Два гады таму мастачка Наталля Шапавалава прадстаўляла на суд гледача свае работы ў мінскай галерэі «Арт-Фабрыка». Тады экспанаваліся карціны на розную тэму, якія так ці інакш, знаёмілі з унутраным жыццём жывапісца, тлумачылі правілы пабудовы яе мастацкага свету, раскрывалі ідэйны змест творчасці.
Новая выстаўка «Aeroplanes» з’яўляецца працягам разважанняў Наталлі Шапавалавай, а яны ўсё гэтак жа скіраваны на пошук і абвяшчэнне свабоды. Зразумела, гаворка ідзе найперш пра складаныя і важныя паняцці, асабліва для мастака — волю і незалежнасць на шляху пераадолення розных перашкод. Апошнім часам аўтар распрацоўвае тэму палёту. Некаторыя работы гэтага кірунку глядач ужо меў магчымасць убачыць падчас працы групавых выставак, і цяпер склалася цэлая экспазіцыя, скразным вобразам якой стаў самалёт, папулярны сімвал тэхнічнага прагрэсу.
У творчасці Наталлі Шапавалавай ён нагадвае пра свабоду і імкненне да новых гарызонтаў, даследавання нязведанага.
І ўжо пытанне ў тым, як можна абыходзіцца з вобразам самалёта, які, здаецца, не абяцае мастаку асаблівых адкрыццяў, не прапаноўвае шматлікіх варыяцый. Па-першае, аўтар знаходзіць для прадмета розныя прасторы, такім чынам апісваючы душэўныя станы, неабходныя для надання таму ці іншаму твору пэўнай эмацыянальнай афарбоўкі. Па-другое, яна імкнецца паказаць лятальны апарат нетрывіяльна.
Тут дапамагае выбраны каларыт, крыху, а недзе і надта прыглушаная гама: мяккія адценні, часта з прымессю шэрага тону, прызначаны схіліць на спакойны настрой, стварыць адчуванне глыбіні без выкарыстання яркіх кантрастаў. Аднак і апошняе сустракаецца, калі патрэбна адлюстраваць супрацьстаянне. Да таго ж вобраз самалёта часта суправаджаецца іншым, яшчэ больш тыражыраваным. Гэта адна ці некалькі птушак: спакойныя і нават абыякавыя чайкі ў дадзеным выпадку быццам сімвалізуюць непарушнасць законаў прыроды, непахіснасць яе асноў. Душа чалавека з яго марамі, якім супрацьпастаўляецца лёс, — таксама можа быць выяўлена праз такі зварот.
Падчас знаёмства з выстаўкай «Aeroplanes» трэба ўлічваць і тое, што Наталля Шапавалава пэўным чынам пераасэнсоўвае сюжэты старажытных міфаў і легенд. «Палёт у міфалогіі сімвалізуе не толькі фізічную свабоду, але і імкненне да пазнання, самарэалізацыі і духоўнага вызвалення, нагадваючы аб тым, што прага свабоды павінна спалучацца з мудрасцю і павагай да сіл, якія могуць вывесці нас за межы звыклага», — нагадваюць у «Арт-Фабрыцы».
Яўгенія ШЫЦЬКА