З самага пачатку сваёй працы на ніве беларускага адраджэння Я. Купала ставіў сабе грандыёзную задачу, якая звязвалася з нацыянальным будаўніцтвам, з ліквідацыяй любых форм адчужанасці, варожасці, адасобленасці — усяго таго, што перашкаджала нацыянальнай кансалідацыі, працэсу набыцця нацыянальнай ідэнтычнасці, ідэнтыфікацыі. Магутным рухавіком станавіўся сам пошук уласнай нацыянальнай сутнасці, што, у сваю чаргу, паскарала працэс духоўнага і эстэтычнага фарміравання, прызнання самакаштоўнасці нацыянальнай культуры, літаратуры, мовы як галоўных складнікаў культурна-духоўнай адметнасці. Агульнакультурны фон у розных сваіх праявах станавіўся знакам своеасаблівага праецыравання канкрэтнай і духоўнай рэальнасці, спосабам выяўлення індывідуальнага і нацыянальнага светаадчування. Дзякуючы гістарычнай пераемнасці, трансляцыі традыцый перад літаратурай адкрываліся неабмежаваныя магчымасці для ідэйна-канцэптуальнага выражэння нацыя-нальнай светабудовы.
Узяўшы курс на культурна-духоўную кансалідацыю нацыі, на ўмацаванне ідэі аб самастойным гістарычным шляху, пошукаў нацыянальных каранёў, паэт мастацка-прапагандысцкімі сродкамі імкнуўся прывіць пачуццё асобаснай і нацыянальнай годнасці, самаўсведамлення і самасцвярджэння. Разам са сваімі паплечнікамі — пісьменнікамі-адраджэнцамі — ён горача адстойваў права чалавека на годнае жыццё, спрыяў далучэнню яго да набыткаў культуры і цывілізацыі, культываваў ідэю свабоды асобы, якая імкнецца здзейсніць сваё высокае чалавечае прызванне і рэалізаваць натуральнае права на чалавечую роўнасць, годнасць, самарэалізацыю.
Паводле пераканання Я. Купалы, літаратура — гэта магутны сродак камунікацыі, наладжвання дыялогу з людзьмі, з народам, незаменная магчымасць праз мастацкае слова выказаць самае набалелае, глыбіннае, пазначыць магістральныя духоўныя арыенціры. Для паэта асаблівую значнасць набывала праблема адрасата. Ён імкнуўся да таго, каб яго творчасць была адэкватна ўспрынята людзьмі, каб яна стала арганічнай часткай іх жыццёвага вопыту. Паэт быў надзвычай зацікаўлены ў фарміраванні агульнай культурна-камунікатыўнай прасторы, якая выяўляе, генерыруе ідэю ўзаемасувязі, пераемнасці ўсіх складнікаў сацыяльнага арганізма. Па яго глыбокім перакананні ўсведамленне датычнасці кожнага суб’екта да адзінай культурнай прасторы адкрывае магчымасць дасягнуць духоўнага і светапогляднага кансэнсусу.
Галоўную задачу паэта Я. Купала бачыў у тым, каб быць выразнікам духоўных пошукаў нацыі, абуджаць свядомасць людзей, скіроўваць іх на шлях згоды, гармоніі, праўды. Беларускі пясняр усведамляў вялікую сацыяльную функцыю і актыўнае, дзейснае значэнне паэзіі ў жыцці грамадства, асаблівую ролю мастака, творцы ў сацыякультурным будаўніцтве. Творы сапраўднага паэта — і гэта было ўласным крэда самога
Купалы — павінны быць нечым большым, чым толькі фактам літаратуры, што ён і даказваў сваёй творчасцю, сваім жыццём. Усё, што выходзіла з-пад пяра Прарока нацыі, мела праграмную, ідэалагічную скіраванасць.
«Стварэнне» новага чалавека, па глыбокім перакананні Я. Купалы, немагчыма без усведамлення апошнім сваёй ідэнтычнасці, самабытнасці і самакаштоўнасці. Перадумовай ажыццяўлення гэтай задачы, якая патрабавала шмат духоўных і фізічных высілкаў, было імкненне задзейнічаць увесь спектр нацыянальнага жыцця, складанага і неадназначнага. Менавіта ўсведамленне датычнасці да адзінай сацыякультурнай прасторы станавілася істотнай першапрычынай духоўнай інтэграцыі грамадства, яго эвалюцыі і далучэння да заваёў чалавечай цывілізацыі. Выпрацоўка стрыжнявога нацыянальнага ідэалу стала злабадзённым патрабаваннем часу і аб’ектыўнай гістарычнай заканамернасцю. Толькі супольнымі намаганнямі пры ўмове кансалідацыі ўсяго грамадства можна было дасягнуць мэты.
Курс на абнаўленне і абуджэнне духоўных і творчых сіл чалавека і нацыі быў унутранай неабходнасцю і адной з рэальных перадумоў паспяховага і паўнацэннага выканання літаратурай сваёй грамадскай функцыі. Янка Купала разам з патрыятычна настроенай кагортай паэтаў-адраджэнцаў узялі на сябе адказную місію быць генератарамі і праваднікамі нацыянальнай ідэі, нястомна і апантана сілай палымянага мастацкага слова абуджалі ў людзях пачуццё адзінакроўнасці, духоўнай, чалавечай і нацыянальнай салідарнасці, узаемадапамогі і ўзаемападтрымкі, заклікалі паважліва і беражліва адносіцца да нацыянальных і гістарычных святынь. Нацыянальнае адраджэнне звязвалася імі перадусім з узвелічэннем чалавека як асобы, з увагай да яго, з далучэннем яго да агульначалавечых гуманістычных і эстэтычных традыцый, да агульначалавечых духоўных каштоўнасцей.