, спартыўных федэрацый і асацыяцый, партнёры і спонсары праекта.

Падчас прэзентацыі. Фота з сайта vivakolaart.com
Дарэчы, у наведвальнікаў галерэі ёсць магчымасць набыць упадабаныя творы. У экспазіцыі прадстаўлена толькі малая частка калекцыі «Viva Kola Art», а поўны збор твораў — больш як тысяча работ — можна знайсці ў анлайн-краме.