На працягу 30 гадоў Міжнародны конкурс піяністаў аб’ядноўвае музыкантаў з розных краін свету ў адзіным жаданні прадэманстраваць свае творчыя навыкі і падзяліцца бязмежнай любоўю да музыкі. «Мінск-2026» збірае ўдзельнікаў і аматараў фартэпіяннага мастацтва сёмы раз. Як адзначаюць члены журы і самі музыканты, цікавасць да творчага спаборніцтва з кожным годам толькі расце, што можна заўважыць па колькасці жадаючых прыняць удзел у гэтым годзе — больш за 100 заявак з 9 краін свету. Для параўнання, на шосты Міжнародны конкурс піяністаў «Мінск-2021» было пададзена 51 заяўка з 7 краін.
Гісторыя конкурсу, арганізаванага па рашэнні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пры садзейнічанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, пачалася восенню 1996 года. У спаборніцтве прынялі ўдзел 82 выканаўцы з 12 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Грузіі, Кітая, Узбекістана, Карэі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Эстоніі і Японіі.
У склад міжнароднага журы ўваходзілі прафесійныя педагогі і вядомыя музычныя дзеячы Дж. Марыоці (Італія), К. Гержод (Польшча), К. Колева (Францыя), А. Зандманіс (Латвія), В. Рахленка, З. Качарская і Ю. Гільдзюк (Беларусь). Узначальвалі журы В. Мержанаў (Расія) і І. Алоўнікаў (Беларусь).
Асноўная мэта музычнага форуму — адкрыць новыя імёны, даць маладым піяністам магчымасць рэалізаваць сябе, падняцца на больш высокую прафесійную ступень і ўбачыць новыя творчыя перспектывы. Вынікі трыццацігадовай гісторыі спаборніцтва гавораць пра сур’ёзныя поспехі беларускай фартэпіяннай школы, дасягненні якой у апошнія гады пацвярджаліся на розных міжнародных конкурсах. Правядзенне ў беларускай сталіцы Міжнароднага конкурсу піяністаў уключыла Мінск у музычную геаграфію конкурснага руху. Званне лаўрэата конкурсу прынесла многім айчынным музыкантам славу і прызнанне.
— Для развіцця культуры творчыя спаборніцтвы з’яўляюцца неад’емнай часткай, таму што гэта добрая магчымасць прадэманстраваць свой узровень, атрымаць ацэнку вядучых музычных дзеячаў і выступіць разам з прафесійным аркестрам на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Дзяржава надае вялікую ўвагу падтрымцы конкурснага руху на тэрыторыі Беларусі, асабліва такога міжнароднага конкурсу класічнага акадэмічнага зместу, які адпавядае сусветнаму ўзроўню, — адзначыў першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін. — Безумоўна, такія творчыя спаборніцтвы, як Міжнародны конкурс піяністаў «Мінск-2026» важныя для развіцця культурных сувязей з краінамі блізкага і далёкага замежжа.
У кожнай краіне ёсць свае музычныя традыцыі і, прыязджаючы ў Беларусь, удзельнікі ведаюць, што першы тур конкурсу будзе для іх дастаткова складаным, бо неабходна выконваць творы беларускай класікі, з якімі раней яны маглі не сустракацца на сваім творчым шляху. Дзякуючы конкурсу ў іх ёсць магчымасць пазнаёміцца з лепшымі творамі нашай музычнай спадчыны.
Прызавы фонд конкурсу — каля 30 тысяч еўра. Аднак, як адзначыў пастаянны старшыня міжнароднага журы, прафесар кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў, для сапраўднага творцы матэрыяльная ўзнагарода мае другаснае значэнне, на першым плане — магчымасць прадэманстраваць свой музычны ўзровень, атрымаць ацэнку прафесійнага журы і бясцэнны вопыт.
— З самага пачатку існавання конкурсу было відавочна, што ён стане папулярным сярод піяністаў розных краін свету. Сёння яго смела можна назваць брэндам беларускага сучаснага акадэмічнага музычнага мастацтва. Прыемна адзначыць, што прафесійны ўзровень піяністаў застаецца стабільна высокім, а кожны такі конкурс дорыць нам яркіх творцаў, — дзеліцца Ігар Алоўнікаў.
Па меркаванні старшыні, у кожнага з членаў журы ёсць свае крытэрыі ацэнкі ўдзельнікаў, але для самога Ігара Алоўнікава прыярытэтам з’яўляецца прыродны талент, які, насамрэч, праяўляецца з першых хвілін. «Аднак нашы ўдзельнікі знаходзяцца на сцэне 20–50 хвілін, таму нават калі не атрымалася ўразіць журы з першай хвіліны, у канкурсанта ёсць магчымасць гэта выправіць».
— Любы член журы — гэта не толькі прафесіянал, але і слухач. І для канкурсантаў галоўнае — прымусіць людзей слухаць. Вельмі адметна, калі сам забываеш, што знаходзішся ў журы, і проста атрымліваеш асалоду ад выканання, — дзеліцца прафесар кафедры спецыяльнага фартэпіяна Уральскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М. П. Мусаргскага, заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Валерый Шкарупа. — Конкурс у Мінску ўжо даўно атрымаў рэпутацыю аднаго з самых сур’ёзных музычных спаборніцтваў на постсавецкай прасторы. І для кожнага ўздельніка гэта добрая магчымасць паказаць сябе і атрымаць карысны вопыт для далейшага прафесійнага росту.
Декан фартэпіяннага факультэта Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М. А. Рымскага-Корсакава, прафесар, заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі, член журы конкурсу «Мінск-2026» Таццяна Загорская лічыць, што, нягледзячы на багаты прафесійны вопыт членаў журы, яны заўсёды вучацца чамусьці новаму разам з удзельнікамі. І пакуль ацэньваюць выканаўцаў, тыя ў сваю чаргу таксама адкрываюць для педагогаў тое, што яны даўно перасталі заўважаць.
— У нашых студэнтаў гэты конкурс выклікаў вялікую цікавасць. Што важна, многіх музыкантаў-пачаткоўцаў прываблівае менавіта першая частка конкурсу — выкананне твораў беларускай музычнай класікі. У праграме нашай кансерваторыі адсутнічаюць беларускія кампазітары, таму Міжнародны конкурс піяністаў «Мінск-2026» дае ўнікальную магчымасць не толькі паказаць творчы ўзровень, але і ўзбагаціць свой рэпертуар новымі кампазіцыямі беларускіх класікаў. Менавіта шырокая праграма твораў, рэпертуарныя асаблівасці і вылучаюць конкурс у Мінску сярод астатніх.
Урачыстае закрыццё Міжнароднага конкурсу піяністаў «Мінск-2026» адбудзецца сёння на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі. Пераможцы творчага спаборніцтва выступяць у суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара