Top.Mail.Ru

Чым адметны «Арт-Мінск 2026»

Аўтар: Лізавета Крупянькова
25.05.2026 | 19:51
Убачыць няўлоўнае

Самая доўгачаканая мастацкая падзея вясны — гэта, безумоўна, адкрыццё фестывалю «Арт-Мінск 2026», у якога за гады існавання ўжо з’явіліся пастаянныя наведвальнікі. Сёлета ён радуе аматараў багаццем твораў, тэхнік, сэнсаў і нечаканымі рашэннямі. Ад класічнага жывапісу да сюррэалістычных інсталяцый — «Арт-Мінск» чарговы раз даказвае, што сучаснае мастацтва можа быць розным, але заўсёды вартым увагі.

Фестываль праводзіцца з 2018 года і з’яўляецца адным з найбуйнейшых выставачных праектаў Беларусі. Праект сёлета ўстанавіў абсалютны рэкорд: арганізатары атрымалі больш за паўтары тысячы заявак з розных гарадоў Беларусі і Расіі. У выніковай экспазіцыі дэманструюцца больш за 550 твораў сучаснага мастацтва ад 235 майстроў, з якіх 70 прадстаўлены на фестывалі ўпершыню. Таму для наведвання экспазіцыі раім запланаваць больш часу, каб не абмінуць самыя яркія праекты сучасных беларускіх і замежных мастакоў. З біяграфіяй аўтара і апісаннем работы можна пазнаёміцца праз QR-код. Наведвальнікі могуць не толькі набыць упадабаны твор, але і падтрымаць мастакоў шляхам галасавання. Аўтары, чые работы набяруць большую колькасць галасоў, будуць узнагароджаны дыпломамі і прызамі ад партнёраў праекта.

Безумоўна, за гады існавання фестывалю ў публікі ўжо з’явіліся свае любімцы, аднак сёлетнія дэбютанты здольны ўразіць нават самых патрабавальных гледачоў. «Арт-Мінск», як вядома, не дыктуе творцам пэўнай тэмы і не ўсталёўвае жорсткіх межаў, што робіць яго адной з найбуйнейшых пляцовак для сучаснага мастацтва. Менавіта тут, у сценах Палаца мастацтва, можна ўбачыць самы шырокі спектр мастацкіх выказванняў: ад традыцыйнага жывапісу і графікі да аб’ёмных інсталяцый, керамікі, тэкстылю і нават лічбавых палотнаў. Сучасны творца не абмежаваны пэндзлем і палатном, і «Арт-Мінск» ярка гэта дэманструе.

Нягледзячы на адсутнасць агульнай тэмы аўтары ўсё часцей звяртаюцца да асэнсавання месца чалавека ў свеце, сацыяльнай ролі ў грамадстве, самога сэнсу існавання неідэальнага, нават шкоднага чалавека ў супярэчлівым свеце, дзе няма простых адказаў. Многія творцы звяртаюцца да сюррэалізму, які дазваляе не толькі праявіць фантазію, але і адлюстраваць тое, што нельга змясціць у звыклыя вобразы. Серыя работ Наталлі Ляпкінай пераносіць гледача на іншыя планеты, дзе няма норм і правіл Зямлі, дзе свабода і доўг гучаць на іншай мове, дзе трэба зазірнуць унутр сябе і знайсці ўласныя арыенціры. Да іншапланетнай тэматыкі можна аднесці скульптуры Фёдара Каштанава, выкананыя ў змешанай тэхніцы. Незвычайныя пясочныя фігуры, быццам з іншага вымярэння. Як міраж, яны нагадваюць прывідаў, якія прыйшлі са сноў, успамінаў ці нават будучыні.

Шоўкаграфія Міхаіла Гарадзецкага — урыўкі рэальнасці, сабраныя ў новыя, нечаканыя сэнсы. Аматараў творчасці Сальвадора Далі зацікавяць карціны Алега Міхайлава, на першы погляд прысвечаныя рыбалоўству, але яны закранаюць больш глыбокія тэмы. 

Многія творцы звяртаюцца да міфалогіі і рэлігійнай тэматыкі ў розных формах — праз жывапіс, графіку ці кераміку. Серыя Таццяны Савік «Hypnos and Thanatos» адсылае да дзвюх вядомых старажытнагрэчаскіх фігур, якія ўвасабляюць сон і смерць. Гэта невыпадковае суседства: кожную ноч мы «пражываем» маленькую смерць, каб раніцай адрадзіцца зноў. Праз дваістасць вобразаў мастачка даследуе гэтую мяжу, дзе канчаецца свядомасць і пачынаецца нешта іншае. Аўтары не абышлі бокам і славянскую міфалогію, у якой шмат прыхаваных сэнсаў, актуальных і для сучаснага чалавека. Нягледзячы на сусветнае панаванне рэлігійных ідэй і міфалагічных гісторый, іх моцны ўплыў на культуры ўсіх народаў свету, сучасныя творцы працягваюцьаналізаваць і даследаваць іх вечныя сэнсы, знаходзіць новыя інтэрпрэтацыі ці проста дзяліцца ўласнымі поглядамі з грамадскасцю. 

Прыцягваюць увагу мінімалістычныя керамічныя работы Еўфрасінні Коржыч і Анастасіі Уласавец. Недарэмна іх размясцілі побач, бо яны выдатна дапаўняюць адна адну і ствараюць адзіную прастору цішыні і ўважлівасці. Сярод яркіх фарбаў, моцных экспрэсіўных і сюррэалістычных, канцэптуальных работ гэты астравок спакою дае магчымасць проста сузіраць.

На выстаўцы можна ўбачыць работы вядомай мастацкай дынастыі Шаппо — бацькі Уладзіміра і трох сыноў Аляксандра, Паўла і Антона. Нягледзячы на роднаць, творцы даследуюць рэальнасць у розных формах, жанрах і тэхніках. Адзіным застаецца толькі бесперапынны пошук. Раім звярнуць увагу на графічную серыю Аляксандра, якая вельмі адрозніваецца ад мінулых работ майстра. 

Сёлета ў экспазіцыі шырока прадстаўлены пейзаж і нацюрморт. Сучаснае мастацтва рэдка асацыіруюць з класічнымі акадэмічнымі жанрамі, аднак яны добра ўпісаліся ў прастору канцэптуальных твораў. Уражваюць і надоўга прыцягваюць увагу пейзажныя замалёўкі Наталлі Гедрановіч, Гошы Урублеўскага,

Таццяны Чарных, Аляксея Сакалова, Алега Бароўскага, Алены Бараноўскай і іншых прадстаўнікоў сучаснага мастацтва. На першы погляд, гэта класічны жывапіс, дзе цяжка знайсці наватарства, новыя сэнсы і прэтэнзію на эксперыментатарства, аднак майстэрства выканання, таленавітая перадача рэчаіснасці, уменне адлюстраваць няўлоўны момант быцця захапляе не менш за любую інсталяцыю.

Сучасныя тэхналогіі таксама знайшлі сваё месца на «Арт-Мінск 2026». Лічбавыя палотны, інтэрактыўныя інсталяцыі арганічна дапаўняюць традыцыйны жывапіс і скульптуру. Камп’ютар тут выступае не як інструмент, а як суаўтар, што адкрывае новыя гарызонты для мастацкага выказвання. Гэта выклікае шмат спрэчак сярод публікі і крытыкаў, але менавіта так нараджаецца сапраўднае мастацтва — на мяжы дыскусіі і эксперымента.

Не забыліся арганізатары і пра дабрачыннасць. Акцыя «Заа-білет» дазваляе кожнаму наведвальніку не толькі далучыцца да прыгожага, але і дапамагчы тым, каму гэта патрэбна. Частка сродкаў ад продажу білетаў накіроўваецца ў фонды дапамогі бяздомным жывёлам. Гэты жэст спагады і ўвагі да братоў нашых меншых становіцца яшчэ адным пацвярджэннем: сапраўднае мастацтва заўсёды пра любоў — да свету, да жыцця, да кожнай істоты.

«Арт-Мінск 2026» можна наведаць да 7 чэрвеня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю