— З чаго пачынаўся твой жыццёвы шлях, што вызначыла прафесійны выбар?
— Бацькі мае пазнаёміліся яшчэ падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. А потым тату накіравалі на камсамольскую работу спярша ў Маладзечна, пасля ў Глыбокае. Якраз тады і я нарадзіўся на малой радзіме маці, у вёсцы Макуты Іўеўскага раёна. Бацька разрываўся паміж Глыбокім і Гроднам, куды яго неўзабаве адправілі працаваць у абласное ўпраўленне культуры. Маці ізноў была цяжарная, і мяне, каб, відаць, я не замінаў, адправілі ў Крывы Рог, да сваякоў маці. А ўжо ў 1966 годзе я пераехаў разам з бацькамі ў Віцебск, дзе тата атрымаў пасаду дырэктара Коласаўскага тэатра. Так што маё тэатральнае дзяцінства пачыналася тут. Я нават няясна памятаю аднаго з заснавальнікаў тэатра Аляксандра Канстанцінавіча Ільінскага. Замест буквара ў мяне былі афішы, па якіх я вучыўся чытаць. Памятаю афішу спектакля «Дамы і гусары». Малы, не так ставіў націск і вымаўляў: «Дамы і гусары». Мяне папраўлялі. А я тады пытаўся: «А хто такія дамы»? І мне тлумачылі, пра гусараў таксама. Лёс склаўся так, што гэтую п’есу ізноў рэпеціруюць у тэатры і я ўжо іграю адну з роляў — Капелана.
— Як і многія з тэатральных дзяцей, ты, мусіць, з тэатра не вылазіў?
— У нас была цэлая кампанія. Чым сябе заняць? Вядома, ішлі ў рэквізітарскі цэх. Там сапраўдныя аўтаматы, пісталеты. А што самае цікавае для хлапчукоў? Ваенныя фільмы, ваенныя гульні. І мы разам з Васілём Петрачковым (сын заслужанай артысткі БССР Валянціны Петрачковай) і Юрасём Пісаравым (сын заслужанай артысткі БССР Людмілы Пісаравай) гулялі ў вайну. Ціха сябе ніколі не паводзілі, і нас як тараканаў выкурвалі то з якога-небудзь даху, то з падвалу. Аднойчы падчас спектакля я ўзяў у народнага артыста БССР Уладзіміра Куляшова меч і пайшоў гуляць.
І тут як на грэх начальнік рэквізітарскага цэха Ніна Якаўлеўна Крупская пайшла некуды па сваіх справах, а гэтым мячом павінны былі секчы галаву Марыі Сцюарт. А рэквізіту няма... І бацьку сказалі: «Бярыце свайго сына, і няхай ён гуляе недзе далей ад тэатра». І я заняўся спортам — вялікім тэнісам. А пра тэатр забыў. Хадзіў толькі са школай. Потым здарылася хвароба, тэніс давялося кінуць.
Іграў у школьным драмгуртку, і настаўніца рускай мовы і літаратуры неяк параіла: «Ідзі ў тэатр, гэта тваё прызванне». Потым быў інстытут — зусім іншы асяродак, дзе панавала творчасць. Артысты, мастакі, тэатразнаўцы — усе варыліся ў адным катле. З некаторымі з іх сябрую і па сёння. Адам Глобус, Іван Казак, Рыгор Сітніца і мае аднакурснікі — Георгій Лойка, Галіна Букаціна, Андрэй Душачкін…
Мне было 19 гадоў, я вучыўся ў тэатральна-мастацкім інстытуце і хацеў купіць джынсы. Кленчыць грошы ў татулі і матулі не выпадала: я ўжо быў самастойны хлопец і, калі не хапала стыпендыі, хадзіў на станцыю разгружаць вагоны. І вось у ліпені 1979 года ўладкаваўся ў Коласаўскі тэатр манціроўшчыкам дэкарацый. Памятаю рапартычку, дзе было напісана для большай зручнасці так: «Асвяцінскі. Раб. сцэны».
З таго часу я сябе і называю напаўжартам: раб сцэны.
— Раскажы пра сваю работу ў кінематографе.
— Аднойчы нас цэлым курсам завялі на кінастудыю «Беларусьфільм», сфатаграфавалі, запісалі рост, вагу. А потым званок у інтэрнат, дзе я жыў, з прапановай зняцца ў кіно. А нам было гэта забаронена пад пагрозай сур’ёзнага пакарання ці нават адлічэння. Здаралася, з-за здымак у кіно ў некаторых артыстаў абрывалася іх тэатральная кар’ера. Але я пагадзіўся. Гэта была эпізадычная роля Аляксея ў фільме «Звон адыходзячага лета». Пра яе даведаўся кіраўнік нашага курса Валерый Раеўскі і даволі сурова мне сказаў: «Калі будзе не тое, на што я спадзяюся, з прафесіяй можаце развітацца». Паглядзеўшы, сказаў: «Даволі прыстойная роля, вельмі цікавы эпізод. Але калі наступным разам будзеце здымацца, каб гэта не перашкодзіла заняткам». Падчас вучобы зняўся яшчэ ў адным фільме: у серыяле «Дзяржаўная граніца» («Мірнае лета 21-га года») выдатнага беларускага кінарэжысёра Барыса Сцяпанава я сыграў Запявалу, польскага бандыта. Спяваў голасам Валерыя Залатухіна прыпеўкі: «По России слух прошёл — Николай с ума сошёл». А ў фільме-спектаклі Уладзіміра Арлова «Камедыянт» ужо сыграў адну з цэнтральных роляў — Міраслава, сына Дуніна-Марцінкевіча. Там працаваў побач з выдатнымі беларускімі артыстамі Генадзем Гарбукам, Валерыем Філатавым, Святланай Кузьміной. На фотапробах фільма «Яма» на кінастудыі імя Даўжэнкі ў калідоры сустрэўся з выдатным рэжысёрам Рыгорам Коханам, які стаў папулярны пасля кінасерыяла «Народжаныя рэвалюцыяй». Ён да мяне з пытаннем: «Хто вы? Адкуль? Дзе здымаліся?». І свайму асістэнту: «Запішыце». Так я трапіў на здымкі фільма «Вайна на заходнім напрамку», дзе сыграў ролю Васількова, ад’ютанта Чумакова. Тут было цэлае сузор’е выдатных артыстаў: Віктар Сцяпанаў, Міхаіл Ульянаў, Андрэй Талубееў, Арчыл Гаміяшвілі. Са Сцяпанавым і Талубеевым я сябраваў практычна да апошніх гадоў іх жыцця. Рыгор Кохан мне тады заўважыў: «Вам і „ВГИК“ не трэба канчаць, вы ўжо сталі прафесійным кінаартыстам».
Але да 2008 года вялікі перапынак быў. А потым ізноў пачаўся спрыяльны перыяд — здымкі ў серыялах «Сямейны дэтэктыў», «Водар шыпшыны», «Мухтар. Новы след». Вельмі запамінальным стаў дакументальны фільм «Код нацыі», дзе давялося сыграць народнага паэта Беларусі Янку Купалу.
— Што да тэатра, першай роляй у Коласаўскім была…
— Роля Валодзькі ў «Трыбунале» Макаёнка. Толькі прынялі ў тэатр, праз тыдзень выклікае ў кабінет галоўны рэжысёр і ўручае тэкст ролі. Трэба было замяніць на выязным спектаклі асноўнага выканаўцу — Баляслава Сяўко, які паехаў на замежны фестываль. Для мяне, маладога артыста, гэта была вялікая адказнасць. Шыкоўныя партнёры — Іосіф Матусевіч і Зінаіда Канапелька. Роля атрымалася. А на другім спектаклі напаткала няўдача: тэкст начыста вылецеў з галавы. Як белы ліст. Такое бывае. Мне яшчэ Талубееў распавядаў, як яго бацька, славуты народны артыст СССР Юрый Талубееў, прызнаваўся, што другі спектакль у яго зазвычай ідзе горш за першы. Па невядомай прычыне: ці то надвор’е не спрыяе, ці то глядач, ці іншае што. Ну а за мяне тады мой маналог і частку іншага тэксту сказаў Матусевіч.
— Якія іншыя ролі найбольш запомніліся?
— Ёсць некаторыя ролі, за якія браўся з асаблівым імпэтам. Гэта Ягорка са спектакля «Самазабойца», што ставіў у нашым тэатры Аляксандр Смелякоў у 1986 годзе. Калі Мазынскі чытаў артыстам п’есу, мяне адразу зачапіла, падумаў, што гэта мой персанаж. Хто ён такі? Камсамолец, актывіст, які хапаецца за любую справу, але трохі з дурынкай. Другая роля, што таксама запомнілася, — граф Рэтланд са спектакля «Генры VI» паводле Шэкспіра. Гэта малодшы сын Ёрка, якога іграў народны артыст СССР Фёдар Шмакаў. Работа з мэтрам сцэны таксама многаму навучыла. Мой герой — на самым парозе сталасці, ён быў заўсёды пад апекай бацькі, і яго забіваюць. Ну і, вядома ж, Хлестакоў у эксперыментальным спектаклі Барыса Эрына.
— Апошні па часе творчы перыяд прынёс табе цэлы шэраг цікавых праектаў. А над якімі было найбольш цікава працаваць? Што асабліва захапіла, які матэрыял?
— Некалі Раеўскі нам, студэнтам, казаў: «Рабіце ўсе свае ролі любімымі. Спачатку можа здацца, што і не вельмі падыходзіць табе тая ці іншая роля. Але трэба знайсці тыя рысачкі, якія падабаюцца, кладуцца на душу». Вось і мая канцэпцыя, «раба сцэны», такая: зрабіць персанажа сваім.
— Крыху пра твой вобраз Прывіда — Цень бацькі Гамлета…
— Я згодны з кіраўніком шэкспіраўскага тэатра «Глобус», які некалі казаў, што «Гамлет» — гэта не п’еса, а канцэпцыя, светапогляд. Аўтар дзеліцца сваім светапоглядам праз герояў, праз іх узаемадзеянне.
Вадзім Асвяцінскі
— Адна з апошніх тваіх роляў — Рымас з жыццёвай меладрамы Уладзіміра Гуркіна «Саня, Ваня, з імі Рымас». Гэта высакародны чалавек, які ахвяруе сабой дзеля шчасця іншых…
— Так. У аснове тут ляжыць самаахвярнасць. І гэта важна, гэта мудра. Такіх вельмі мала. І я з падобнымі людзьмі сустракаўся. Калі ж гаварыць пра нашу тэатральную кухню, то адмоўныя персанажы даюць большы прастор для фантазіі. Можна спачатку добранькім зрабіцца, а потым паказаць сваё сапраўднае аблічча.
— Капелан у «Дамах і гусарах» — гэта станоўчы ці адмоўны персанаж?
— Тут няма станоўчых ці адмоўных герояў. Мы іграем не вадэвіль і не сатыру, а чыстую камедыю. Яе вельмі цяжка выцягнуць. Каб глядач не рагатаў, а менавіта па-добраму ўсміхаўся.
Юрый ІВАНОЎСКІ, літаратурны рэдактар НАДТ імя Якуба Коласа
Фота дасланы аўтарам