З 30 красавіка ў шырокім пракаце з’явіцца прэм’ера Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» — драма рэжысёра Івана Паўлава «Адно на дваіх». Фільм заснаваны на рэальных падзеях і прысвечаны подзвігу лётчыкаў, Герояў Беларусі, гвардыі маёра Андрэя Нічыпорчыка і гвардыі лейтэнанта Мікіты Куканенкі, якія 19 мая 2021 года адвялі самалёт, які страціў кіраванне, ад жылых кварталаў горада Баранавічы і загінулі, выконваючы свой доўг. Гэта тое, што вядома многім з нас са стужак навін таго перыяду. А вось на экране мы маем магчымасць убачыць гісторыю, у якой было шмат святла, яркіх фарбаў і жадання жыць. Мы паглядзелі фільм на прэс-паказе і прапануем ра-зам з намі зазірнуць у закуліссе яго стварэння.
Час жыць і дзейнічаць
— Першыя кадры гэтага фільма мы знялі 22 мая 2022 года, калі з аператарам прыехалі ў Баранавічы на адкрыццё помніка Героям Беларусі. Я тады ўбачыў дзвюх удоў, бацькоў і пачаў паглыбляцца ў гэтую гісторыю. Зняць фільм пра лётчыкаў было маёй ініцыятывай, а Міністэрства абароны прапаноўвала зрабіць кіно пра армію. «Адно на дваіх» — надзвычай складаная кінастужка для мяне, таму што гэта мастацкае кіно. У гісторыі адзін канфлікт — з самалётам. Антаганісты і іншыя канфлікты адсутнічаюць. Не было ў іх і зайздрасці адзін да аднаго. Наша гісторыя складаецца з трох частак, якія я разбіваю і звязваю цітрамі часу, з дапамогай чаго ахопліваем вялікі этап жыцця, — расказаў рэжысёр кінастужкі Іван Паўлаў. — Наш фільм — аповед пра сапраўдных беларускіх мужчын, якія дзейнічаюць так, як павінны дзейнічаць сапраўдныя абаронцы. І гэта дае пачуццё гонару і горычы, што іх, на жаль, ужо няма з намі...
— Заўсёды складана здымаць фільмы пра людзей, якія яшчэ зусім нядаўна былі сярод нас. Таму гэты фільм мы «перажывалі», прапускаючы ўсё праз сябе. Складана здымаць у кватэрах, дзе жылі тыя людзі, і ў месцах, дзе яны бывалі. І таму мы імкнуліся нешта прыдумваць, каб не сапсаваць карцінку, але імкнуліся падаць гісторыю гледачу рэалістычна, каб ён змог пражыць усё разам з нашымі героямі, — падзяліўся перад паказам аператар Вячаслаў Дунаеў. — Як кажуць лётчыкі, паветра трымае, думаю, і нам гэта дапамагала. Добра, што слова «паветра» гучала не так, як у часы вайны, а як чыстае неба над намі. І лётчыкі нам вельмі дапамаглі, хоць часам ім здавалася, што мы просім у іх немагчымага. Усё нам спрыяла: ад людзей да надвор’я.
Вялікае пачынаецца з малога
Ролі галоўных герояў у фільме выканалі акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Аляксей Качан (Андрэй Нічыпорчык) і інжынер Ягор Чубакоў (Мікіта Куканенка). Апошні адзначыў, што яму пашчасціла з экранным героем:
— З Мікітам у нас, як я гэта сабе ўяўляю, падобныя характары. Мы абодва лёгкія на пад’ём, вясёлыя, дружалюбныя, цэнім сваю сям’ю і сяброў. Ён быў такім добрым і светлым хлопцам, прычым гэта не толькі я адзначыў, але і людзі, з якімі служыў Мікіта, — распавёў Ягор Чубакоў. — Вядома, як і ў любой рабоце, былі складанасці. Але, дзякуючы добрай здымачнай групе і падказкам рэжысёра, мы іх пераадолелі і, спадзяюся, у нас усё атрымалася. На здымках усе мы адчулі вялікую адказнасць, бо гісторыя няпростая. І для мяне вялікі гонар сыграць такую ролю.
На працягу ўсяго фільма гледачы змогуць прасачыць не толькі станаўленне герояў, але і пражыць разам з імі іх шчаслівыя і складаныя эпізоды ў жыцці. Тут ёсць месца ўсяму: сяброўству, каханню, саперніцтву, якое спрыяла іх росту, веры і сама-ахвярнасці ў вялікім і ў малым. Нават у побытавых сітуацыях кожны з хлопцаў паводзіў сябе па-мужчынску: мог абараніць і кацяня, і дзяўчыну, падтрымаць таварыша. А вось у тым, што тычылася прафесіі, Мікіта і Андрэй рабілі стаўку на дасканалыя веды, скрупулёзную
падрыхтоўку і ўсведамленне, што любая рызыка і важнае рашэнне немагчымыя без уліку наступстваў... Асаблівую атмасферу ўсяму, што адбываецца на экране, надаюць кампазіцыі Леаніда Шырына. Адна з іх — «Трымайся вышыні» — нават увасобілася ў асобны кліп, дзе таксама адлюстраваны сюжэт фільма.
Пераасэнсаваць галоўнае
Месяцы камандзіровак, працы ў кадры і за кадрам у выніку дазволілі стваральнікам стужкі скласці сапраўдны аўтарскі кінапазл жыцця рэальных герояў. Прысутнічае ў фільме і камп’ютарная графіка, паколькі не ўсё, што тычыцца палётаў, можна было ажыццявіць падчас здымак.
— Мы ўсе вельмі пранікліся гэтай гісторыяй. Я асабіста пачаў па-іншаму ставіцца нават да герояў вайны і да самога звання «герой». Бо раней было адчуванне, быццам людзі нараджаюцца героямі і пражываюць так жыццё, — адзначыў акцёр Аляксей Качан. — А насамрэч часта гэта звычайныя людзі, якія жывуць, любяць сваю сям’ю, Радзіму, жыццё, але ў патрэбны момант здзяйсняюць доблесны ўчынак. І, як сказана ў Бібліі, гэта вышэйшая форма праяўлення любові да іншых, якую нашы героі і прадэманстравалі.
Ролю бацькі Андрэя Нічыпорчыка ў фільме выканаў артыст Віктар Рыбчынскі. Увасоблены ім Уладзімір Нічыпорчык (ён, дарэчы, быў адным з кансультантаў фільма) — стрыманы мужчына, заўсёды гатовы падтрымаць свайго сына.
— Гэтае кіно своечасовае, бо чым больш мы будзем гаварыць пра сваіх герояў, тым лепш, таму што асобы сапраўдных герояў і іх учынкі не гаснуць з часам, — дзеліцца Віктар Рыбчынскі.
Пасля прагляду фільма «Адно на дваіх» у кожнага з нас з’явяцца свае вобразы Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі, але галоўнае, што ў нашых сэрцах будзе жыць светлая памяць пра іх.
Алёна ДРАПКО