Падзеі
— Ёсць шэраг падзей, якія паспрыялі папулярызацыі Вялікага тэатра Беларусі. Найперш гэта ўдзел у «Марафоне адзінства». У нас свая спецыфіка, і трэба было прадугледзець магчымыя формы ўдзелу. Напрыклад, майстар-класы, вываз экспазіцыі музея, якая ўвогуле ніколі не пакідала сцены тэатра (ні касцюмы, ні дакументы). Але да іх была неверагодная цікавасць. На нашы выстаўкі, у якіх бы гарадах яны ні ладзіліся, прыходзілі дзеці, студэнты.
Але ведаеце, што для мяне стала сапраўдным урокам? Мы зразумелі: у шэрагу гарадоў людзі ўвогуле не ведаюць, што такое Вялікі тэатр, які робіць асаблівае мастацтва. Шмат для каго гэта было адкрыццём.
Вядома, выклікаюць цікавасць нашы экскурсіі. Магутны менеджарскі ход — уключыць іх у афішу тэатра. Калі людзі бачаць: «квіткі прададзены» — у іх узнікае цікавасць: а пра што ж там распавядаюць?.. Гэта магчымасць спазнаць тэатр з іншага боку.
Ажывіў Вялікі і праект, што прадставіў нашых балерын, што працуюць даўно і вельмі актыўна. Канешне, артыстам заўсёды хочацца ўвагі. Праект «Жыццё ў прафесіі» дазволіў нашым тром прымам-балерынам паўстаць у промнях славы. Спектаклі з аншлагам, аўтограф-сесіі — і артысткі, і гледачы былі натхнёны. Я зразумела, што наш галоўны харэограф Ігар Колб на гэтым не спыніцца. Ужо ў красавіку ён рыхтуе прэм’еру — вечар аднаактовых балетаў пад агульнай назвай «Скокі» (на музыку М. Равеля, К. Сен-Санса, Ж. Бізэ). Галоўны дырыжор — Арцём Макараў. Чацвёртая ў сезоне прэм’ера запланавана на сярэдзіну чэрвеня. Оперу Чайкоўскага «Жанна Д’Арк» паставіць рэжысёр Георгій Ісаакян, народны артыст Расіі, мастаком будзе Аляксей Трагубаў, дырыжор-пастаноўшчык — Арцём Макараў.
Але яшчэ ў сакавіку ў спектаклях тэатра можна ўбачыць цікавых запрошаных гасцей — салістаў Ільгама Валіева і Івана Гынгазава. Такое супрацоўніцтва карыснае і для нас саміх. Акрамя таго, удзел расійскіх зорак прыносіць дадатковы даход тэатру.
11 сакавіка на сцэне Вялікага тэатра будзем успамінаць Тамару Ніжнікаву, нашу знакамітую салістку, народную артыстку СССР, выпускніцу Маскоўскай кансерваторыі. Сёлета адзначаецца 100-годдзе з дня яе нараджэння. Яе ўнёсак у развіццё тэатра велізарны. Таму ў гэты вечар прагучыць яе любімая опера «Севільскі цырульнік». А ў Міжнародны дзень тэатра 27 сакавіка мы пакажам прыгожага, новага, яркага, нечаканага для нас саміх «Яўгенія Анегіна». Мяне асабліва радуе, што гэты спектакль ідзе ў двух фарматах. Калі ў галоўных партыях выходзяць нашы выдатныя артысты, зоркі, то зразумела, што гэта будзе якасна. Але ёсць цалкам маладзёжная каманда — у іх іншыя эмоцыі, іншае ўяўленне пра жыццё. Нешта яны робяць нават больш эмацыянальна, больш адкрыта, больш свабодна. Прапаноўваю звярнуць увагу на гэты склад салістаў.
Прыемна адзначыць, што наш беларускі Павароці тэнар Дзмітрый Шабеця стаў запрошаным салістам Марыінскага тэатра. Гэта гонар для нас, што ўслед за зоркамі Аксанай Волкавай і Андрэем Валенціем маладыя артысты Вялікага тэатра Беларусі сталі заваёўваць сцэнічную прастору не толькі сваёй краіны. Дзмітрый ужо выступіў у новым спектаклі «Аіда» ў пастаноўцы рэжысёра Джанкарла дэль Монака, з якім мы падпісалі дагавор на пастаноўку «Набука» (у лістападзе пачнуцца рэпетыцыі).
А яшчэ ў гэтым сезоне, у чэрвені, публіку чакаюць «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў», гэта будзе пятнаццаты фестываль. У праграме знойдзецца месца не толькі прэм’ерам. Усяго больш за дзясятак канцэртаў на ўсіх пляцоўках і гала-канцэрт, у якім мы аддадзім у тым ліку даніну памяці ваенным падзеям.
Памяць
— «Патэтычны дзённік памяці» мы вязём у Маскву, 2 красавіка пакажам наш праект у Вялікім тэатры Расіі. Гэта вялікае дасягненне, і я ўдзячна Пастаяннаму камітэту Саюзнай дзяржавы, асабіста Дзяржаўнаму сакратару Дзмітрыю Мезенцаву і яго камандзе. Выступленне плануецца на новай сцэне Вялікага тэатра Расіі, таму што там ёсць тэхніка, без якой гэты праект немагчымы. У плане мерапрыемстваў міністэрстваў культуры дзвюх краін гэты праект таксама заняў сваё месца.
Важнае выступленне — выхад на адкрытую пляцоўку 1 мая ў Брэсцкай крэпасці. Наша тэхнічная група выехала паглядзець, як гэта можна ажыццявіць, таму што дэкарацыі там аднавіць немагчыма, але сучасныя тэхналогіі павінны дапамагчы выклікаць неабходныя эмоцыі. Чакаецца, што там «Патэтычны дзённік памяці» паглядзяць ад пяці да сямі тысяч чалавек.
Спектакль зроблены за кошт сродкаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта — мы павінны іх адпрацаваць і пацвердзіць, што выдаткавалі грошы не дарма. Калі створана сапраўдная народная драма ці трагедыя, нацыянальны спектакль, цалкам складзены з музыкі беларускіх кампазітараў, — гэта значная падзея. Не кажучы пра рэжысёрскія і харэаграфічныя, сцэнаграфічныя поспехі творчага калектыву. Гэта найбольш складаны і абсалютна новы для нас твор. Не ведаю, ці паказваў хто-небудзь раней на сцэне канцлагер для дзяцей «Чырвоны бераг»? Ці жахлівыя падзеі яўрэйскага квартала? Ці гісторыю Вялікага тэатра, які збіраецца на Дэкаду беларускага мастацтва ў Маскву?.. Музыка гучыць так, нібыта яна напісана адным чалавекам, а насамрэч там творы больш за дзясятак аўтараў, якіх аб’яднаў Алег Хадоска. У аснове сцэнаграфіі — беларускі жывапіс. Лічу, што гэта самая буйная культурная падзея тэатральнага сезона. Думаю, для расіян, якія ўбачаць спектакль, шмат у чым будзе адкрыццём, якія страты панёс беларускі народ падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Таксама ў рамках штогадовых мерапрыемстваў у дзелавым культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі мы рыхтуем святочны канцэрт, прысвечаны Вялікай Перамозе.
Гастролі
— У маі плануецца другая паездка вядучых салістаў оперы і балета ў Нікарагуа. Выступіць на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Рубэна Дарыа ў Манагуа запрашае вядомы нікарагуанскі артыст і палітычны дзеяч Лаўрэана Артэга. Нас просяць рэжысіраваць канцэрт і прывезці крыху больш балета, чым мінулы раз, таму паедуць дзве балетныя пары. Гэтым разам у сумесным беларуска-нікарагуанскім праекце возьме ўдзел у асноўным творчая моладзь.
Але і мы рыхтуемся прымаць на гастролі цікавых гасцей. Напрыклад, Прыморскую сцэну Марыінскага тэатра, калектыў, які ніколі раней у нас не бываў. Балетная трупа і аркестр павінны стаць удзельнікамі «Балетнага лета...» з двума спектаклямі — «Карсар» і «1000 і адна ноч». Калі паглядзець на карту, дзе Прыморская сцэна знаходзіцца, і ўявіць іх шлях да нас, то, вядома, гэта сапраўдная падзея.
Вядуцца перагаворы аб гастролях у ліпені 2025 года санкт-пецярбургскага Тэатра балета Барыса Эйфмана са спектаклямі «Чырвоная Жызэль» і «Злачынства і пакаранне».
Нашых выступленняў чакаюць не толькі беларускія гледачы. Па запрашэнні расійскага боку оперу «Князь Ігар» пакажам 5 мая ў Іашкар-Але на сцэне Марыйскага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Э. Сапаева, а 6 мая — у Чабаксарах на сцэне тэатра «Волга Опера» ў рамках фестывалю опернага і балетнага мастацтва «Гісторыя айчыны».
Паступіла запрашэнне на ўдзел балета «Жызэль» у Міжнародным фестывалі оперы і балета «Херсанес», які адбудзецца ў жніўні. Як мяркуецца, выступім на адкрытай пляцоўцы. Беларусь раней не ўдзельнічала ў гэтым фестывалі.
Нацыянальнае
— Работа ў напрамку стварэння нацыянальнай оперы не спыняецца, але ідзе ў больш шырокім кантэксце, чым мы меркавалі раней. Была ідэя оперы аб Ефрасінні Полацкай. Цяпер выйшаў дакументальны фільм, яго шлях быў няпросты: усе ведаюць пра трапяткое стаўленне да нашай вялікай святой, духоўныя асобы абараняюць яе імя і спакой. Таму мы вырашылі, што павінен быць абвешчаны рэспубліканскі конкурс на напісанне сцэнарыя оперы на нацыянальную тэматыку, ён можа быць звязаны з Полацкам як вытокам беларускай дзяржаўнасці. У гісторыі горада былі падзеі і крывавыя, і радасныя, адсюль паходзіць шмат знакавых асоб. У нас ёсць сачыненні на гэтую тэму, напрыклад, «Полацкія пісьмёны» Андрэя Мдзівані ды іншыя, таму што гораду прысвечана нямала музыкі. Мяркую, што можна было б сабраць своеасаблівую анталогію сачыненняў беларускіх кампазітараў на гэтую тэму. У нас ужо ёсць нядаўні прыклад работы з творамі беларускіх кампазітараў: ёсць вялікая музыка, яна можа гучаць, як у тым жа «Патэтычным дзённіку памяці». А можа быць і інакш.
Ларыса ЦІМОШЫК