Нашы кнігавыдаўцы сёння стараюцца напоўніць рынак, павялічваюць тыражы. І для гэтага ёсць падстава: паводле сацыялагічных даследаванняў, беларусы працягваюць чытаць кнігі, аддаючы перавагу папяровым выданням. Такая інфармацыя прагучала напярэдадні Міжнароднага дня дарэння кніг і з думкамі пра Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш.
Да яе ўжо рыхтуюцца і выдаўцы, і чытачы, якія добра ведаюць, што такое «найлепшы падарунак». Сацыялагічныя даследаванні дапамагаюць выдаўцам лепш разумець чытачоў...
— 88,9 % чытачоў нашай краіны самі выбіраюць кнігі і сочаць за навінкамі, менш вядуцца на рэкламу, меркаванні крытыкаў і блізкіх, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі
Беларусь Дзяніс Езерскі. — Чаму купляюць кнігі? Перш за ўсё, лічаць, што кніга з’яўляецца сродкам развіцця і баўлення часу дзяцей. Па-другое, цікавіць змест і аўтары. Па-трэцяе: кніга — добры падарунак. Беларусы з задавальненнем кнігі дораць. Набываюць пераважна сусветную класіку, сучасную рускую літаратуру і маюць інтарэс да беларускіх твораў.
Беларусам няважна, дзе і кім выдадзена кніга, але цікавіць яе змест, якасць, аўтар, удакладняе Дзяніс Езерскі. Найбольш запатрабаваная дзіцячая кніга, яе хочуць бачыць якаснай, добра ілюстраванай, і каб у ёй было нейкае адкрыццё для дзіцяці. Ад сацыяльна значнай літаратуры чакаюць расповеду пра дасягненні нашай краіны, яе традыцыі (37,8 % людзей купляюць літаратуру такога зместу). Не застаюцца без увагі кнігі, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны (34,6 %). Чытач хоча кнігі пра народ і краіну.
Паводле сацыялагічных даследаванняў, 83,6 % насельніцтва аддаюць перавагу кнігам папяровага фармату, але ёсць запыт і на лічбавыя платформы, электронныя і аўдыёкнігі (19,7 % чытачоў бачаць у гэтым спосаб прыцягнення дзяцей і шлях развіцця кніжнага рынку).
На кожнага беларуса прыпадае ў сярэднім дзве кнігі — гэта стабільны паказчык сярод краін постсавецкай прасторы, які сведчыць, што наша нацыя чытае. 21,6 % насельніцтва чытаюць кнігі некалькі разоў на месяц, 21,7 % — некалькі разоў на тыдзень. Найбольш зацікаўлены чытаннем узрост — да 29 гадоў. І ў нашай краіне больш чытаюць жанчыны. Гэта павінна надаваць пэўны аптымізм кнігавыдаўцам, таму што традыцыйна жанчына лічыцца правадніком дзяцей у кніжны свет...
Паводле даных, у мінулым годзе ў нашай краіне выпушчана 7137 найменняў кніг і брашур, агульным тыражом 18 198 000 экзэмпляраў. Крыху знізіўся выпуск выданняў па колькасці — на 0,5 %, але сукупны тыраж усіх кніг, выдадзеных летась у Рэспубліцы Беларусь, павялічыўся на 0,8 %. Сярэдні тыраж адной кнігі таксама крыху вырас і складае цяпер 2550 экзэмпляраў. Нашы выдавецтвы працуюць не толькі з дзяржаўнымі мовамі — рускай і беларускай, летась свет убачылі кнігі на 25 мовах (выдадзена 494 кнігі і брашуры). На беларускай мове выпусцілі 982 кнігі, іх тыраж павялічыўся і склаў 2 690 000. А ў працэнтных суадносінах кожнае з выдавецтваў, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства інфармацыі («Беларусь», «Мастацкая літаратура», «Звязда»), выпусціла больш за 50 % кніг на беларускай мове. Сярод усіх выдадзеных кніг пераважаюць новыя назвы. 79,2 % — гэта кнігі новыя: ці маладых аўтараў, ці замежных, але ўпершыню выдадзеныя ў нашай краіне.
У 2025 годзе дзейнасць па выпуску кніжнай прадукцыі ажыццяўлялі 233 выдаўцы з 581 зарэгістраванага (летась іх было 576). На аднаго дзейнага выдаўца атрымліваецца каля 30 найменняў. На долю 15 выдавецтваў-лідараў (дзяржаўных і недзяржаўных) прыпадае больш за 100 найменняў кніжнай прадукцыі. Лідарам з’яўляецца вучэбна-метадычная група. Але літаратурна-мастацкія выданні летась паказалі рост як па колькасці назваў, так і па тыражы: выдадзена 1108 найменняў, тыражом 1 000 611 кніг. У мінулым годзе з’явілася 95 найменняў фінансаванай дзяржавай сацыяльна значнай літаратуры на суму больш за 2,5 мільёна беларускіх рублёў. Хутчэй прыйсці да чытача ім дапамагаюць распаўсюджвальнікі кніг...
На тэрыторыі краіны 2283 суб’екты гаспадарання (супраць 2138 летась) займаюцца распаўсюджваннем друкаваных выданняў. Акрамя традыцыйных лідараў (гэта дзяржаўная сетка «Белкніга», Белсаюздрук, Белпошта, недзяржаўная OZ) актыўна ўключыліся буйныя рытэйлеры, у крамах якіх ёсць кніжныя паліцы. Па леташніх выніках 207 распаўсюджвальнікаў працуюць у інтэрнэце, маючы крамы ці гандлюючы праз маркетплэйсы.
— У нашай сетцы беларуская кніга займае прыярытэтнае становішча і па тыражы (каля 80 %), і з пункту гледжання рэалізацыі (па сумах гэта каля 70 %), — патлумачыў Уладзімір Матусевіч, генеральны дырэктар «Белкнігі». — Асноўную задачу бачым у прасоўванні беларускай кнігі, перш за ўсё дзяржаўных выданняў — грамадска-палітычных і мастацкай літаратуры: праз прыярытэтную выкладку, тэматычныя экспазіцыі, выязныя рэспубліканскія і рэгіянальныя мерапрыемствы. Супрацоўнічаем з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, прэзентацыі ладзім на базе Дома кнігі «Светач» у Мінску. А таксама займаемся прасоўваннем беларускай кнігі за мяжой, у першую чаргу ў Расійскай Федэрацыі, дзе больш за ўсё чытачоў і ёсць попыт. Ужо супрацоўнічаем з найбуйнейшымі крамамі Санкт-Пецярбурга, больш за 160 найменняў выданняў накіравалі туды летась. Праз маркетплэйс «Вайлдберыс» летась адгрузілі больш за 1000 найменняў кніжнай прадукцыі (на ўсю рускамоўную прастору).
Для прапаганды беларускай кнігі і выданняў на беларускай мове пад патранатам Міністэрства інфармацыі і сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі распрацаваны дадатак «Чытанка». Яму збіраюцца надаць новы імпульс праз змену тэхнічнага інтэрфейсу для большай зручнасці і з клопатам прапашырэнне зместу...
— Сёлета мы плануем выдаць каля 70 кніг, — распавёў Віктар Шніп, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя». — Хочацца спыніцца на чатырох адметных праектах. Першы прысвечаны лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі.
Падрыхтаваны і здадзены ў друк тры кнігі выбраных твораў — Уладзіміра Гаўрыловіча, Віктара Кунцэвіча, Міхася Пазнякова. Будзем прэзентаваць выданні на кніжнай выстаўцы. Напрыканцы мінулага года выдавецтва разам з Саюзам пісьменнікаў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі правяло конкурс сярод маладых аўтараў, які называецца «Маладзік». Творы пераможцаў будуць надрукаваны ў аднайменным альманаху. Акрамя таго, у серыі «Маладосць» запланавана чатыры кнігі — двух паэтаў і двух празаікаў. Спадзяюся, будзе добрая падтрымка маладым творцам. Яшчэ адзін асаблівы праект мы рыхтуем у серыі «Беларусь літаратурная» сумесна з рэгіёнам, дзе пройдзе Дзень беларускага пісьменства. На Касцюковіччыне нара-
дзіліся народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў і народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў. Спадзяюся, кніга, што выйдзе пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі, стане падзеяй не толькі для Касцюковічаў, але наогул для краіны, бо выданні гэ-тай серыі з’яўляюцца своеасаблівай анталогіяй літаратуры таго ці іншага раёна.
А ў Год беларускай жанчыны на красавік у выдавецтве запланавана выданне зборніка «Сучасная жаночая проза» ў серыі «Бібліятэка беларускай аповесці». Дзякуючы яму можна будзе пазнаёміцца з творчасцю нашых жанчын-пісьменніц.
Выдаўцы і адказныя за галіну адзначаюць у апошнія гады цікавасць да кніг краязнаўчай тэматыкі, грамадска-палітычных выданняў, якія расказваюць пра Беларусь.
— Цягам гэтага года мы завершым серыю краіназнаўчага характару «Беларусь. Зямля пад белымі крыламі...» — а далей у назве пазначаны асобны рэгіён нашай краіны. Першая кніга была прысвечана Брэсцкай вобласці. Коратка выкладзена гісторыя, раскрываюцца старонкі сацыяльна-эканамічнага жыцця, — расказаў дырэктар выдавецтва «Беларусь» Аляксандр Карлюкевіч. — Кнігі будуць спрыяць кантактам розных рэгіёнаў з іншымі краінамі, з патэнцыйнымі інвестарамі, з тымі, хто жыве ў добрасуседстве з Беларуссю. Гэты праект справакаваў шэраг ідэй, якія мы абмяркоўваем са спецыялістамі ў галіне турызму. Выйдзе некалькі падарожных даведнікаў, якія раскажуць пра буйныя гарады Беларусі (гэта наш унёсак у выкананне задачы, пастаўленай на УНС, па павелічэнні валавога турыстычнага прадукту).
Па даручэнні міністэрстваў інфармацыі і замежных спраў Беларусі ў фармаце спіса сацыяльна значных тэм выдавецтва «Беларусь» прапануе біблія-тэку кніг, якія расказваюць пра нашу краіну ў сучасным і гістарычным разрэзах. Выданні рыхтуюцца на рускай і англійскай мовах. Асобная кніга будзе прысвечана культуры, мастацтву, дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Яшчэ адно выданне будзе прысвечана тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. За больш чым пяць гадоў існавання серыі, што рыхтуецца ў супрацоўніцтве з Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь, адзначана запатрабаванасць гэтых кніг на рынку. Дзеля выканання важнай сацыяльнай задачы летась «Беларусь» выдала 36 кніг, надрукаваных шрыфтам Брайля для людзей, якія маюць праблемы са зрокам. Сярод іх кніга «У прыгаршчах ветру» Ніны Мацяш, якая была інвалідам, але рэалізавала свой талент. Агулам у мінулым годзе выдавецтва выпусціла 196 назваў кніг — акрамя гісторыка-асветнай тэматыкі працуюць тут і з мастацкай літаратурай, але выбіраюць творы, якія прайшлі выпрабаванне часам, ці шукаюць аўтараў, якія прапануюць нешта новае.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота з telegram-канала Прэс-цэнтра Дома прэсы і архіва БелТА