Дзень народнага адзінства — выдатная нагода прыгадаць суайчыннікаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыйным і нацыянальна-вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. Адзін з іх — Алесь
Феафілавіч Салагуб, які пакінуў пасля сябе след і ў паэзіі, і ў прозе, і ў драматургіі. Стаў заўважным як літаратуразнаўца, публіцыст, грамадскі дзеяч. Яго малая радзіма — вёска Зарудзічы Ашмянскага павета Віленскай губерні. Цяпер яна адносіцца да Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Бацькі — сяляне. Нарадзіўся 18 кастрычніка 1906 года.
Найперш наш герой стаў рэалізоўваць здольнасці ў галіне публіцыстыкі. 4 ліпеня 1920 года на старонках газеты «Незалежная думка» з’явіўся яго артыкул «Культурныя паны». Чаму ўзяўся за пяро? Трэба было адказаць пану Эўзэбіюшу Лапацінскаму, які «замахнуўся выгнаць беларусаў з спрадвечных беларускіх базыльянскіх муроў». Публіцыстычны дэбют аказаўся проста бліскучым. І гэта ва ўзросце чатырнаццаці (!) гадоў.
Працэс фарміравання асобы працягваўся ў час навучання ў Віленскай беларускай гімназіі. Тут ён вучыўся 5 гадоў, з 1922 да 1927-га. У гімназіі пазнаёміўся з будучымі дзеячамі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Сярод іх ён рос як рэвалюцыянер. На Алеся моцна паўплываў Арсен Канчэўскі, найбольш значная постаць у гэтым атачэнні.
У рэвалюцыянера жыццё не можа быць спакойным. Ён увесь час ходзіць па лязе. І наш герой па-сапраўднаму гэта адчуў 1 мая 1924 года, калі яго ўпершыню арыштавала паліцыя за распаўсюджванне газет, часопісаў, улётак кампартыі Заходняй Беларусі. Спачатку афіцэр дэфензівы спрабаваў ўгаварыць Алеся стаць тайным агентам гэтай спецслужы, абяцаючы добрыя грошы. Той адмовіўся. Яго білі, вымушалі падпісваць нейкія паперы. Сядзеў у Лукішках у камеры-адзіночцы. Віленскі акруговы суд даў яму два гады крэпасці, абвінаваціўшы ў прыналежнасці да КПЗБ. Праз чатыры месяцы яго вызвалілі пад заклад (3000 польскіх злотых), потым неўзабаве зноў пасадзілі, зноў выпусцілі пад заклад.
Новы этап у палітычнай дзейнасці нашага героя пачаўся пасля стварэння
Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады (БСРГ), масавай легальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай нацыянальна-вызваленчай арганізацыі працоўных у Заходняй Беларусі. Дзейнічала з чэрвеня 1925 года да сакавіка 1927-га. Дадзеныя пра колькасць членаў БСРГ вагаюцца ад 150000 да 170000 чалавек.
Салагуб рабіў усё, каб у Ашмянскім павеце было як мага больш гурткоў БСРГ. Дамогся свайго. Павет лідзіраваў па колькасці такіх аб’яднанняў. Паліцыя гэткай актыўнасці Алесю не даравала. Максім Гарэцкі пісаў: «Зараз яго схапілі і ўкінулі ў Стафанаўскі астрог у Вільні. Там сядзець было горш, чым у Лукішках. Пасадзілі яго ў камеру з „інтэлігентамі“. Але „інтэлігенты“ гэтыя былі: скарбовыя зладзеі, шпегі, якія сваімі „баданнямі“ забівалі людзей насмерць, афіцэры-гвалтаўнікі... Салагуба яны цкавалі, як грамадаўца. Прасядзеў ён там два месяцы, і вельмі яны здаліся яму доўгімі».
Выйшаўшы са Стафанаўкі, Алесь Салагуб давучыўся ў гімназіі, але атэстат атрымаць не паспеў, бо зноў быў арыштаваны і адпраўлены ў Лукішкі. Сядзеў гэтым разам дзевяць месяцаў, да вясны 1928 года. Вёў у няволі «Лукішскі дзённік».
Вясной 1928 года нелегальна перасёк савецка-польскую граніцу. У БССР атрымаў вышэйшую адукацыю, скончыўшы ў 1931 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Затым два гады навучаўся ў аспірантуры, скончыць якую не ўдалося. 10 жніўня 1933 года быў арыштаваны, а 17 мая 1934 года расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.
А цяпер спынімся на літаратурнай творчасці Алеся Салагуба. З 1924 года ўсё больш звяртаецца да паэтычнага слова. У Лукішках напісаў цыкл вершаў і п’есу «Касулі ў цемры». Чатыры вершы з цыкла былі надрукаваны ў 1925 годзе ў газеце «Студэнцкая думка». Першы з іх (і па парадку, і па важнасці) утрымлівае роздум пра сэнс жыцця. Вось самае істотнае ў гэтым творы:
Не для крыку, не для славы
Мы павінны працаваць,
А за светлую ідэю
Разам ўсе мы мусім стаць.
Не ісці, не адлучацца
Ад сярмягі, ад братоў.
Ўсё жыццё трэба змагацца —
Жыць усім без ланцугоў.
Пройдзе зусім няшмат часу і ў газетах з’явяцца новыя вершы. Размова ідзе пра выданні «Наша воля», «Вольная праца», «Наша праўда», «Маланка», «Беларуская ніва». Псеўданімамі Лявон Адраджэнец, Лявон Чачотка, крыптанімам А. С. паэт падпісвае большасць сваіх твораў.
Нельга не пагадзіцца са словамі вядомага айчыннага даследчыка заходнебеларускай літаратуры Міколы Мікуліча: «Своеадметнасць паэзіі А. Салагуба заключаецца ў тым, што яна народжана галоўным чынам у турэмнай няволі, падчас знаходжання аўтара ў Лукішках (у 1924 і 1927 гг.), яе змест складаюць думкі і перажыванні юнака-палітвязня».
Вершы, напісаныя ў астрозе, увайшлі ў зборнік «Лукішкі», датаваны 1929 годам. Для Алеся Салагуба ён быў першым і адзіным.
У час знаходжання ў Мінску вельмі плённа працаваў
як літаратуразнаўца. Калегі па цэху далі высокую ацэнку артыкулам «Літаратура польскага пралетарыяту» (1931), «Паэзія рэвалюцыйнага падполля Заходняй Беларусі» (1931), «Крызіс польскай буржуазнай літаратуры і літаратура польскага пралетарыяту» (разам з В. Таўлаем, 1931), «У баях за дыктатуру пралетарыяту» (1931), «У полымі класавай барацьбы» (1931), «Мастацкая літаратура „Грамады“» (1933).
У мінскі перыяд атрымаў магчымасць друкавацца ў прэстыжных часопісах «Маладняк», «Полымя». Уступіў у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП).
Мікола Мікуліч грунтоўна вывучыў шматлікія факты і прыйшоў да высновы, што «А. Салагуб быў чалавекам выразных і цвёрдых духоўна-маральных прынцыпаў і перакананняў, моцнага характару і непахіснай сілы волі, схільны да рашучых учынкаў і дзеянняў». Вось толькі адзін з прыкладаў. У лісце Салагуба з Лукішак ад 18 верасня 1927 года да мастака Рамана Семашкевіча чытаем: «Не магу пажаліцца на жыццё. Жыццястойкасць, бадзёрасць, пагоднасць духу не пакідаюць мяне ў найцяжэйшыя часіны. Перажываю „салодкасць барацьбы і радасць існавання“. Не ведаю, што такое песімізм, што такое сум, слёзы».
Міхаіл СТРАЛЕЦ