Top.Mail.Ru

Чым будзе здзіўляць 19-ы па ліку Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@рт.кантакт»

Аўтар: Нэлi Зігуля
11.02.2026 | 13:56
«Спалучэнне майстэрства і свежага погляду»

Нічога, што за вокнамі яшчэ пануюць снег і мароз, сэрца ўжо жыве прадчуваннем вясны, сонейка, першых кветак... і тэатральнага форуму ў Магілёве. Ужо праверана: як толькі стартуе продаж білетаў на гэтае чароўнае мерапрыемства, бег часу неверагодным чынам паскараецца. З нецярпеннем чакаеш новых сустрэч, той урачыстай хвіліны, калі ўсё, што дагэтуль хвалявала, адыдзе на другі план і жыццё да краёў напоўніць яго вялікасць тэатр. Чакаць засталося нядоўга, тэатральны форум пройдзе ў Магілёве з 20 да 27 сакавіка.

Яго асноўная праграма ўключае 17 спектакляў тэатраў з Беларусі, Расіі і Казахстана. У афішы аж тры беларускія тэатры лялек — з Магілёва, Гродна і Мінска. Тэматыка пастановак далёка не дзіцячая. Мінчане, напрыклад, вязуць ў Магілёў нашумелую пастаноўку Яўгена Карнягі «Хутар» паводле твора Васіля Быкава «Знак бяды». Больш чым дзве гадзіны беларускай мовы і псіхалагічнага напружання ад таго, што адбываецца на сцэне. Свой варыянт гогалеўскай аповесці «Шынель» прапануе Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, а ТЮГ дапаможа паглыбіцца ў містычную атмасферу булгакаўскага «Майстра і Маргарыты». Неспасціжнага Антона Паўлавіча Чэхава будзем гэтым разам спасцігаць з артыстамі Магілёўскага абласнога драмтэатра.

Гледача чакаюць сустрэчы з добра знаёмымі расійскімі тэатрамі — ЦЮГам імя А. А. Бранцава з Санкт-Пецярбурга, акадэмічным абласным тэатрам драмы з Уладзіміра, маладзёжным тэатрам імя Б. У. Аляксандрава з Ульянаўска, тэатрам-студыяй «Невялікі драматычны тэатр» з Санкт-Пецярбурга, тэатрам «Школа драматычнага мастацтва» з Масквы, Дзяржаўным тэатрам для дзяцей і моладзі «Свабодная прастора» з Арла. Упершыню ў якасці гасцей форуму выступяць «Цэнтр развіцця тэатральнага мастацтва „Маскоўскі губернскі драматычны тэатр“», Смаленскі камерны тэатр, тэатр з Пермі з інтрыгуючай назвай «Стагоддзе жыцця», Арлоўскі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя І. С. Тургенева, Дзяржаўны рускі драмтэатр імя Ф.М. Дастаеўскага з казахскага горада Сямей. 

— Адбор удзельнікаў, як заўсёды, быў вельмі канкурэнтным і шматэтапным, — паведаміла карэспандэнту «ЛіМа» дырэктар Магілёўскага абласнога драмтэатра Вольга Кузняцова. — Форум даўно стаў прызнанай платформай для творчага дыялогу, кожны год мы атрымліваем шмат заявак ад калектываў з розных краін. Галоўны прынцып адбору — спалучэнне прызнанага майстэрства і свежага погляду. Тыя 17 спектакляў, якія ўвайшлі ў асноўную праграму форуму, якраз адпавядаюць гэтым якасцям. Асабліва радуе, што сярод удзельнікаў — пяць калектываў, якія ўпершыню прадставяць сваё мастацтва на нашай сцэне. Іх удзел — магчымасць для гледачоў адкрыць новыя імёны.

У рамках спецыяльнай праграмы XIX Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М.@rt.кантакт» запланаваны творчыя сустрэчы і майстар-класы педагогаў, драматургаў, вядомых рэжысёраў, артыстаў. А маладзёжная творчая лабараторыя з удзелам студэнтаў Расійскага дзяржінстытута сцэнічных мастацтваў і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

— «М.@рт.кантакт» — значна больш, чым фестываль спектакляў, — кажа Вольга Кузняцова. — Гэта найперш жывая адукацыйная і дыскусійная платформа. Мы чакаем шчырага прафесійнага дыялогу з вядучымі рэжысёрамі, драматургамі і выкладчыкамі. Вельмі важныя для нас сустрэчы з яркімі маладымі талентамі з Расіі і Беларусі, з якімі мы маем магчымасць кантактаваць падчас работы Маладзёжнай рэжысёрскай майстэрні і Маладзёжнага журы. Гэта дазваляе артыстам-пачаткоўцам і навучэнцам Магілёўскага дзяржаўнага мастацкага каледжа прафесійна ўдасканальвацца і расці.

Гіпнатычна ўздзейнічае на ўдзельнікаў форуму і гледачоў аўра самога тэатра. Чамусьці заўсёды хочацца даўжэй затрымацца ў яго сценах, надыхацца таямнічасцю і атмасферай.І ў гэтым вельмі дапамагаюць тэматычныя выставачныя экспазіцыі, якія традыцыйна будуць прадстаўлены ў арт-фае тэатра.

— Нашаму тэатру больш чым 120 гадоў, ён памятае сапраўдных зорак тэатральнага і опернага мастацтва, знакавых асоб, якія ігралі вызначальную ролю ў лёсе вялікай Расійскай імперыі, — кажа Вольга Кузняцова. — Невыпадкова менавіта наш тэатр стаў пляцоўкай для прыгожага форуму, які прываблівае ў Магілёў цікавых і таленавітых людзей. «М.@рт.кантакт» стаў брэндам не толькі Магілёва, але і ўсёй краіны. Вялікую падтрымку аказваюць яго заснавальнікі — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт. А аўтарытэтнае міжнароднае журы, у склад якога ўваходзяць выдатныя дзеячы культуры Беларусі і Расіі, гарантуе высокі прафесійны ўзровень пастановак, якія мы ўбачым падчас фестывалю. Запрашаем усіх з 20 да 27 сакавіка стаць часткай вялікай тэатральнай падзеі, дзе кожны знойдзе для сябе нешта важнае і натхняльнае.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва 

Магілёўскага драмтэатра

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю