— Прыродазнаўчая тэма ў беларускай дзіцячай літаратуры... Наколькі гэта важны складнік выхаваўчай, адукацыйнай работы ў школе?
Алесь Бадак: «З асновамі прыродазнаўства вучні знаёмяцца ўжо ў пачатковай школе і менавіта праз творы дзіцячай літаратуры. Гэта вельмі важна і правільна: далучаць маленькіх вучняў да багатага, незвычайнага, загадкавага свету прыроды праз мастацкае слова. Таму што менавіта яно вельмі дапамагае і палюбіць прыроду, і пазнаваць яе, і берагчы. У сувязі з гэтым і сама прыродазнаўчая тэма павінна быць адной з самых галоўных у дзіцячай літаратуры, павінна быць у цэнтры ўвагі і пісьменнікаў, і крытыкаў. Яна павінна быць разнастайнай і ахопліваць самыя розныя аспекты прыродазнаўства».
Таццяна Маісеева: «Надзвычай важны. І для знаёмства і пашырэння ведаў аб навакольным свеце і яго насельніках, і для патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, бо з любові да прыроды — травінка гэта ці мураш, які сноўдае ў нас пад нагамі, ці вусень на лістку — і пачынаецца любоў да Радзімы, да краю, дзе ты нарадзіўся і вырас. Такая літаратура вучыць дзіця думаць маштабна — у свеце ўсё ўзаемазвязана, выхоўвае пачуццё прыгожага.
Напісаныя з вялікай любоўю да жывёл і раслін кнігі пісьменнікаў-натуралістаў вучаць дзяцей разумець прыроду, беражліва, з трапяткімі пачуццямі адносіцца да ўсяго жывога на нашай планеце Зямля: кветак, жукоў, змей, жаб, птушак, звяроў і інш. Валодаючы дарам заўважаць у навакольным свеце тое, што прыхавана ад астатніх, натураліст здольны распавесці пра гэта так, што загадкавы і таямнічы свет прыроды стане блізкім і зразумелым нават дзіцяці».
Уладзімір Ягоўдзік: «Прырода і дзяцінства — два крылы чалавечай душы, якую на жыццёвай дарозе чакаюць шматлікія выпрабаванні, а родная зямля і матчына мова яе акрыляюць, нібы спадарожны вецер.
Творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Івана Мележа, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, іншых паэтаў і празаікаў маюць вялікае пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Іх вершы, паэмы, аповесці, раманы, расказваючы пра людзей, вядомых у свеце як беларусы, яднаюць нас у супольнасць, што завецца народам.
У пачатку двухтысячных гадоў рэдакцыя часопіса „Лесавік“ выпусціла плакат, дзе былі чатыры словы: „Любіць прыроду — любіць Радзіму“. Гэта аснова школьнага навучання».
Генадзь Аўласенка: «Звесткі аб роднай прыродзе, аб яе харастве, непаўторнасці — адзін з найважнейшых элементаў выхаваўчай і адукацыйнай работы ў школе. І менавіта беларуская дзіцячая літаратура павінна гэтаму ўсяляк спрыяць. Толькі вось калі ў творах для малодшых школьнікаў прыродазнаўчых тэм хапае і ў вершах, і ў прозе, то з літаратурай для сярэдніх, тым больш для старшых класаў тут, на жаль, не ўсё так адназначна. Бо творы гэтыя, вядома ж, павінны вучыць школьнікаў любіць і захоўваць родную прыроду, вось толькі рабіць гэта трэба не ў форме простых заклікаў. Неабходна ўкладваць гэтую любоў і ашчадныя адносіны да прыроды ў такія вершы, апавяданні, аповесці, якія б не проста мелі высокі мастацкі ўзровень, але і з цікавасцю чыталіся сучаснымі школьнікамі сярэдніх і старшых класаў. Такая вось няпростая задача для дзіцячых пісьменнікаў!»
— У сучасным беларускім кнігавыданні ў сувязі з тэмай прыроды пераважае дакументальная, папулярная ці мастацкая літаратура?
А. Б.: «Безумоўна, мастацкая літаратура, і так было заўсёды.
Прыродазнаўчая дакументальная літаратура для дзяцей можа быць неабавязкова навукова-папулярнай, але ў яе аснове — цікавыя факты, рэальныя гісторыі, назіранні. Калі Янка Маўр, ні разу не пабываўшы на востраве Новая Гвінея, змог напісаць найцікавейшую аповесць „У краіне райскай птушкі“, асноўныя падзеі якой разгортваюцца менавіта там (а калі Маўр пісаў сваю аповесць, нагадаю, не было ніякага інтэрнэту, каб шмат даведацца пра востраў), то, каб напісаць дакументальную прыродазнаўчую кнігу, тэму трэба ведаць, займацца ёй не адзін год».
Т. М.: «На наш погляд — мы ў літаратуры працуем разам з Андрэем Матвеенкам, — пераважае навукова-папулярная літаратура».
У. Я.: «У кнігарнях і бібліятэках, на мой погляд, не хапае выданняў, прысвечаных дзівоснаму хараству і таямніцам прыроды. Часам выходзяць альбомы з краявідамі, падобнымі на віншавальныя паштоўкі, але гэтага недастаткова. Для дашкалят і пачатковых класаў яшчэ можна сёе-тое знайсці (тэматычныя зборнікі, казкі і вершы пра жывёл), а сапраўды змястоўных арыгінальных кніг для старэйшых вучняў вельмі мала.
У школьнай праграме ёсць прадмет „Чалавек і свет“. У падручніку пададзена ўсё правільна, дакладна, па законах педагогікі, а вось ці акрыляе сухая методыка дзіцячую душу — вялікае пытанне. Няважна, якіх кніг выдаецца больш, мастацкіх ці дакументальных, галоўнае, каб іх не хацелася выпускаць з рук.
Апошнім часам запанавала камп’ютарнае ўсёведанне, многія аўтары назіраюць за жыццём прыроды на тэлеэкране ці з вокнаў гарадской кватэры. А калі не хапае ўласных уражанняў і перажыванняў, тэксты нагадваюць засушаную рыбу ў цэлафанавым пакеце».
Г. А.: «На мой погляд, прыродазнаўчай праблематыкі недастаткова і ў дакументальнай, і ў папулярнай, і ў мастацкай літаратуры. У дакументальнай цяпер у асноўным гістарычная тэматыка, і гэта не дзіўна. А вось папулярнай літаратуры, якая была б цалкам звязана менавіта з тэмай прыроды, магло быць і больш. Што ж тычыцца сучасных мастацкіх твораў, то тэматыка іх вельмі разнастайная, ды так і павінна быць. У пераважнай большасці сучасных празаікаў прырода згадваецца часцей за ўсё толькі ў кантэксце асноўнага развіцця падзей альбо звязана з настроем і перажываннямі галоўных герояў твора. Затое яна абавязкова прысутнічае ў многіх творах сучаснай беларускай паэзіі, але ж так заўсёды і было».
— Каго са старэйшага пакалення беларускіх пісьменнікаў-прыродазнаўцаў сёння асабліва не хапае?
А. Б.: «Я б спачатку ўвогуле назваў Якуба Коласа, які шмат напісаў выдатных карацелек аб прыродзе для дзяцей. Пасля згадаў бы Віталя Вольскага, аўтара краязнаўчых кніг „Па лясных сцежках“, „У лясах над Бярозай“, „Месяц за месяцам“, „На бабровых азёрах“, „Чайкі над Нараччу“ і іншых твораў. Нельга назваць прыродазнаўчымі „Зямлю пад белымі крыламі“ Уладзіміра Караткевіча і „Зялёны лісток на планеце Зямля“ Янкі Сіпакова, але і ў іх ёць шмат цікавых звестак пра нашу прыроду. Гэта ўнікальныя, цудоўныя кнігі пра нашу Беларусь, такіх таксама хацелася б, каб было больш, у тым ліку і адрасаваных маленькім чытачам».
Т. М.: «У Беларусі літаратары не абыходзілі ўвагай тэму велічы і прыгажосці прыроды. Яна гучыць у паэзіі Адама Міцкевіча і Максіма Багдановіча, вобразы роднага краю апісаны ў творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа, заварожваюць яны ў творах беларускіх пісьменнікаў другой паловы XX стагоддзя — Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна, Івана Мележа, Янкі Маўра, Рыгора Ігнаценкі... Ды і сёння апісанне прыгажосці родных мясцін і іх насельнікаў сустракаюцца ў вершах і прозе пісьменнікаў. Выдатна пішуць для дзяцей аб прыродзе Уладзімір Ягоўдзік, Валерый Кастручын, Галіна і Сяргей Трафімавы...
І гэта вельмі патрэбна!
І ўсё ж мы з Андрэем Матвеенкам лічым, што ў Беларусі і раней, і цяпер не хапае такіх дзіцячых пісьменнікаў-натуралістаў, як Віталій Біянкі, Эдуард Шым (Шміт), Яўгеній Чарушын, якія змаглі перакласці размову раслін і жывёл на мову людзей і ў форме павучальных, займальных аповедаў-дыялогаў паказаць дзецям жыццё насельнікаў лясоў, лугоў, палеткаў такім, якое яно ёсць, без прыдумак і прыхарошвання. І тады дзіця будзе ведаць, што вожык — драпежнік, есць насякомых, а не яблыкі і грыбы, як мяркуюць многія».
У. Я.: «Прыродазнаўчая тэматыка прысутнічае ў беларускай літаратуры з „нашаніўскага“ перыяду. У часопісе „Лучынка“, што выдаваўся ў 1914 годзе, наша слаўная Цётка (Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч) вучыла дзяцей, як трэба правільна збіраць гербарый, надрукавала апавяданні „Гутаркі пра птушак“ і „Пералётныя птушкі“. Нядаўна я перачытаў іх, проста дзіву даешся, як па-майстэрску трапна, жыва напісана! Вось для прыкладу адзін абзац:
„Для кожнае птушкі дзень кароткі, а ноч даўгая; бо хоць, праўду кажучы, паміж птушак мужоў-лежабокаў няма, а жонак-пстрычак не чутно, затое падумаць толькі, колькі працы чакае іх, паспрабуй спраўляць святы ды прысвяткі, дык і з голаду змарнееш і сямейкі не выгадуеш...“
„Наш край“ — так называўся часопіс, заснаваны ў другой палове 20-х гадоў мінулага стагоддзя пад рэдакцыяй Змітрака Бядулі. На яго старонках апублікавана шмат матэрыялаў, дасланых краязнаўцамі з розных мясцін Беларусі. Я перакананы: факсімільнае перавыданне „Нашага краю“ знойдзе свайго ўдзячнага чытача.
Віталь Вольскі, Яраслаў Пархута, Змітрок Бяспалы, Рыгор Ігнаценка... Пералічыў гэтыя імёны і прыгадаў Валянціна Ціхановіча, які ў 50-х гадах мінулага стагоддзя працаваў мастацкім рэдактарам „Бярозкі“. Ён быў нястомны вандроўнік, вопытны рыбак і паляўнічы, у часопісе друкаваліся яго выдатныя малюнкі звяроў і птушак.
Ціхановіч напісаў кнігу пра рыбалоўства, займальна расказаў падлеткам пра месяцы года».
Г. А.: «У першую чаргу, вядома ж, Янкі Маўра не хапае. Яго жывапіс роднай беларускай прыроды ў „Палескіх рабінзонах“ — гэта класіка жанру. Таксама народны песняр Беларусі Якуб Колас у „Новай зямлі“ і ў многіх сваіх вершах вельмі прыгожа і разнастайна ўслаўляў хараство і непаўторнасць беларускай прыроды. У „Людзях на балоце“ Івана Мележа апісанню мясцовых палескіх краявідаў таксама адводзілася далёка не апошняе месца. З любоўю апісвалі прыроду ў сваёй прозе Віктар Карамазаў, Барыс Сачанка, Міхась Стральцоў...»
— Якім павінна быць афармленне дзіцячых кніг аб прыродзе — графічным, мастацкім альбо з шырокім выкарыстаннем фотаздымкаў?
А. Б.: «Калі гаворка ідзе пра мастацкія творы, то і афармленне можа быць мастацкім, якое, як і самі творы, развівае дзіцячую фантазію. Калі гаворка пра дакументальную ці мастацка-дакументальную літаратуру, то тут да кожнага канкрэтнага выдання свой падыход. Напрыклад, калі кніга мае энцыклапедычны характар ды яшчэ расказвае, у тым ліку, пра рэдкіх жывёл, птушак, расліны, то, мне здаецца, перавага за якаснымі, арыгінальнымі па сваім мастацкім вырашэнні фотаздымкамі, таму што юны чытач павінен ведаць, як рэальна выглядае белая сініца альбо пірамідальная таполя. Дарэчы, якаснае афармленне прыродазнаўчых кніг — адна з самых галоўных задач кожнага выдавецтва».
Т. М.: «Афармленне дзіцячых кніг аб прыродзе для лепшага ўспрыняцця тэксту абавязкова павінна быць яркім, маляўнічым — з ілюстрацыямі ці з выкарыстаннем якасных фотаздымкаў».
У. Я.: «Пры афармленні кнігі абавязкова трэба ўлічваць, каму яна адрасавана. Дашкольнікам і малодшым школьнікам, відаць, больш падыходзяць малюнкі, толькі не з павярхоўнай стылізацыяй ці трафарэтнай дыснееўскай закваскай. Таленавіты мастак-анімаліст, валодаючы прафесійным рамяством, адчувае дыханне жывой прыроды, што адразу яго вылучае сярод спрактыкаваных ілюстратараў.
Сорак гадоў таму вядомы графік Уладзімір Савіч па дамове з нямецкім выдавецтвам „Шрайбер“ выканаў малюнкі для кніг, прысвечаных жыўнасці лясоў, лугоў, палёў і рэк. Я бачыў шмат паліграфічных шэдэўраў, але гэтыя чатыры дзіцячыя кніжкі да сённяшняга дня стаяць перад вачамі. Недарэмна потым іх перавыдалі ў Англіі і Швецыі, мне вельмі хацелася, каб яны не абмінулі беларускіх дзяцей, але задума не здзейснілася.
Сёння ў Беларусі ёсць фотамастакі, якія стварылі сапраўды ўнікальныя здымкі. У тым лёгка пераканацца, калі пагартаеш альбом з прозвішчам на вокладцы — Ігар Бышнёў. Безумоўна, творчасць такіх майстроў трэба вакарыстоўваць пры аздабленні прыродазнаўчай літаратуры».
Г. А.: «У маім дзяцінстве ў кнігах аб прыродзе пераважалі малюнкі, прытым выкананыя на высокім мастацкім узроўні. Як прыклад: цудоўнае афармленне дзіцячай кніжкі „Что я видел“ рускага пісьменніка Барыса Жыткова, дзіцячых кніг Біянкі альбо тых жа „Палескіх рабінзонаў“ Янкі Маўра. А вось чорна-белыя (і нават каляровыя) фотаздымкі таго часу высокім мастацкім узроўнем пахваліцца, на жаль, не маглі, і таму ў дзіцячых выданнях амаль не прысутнічалі, нават у часопісах. Цяпер фотамастацтва зрабіла значны крок наперад, і прыгожыя маляўнічыя фотаздымкі несумненна могуць упрыгожыць кожную кнігу для дзяцей: ці гэта дакументальная, ці папулярная альбо мастацкая дзіцячая літаратура. І ўсё ж, на мой погляд, у афармленні мастацкай дзіцячай літаратуры пажадана выкарыстоўваць менавіта малюнкі і лепш жывапісныя, чым графічныя. Але малюнкі гэтыя павінны ўсё ж хоць крышачку нагадваць фотаздымкі, а не нейкія незразумелыя абстрактныя вобразы, чым некаторыя сучасныя мастакі цяпер празмерна захапляюцца».
— Якія тэмы, звязаныя з прыродай, усё ж абыдзены ўвагай у беларускай дзіцячай літаратуры?
А. Б.: «Мне здаецца, трэба часцей гаварыць пра тое, якую шкоду чалавек наносіць прыродзе сваімі абыякавымі і неабдуманымі адносінамі да яе. Што прыроду, у тым ліку рэкі, азёры, лясы, нельга засмечваць, нельга ламаць пасаджаныя дрэўцы і г. д., чалавек павінен ведаць з маленства. А галоўнае — ведаць, чаму нельга. І да чаго можа прывесці наша абыякавасць. Я ні ў якім разе не хачу сказаць, што гэтую тэму наша літаратура абыходзіць, але такіх твораў павінна быць болей і на іх павінна актыўней рэагаваць крытыка. Калі кніга вучыць дзіця любіць прыроду, то гэтым самым яна вучыць яго ўвогуле любіць гэты свет. А любіць — значыць берагчы, значыць клапаціцца пра тое, каб заўтрашні дзень быў яшчэ лепшы за дзень сённяшні».
Т. М.: «Важна большую ўвагу звяртаць на прыродныя з’явы, тлумачыць, што ж насамрэч такое дождж ці, напрыклад, навальніца. Патрэбна болей ясна перадаваць назіранні за жыццём насельнікаў лясоў, лугоў, вадасховішчаў у розныя поры года. Не так часта пісьменнікі знаёмяць юнага чытача з распаўсюджанымі і ўсё ж не да канца знаёмымі, але такімі цікавымі прадстаўнікамі дзікай прыроды (напрыклад, кажаны, ваўкі, зайцы і многія іншыя)».
У. Я.: «Цікавых тэм шмат, усё залежыць ад фантазіі і дасведчанасці аўтара. Напрыклад, мы з мастаком Паўлам Татарнікавым падрыхтавалі кніжкі, якіх дасюль не было ў бібліятэках. Адна называецца „Рэха турынага рога“ (2002), а другая — „Звярынец апошняга ледавіка“ (2003). Яны прысвечаны жывёлам, якія ў мінулым жылі на нашай зямлі, а потым зніклі: мамант, велікарогі алень, пячорны мядзведзь, тур...
Як зацікавіць юных чытачоў? Напэўна, вандроўкай па Дняпры і Прыпяці, Дзвіне і Нёмане, а ў займальны прыгодніцкі сюжэт неабходна ўключыць звесткі пра экалагічныя праблемы. Трэба неадкладна накіраваць экспедыцыю на возера Доўгае — самае глыбокае ў Беларусі. Нядаўна там заўважылі нейкае страшыдла, падобнае на вялізнага алігатара. Яшчэ адна неверагодная падзея адбылася на самым вялікім беларускім востраве, што знаходзіцца ў Асвейскім возеры...»
Г. А.: «Добра было б узняць тэму шкоднасці інвазійных (немясцовых) відаў жывёл і раслін, якія апошнім часам шырока распаўсюджваюцца ў Беларусі і тым пагражаюць біялагічнай разнастайнасці мясцовай флоры і фаўны.
Дарэчы, акрамя Чырвонай кнігі, куды заносяцца рэдкія і тыя, што знікаюць, віды жывёл і раслін, вучонымі-эколагамі складзена і так званая Чорная кніга, куды ўключаны найбольш агрэсіўныя, чужародныя для нашай фаўны, віды жывёл, якіх спецыяльна альбо выпадкова завезлі на тэрыторыю Беларусі і яны тут прыжыліся.
Прычым гаворка ў дзіцячых кнігах павінна ісці не аб сумна і шырока вядомых відах-захопніках накшталт каларадскага жука альбо баршчэўніку. Проста, здараюцца выпадкі, калі людзі (а часта і дзеці) выпускаюць на волю акварыумных жывёл, якія чамусьці ім надакучылі. Менавіта такім чынам з’явіўся і прыжыўся ў нашых водах амурскі бычок (яго яшчэ называюць, ратан-галавешка), які шмат шкодзіць мясцовым відам рыб, альбо амерыканскі сігнальны рак, які актыўна выцясняе з нашых вадаёмаў мясцовыя віды ракаў. І зусім нядаўні прыклад — чырванавухая чарапаха, якую нядбайныя аматары жывёл спачатку набывалі, каб трымаць у акварыумах. Маленькія чарапашкі там прыгожа глядзяцца, але ж яны вельмі хутка растуць, і тады гэтыя гораакварыумісты проста выпускаюць іх у прыроднае асяроддзе, не думаючы аб наступствах такіх учынкаў. Як вынік: чырванавухая чарапаха апынулася ў беларускім прыродным асяроддзі, прыжылася ў ім і цяпер актыўна захоплівае новыя тэрыторыі, выцясняючы мясцовую балотную чарапаху».
Аб недапушчальнасці падобных учынкаў і павінна расказваць школьнікам дзіцячая літаратура, як мастацкая, так і навукова-папулярная.
...Удзельнікі размовы на старонках «Літаратуры і мастацтва» шмат пішуць з разлікам на юнага чытача. У творах Алеся Бадака, Уладзіміра Ягоўдзіка, Таццяны Маісеевай, Андрэя Матвеенкі, Генадзя Аўласенкі і закладзены многія ідэі, выказаныя ў гутарцы, альбо тыя ідэі, якія яны яшчэ рэалізуюць у сваіх прыродазнаўчых творах, адрасаваных дзецям. У апошнія дзесяцігоддзі з’явілася нямала цікавых кніг Віктара Гардзея, Хведара Гурыновіча, Валерыя Кастручына, іншых таленавітых аўтараў, дзе птушкі і звяры, дрэвы і кветкі — галоўныя героі... Відавочна, што творы сучасных беларускіх пісьменнікаў-прыродазнаўцаў павінны шырэй выкарыстоўвацца ў праграме агульнаадукацыйнай школы. Ды і не лішнім было б прафесійным педагогам, метадыстам у галіне школьнай адукацыі разглядаць гэтыя здабыткі айчыннай літаратуры. Таксама і з разлікам на падказкі, добрую і прафесійную крытыку, грунтоўны аналіз мастацкіх і навукова-папулярных кніг. А што да выказванняў удзельнікаў круглага стала на тэму «Прырода як святло выхавання ў дзіцячай літаратуры», то «Літаратура і мастацтва» спадзяецца на водгукі зацікаўленых чытачоў і адпаведна — працяг размовы на газетных старонках.