Top.Mail.Ru

Чым здзіўляе гледачоў сёлетні «Арт-Мінск»?

Аўтар: Яўгенія Шыцька
07.04.2025 | 07:00

У Беларусі існуюць мастацкія праекты, якія з кожным годам толькі набіраюць папулярнасць. У прафесійных колах, і не толькі ў іх, праходзяць дыскусіі, вядуцца спрэчкі — словам, вызначаецца станоўчае і сумніўнае... Асноўныя ж пытанні, да якіх зводзяцца абмеркаванні: ці вартыя тыя ці іншыя работы ўвагі гледача, ці стае прафесіяналізму маладым і нават сталым аўтарам, ці дастаткова жыццёвай і мастацкай практыкі яны маюць, наколькі актуальныя іх разважанні і, самае галоўнае, што ўвогуле можна сёння лічыць творам мастацтва. Аднак, у тым ліку дзякуючы ўжо звыкламу асяроддзю, адкрытаму для крытыкі, гэтыя праекты маюць шмат прыхільнікаў: расце колькасць мастакоў, якія імкнуцца паўдзельнічаць, павялічваецца і аўдыторыя, уважлівая да створанага сучаснікамі. 


Галоўнай падзеяй вясны ў мастацкім жыцці краіны гледачы ўжо назвалі «Арт-Мінск-2025». Фестываль праводзіцца штогод з 2018 года і сёлета сабраў больш за 550 твораў ад 225 жывапісцаў, графікаў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фатографаў і дызайнераў. Між тым на ўдзел у выставачным праекце паступіла больш за 1300 заявак, што, адзначаюць арганізатары, з’яўляецца абсалютным рэкордам за ўсе гады правядзення. Тым часам гледачу, які можа набыць упадабаныя работы, па традыцыі прапануюць падтрымаць аўтараў шляхам галасавання. Тых, хто набярэ найбольшую колькасць галасоў, узнагародзяць дыпломамі і прызамі. 

Да 4 мая ў публікі ёсць магчымасць пазнаёміцца з маштабнай экспазіцыяй пад куратарствам Аляксандра Зінкевіча ў Палацы мастацтва. Арганізатары задзейнічалі кожную яго пляцоўку і ўнеслі пэўныя карэктывы ў выставачную прастору, таму восьмы «Арт-Мінск» вызначаецца яшчэ большай змястоўнасцю і нават стракатасцю... 

— З кожным годам «Арт-Мінск» становіцца лепшым — ярчэйшым і цікавейшым, — мяркуе першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч. — Ад знаёмства з работамі ў розных залах я атрымала эстэтычнае задавальненне — тут сапраўды вельмі здорава і прафесіянальна зробленыя работы, задавальненне проста як гледача — выбар настолькі вялікі, што кожны можа знайсці блізкія яму творы; задавальненне як чалавека, якому хочацца пастаяць, напрыклад, перад палатном і падумаць. Восьмы «Арт-Мінск» атрымаўся асаблівы. Ёсць адчуванне, што мы паказваем у гэтых сценах творчасць мастакоў у зусім іншым фармаце: вельмі шмат знаёмых прозвішчаў, аднак яны цалкам іначай гучаць, бо гэтыя творцы ўздымаюць іншыя тэмы, здзіўляюць маштабамі задум, укладзенымі ў творы сімваламі. Побач карціны маладых мастакоў, якія падцягваюцца да іх узроўню. 


Якраз творчым памкненням моладзі аддадзена ў тым ліку цэнтральная частка экспазіцыі ў Палацы мастацтва. Тут прадстаўлены работы са смальты Юліі Цярэшкі, прысвечаныя даследаванню цялеснасці, інтымнасці. Між тым мастачка працуе ў галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, таму такі дысананс маштабу і тэмы ў любым выпадку звяртае на сябе ўвагу публікі. Аднак побач выстаўляецца Алёна Жамоздзік, творчасць якой таксама не вылучаецца сюжэтнай арыгінальнасцю, а звяртае на сябе ўвагу найперш выкананне. Погляд спыняецца на выкарыстаных матэрыялах: драўлянай панэлі, мармуру, напаўкаштоўных камянях. 

У цэнтры гэтай часткі выстаўкі экспануецца стальная скульптура «Злучэнне» (2022) Марыны Казак — нібы тая энергія, што аб’ядноўвае самых розных творцаў, якія маюць смеласць паказаць зробленае ў сваіх майстэрнях перад гледачом. 



Побач — графіка і жывапіс Яна Малевіча, які імкнецца пазбавіць свет жыццёвай энергіі з дапамогай спрашчэння ўсёй яго «канструкцыі». Праз спалучэнне сіняга і чырвонага аўтар стварае своеасаблівы цень рэальнасці, у якім, магчыма, хтосьці будзе пачуваць сябе лепей. Многія аўтары выстаўкі, сапраўды, рухаюцца да лаканізму ў выказваннях, кампазіцыйнай яснасці, нават да мінімалізму — відавочнае жаданне сучаснікаў спрасціць сутнасць і форму прадметаў, адсякаючы другасныя вобразы. У гэтым рэчышчы ўсіх абышоў Уладзіслаў Заяц з амаль чорна-белай анімалістыкай — мастак адлюстраваў мурашак не ў самых спрыяльных для іх абставінах: ізаляваных ад жывой прыроды. Традыцыйна сваё бачанне жанру прапанаваў і Алесь Багданаў. На яго палатне «Першае спатканне» (2025) таксама шмат негатыўнай прасторы, аднак у гэтым выпадку яна ўспрымаецца інакш, чым у папярэднім: зусім іншая тэма, свая інтанацыя. І тут спрашчэнне страчвае сваю сілу — творы Алеся Багданава заўсёды вылучаліся рэалізмам, вобразы на яго карцінах прапрацаваныя, удасканаленыя шматлікімі дэталямі і нюансамі.

У звязцы з творчасцю жывапісца складана не згадаць новыя работы яго жонкі Алесі Скарабагатай: мастачка, як заўжды, прыцягнула ўвагу сваімі казачнарэалістычнымі карцінамі («Садавод-аматар» і «Апошні інгрэдыент» 2025 года). 



Да многіх з гэтых і іншых мастакоў публіка ставіцца асабліва прыязна. Так, заўсёды заўважаныя і па заслугах ацэненыя творы Валянціна Губарава, Аляксандра Шаппо, Усевалада Швайбы, Максіма Пятруля, Фёдара Шурмялёва... Не абдзелены ўвагай і такія аўтары, як Фёдар Бажын, Маргарыта Маніс, Анастасія Чадзій, Graph Calligraph, Вікторыя Ільіна, Паліна Белая, Ганна Мельнікава, Таццяна Савік, Эльміра Мухтарава, O. ZHE ды іншыя. Для значнай часткі публікі важна было ўбачыць работы мастакоў, якія шмат і плённа працуюць, не здраджваючы сабе і знаходзячы новыя шляхі ў мастацтве. Сярод такіх — Уладзімір Канцадайлаў, Андрэй Асташоў, Андрэй Савіч, Васіль Зянько... 

Між тым хапае на фестывалі сумнеўных экспанатаў, якія быццам і выяўляюць разважанні розных мастакоў аб сучаснасці, адлюстроўваюць іх унутраны свет, цікавыя з пункту гледжання выкарыстаных матэрыялаў, тэхнік і стыляў. Аднак часта ў гэтым бачыцца другаснасць — быццам такое ўжо было і быццам бы на тым жа фестывалі «Арт-Мінск», толькі раней. Камусьці не хапае арыгінальнасці, хтосьці замкнуўся выключна на канцэпцыі, некаторыя ж схільныя напусціць туману і пакінуць гледача ў неўразуменні... Як, напрыклад, Inshiya з інсталяцыяй «Угрунтаваная непрыгоднасць» (2024), да якой дадаецца штосьці тыпу прадмовы: «Нішто не даецца бясплатна ці проста так. За ўсё трэба плаціць, і ва ўсяго ёсць цана. Рана ці позна, у мінулым ці ў будучыні, але прычынна-выніковыя сувязі заўсёды прыходзяць у раўнавагу. <...> Часу засталося не так шмат...» І вось Анастасія Банько таксама прымушае гледача паразважаць пра хаду часу: «Дыпціх „Будні“ нацэлены паказаць паўсядзённасць стомленага працай чалавека. Аўтар карцін упэўнена, што мадэль „8-8-8“ устарэла. Будні — гэта і ёсць наша жыццё, таму так важна мець у распараджэнні больш часу для сябе». Да таго ж аўтар пад псеўданімам back_of_canvas прадставіў гледачу пустое палатно «Бясконцая фантазія» (2025), у прасторы якога змешчаны традыцыйны для твора мастацтва подпіс. Тут зварот да ўжо збітага прыёму: «Карціна, якая засталася няскончанай, стварае прастору для інтэрпрэтацыі і ўяўлення, дазваляючы гледачам дадаць свае ўласныя ідэі і пачуцці. У гэтай рабоце мастак пайшоў яшчэ далей і нават не пачынаў яе, ды што там не пачынаў — ён вам яе нават не пакажа. Так што, дарагія гледачы, нішто не зможа стрымаць ваш палёт фантазіі, ніякіх рамак і абмежаванняў. Атрымлівайце асалоду!» Ну, у каго атрымаецца? 


Аляксандр Яноўскі «Паслёнавы настрой», 2024 г.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю