Top.Mail.Ru

Чаму вучыць творчасць Васіля Шырко

Аўтар: Алесь Марціновіч
29.10.2025 | 14:00
Па дарогах, што не забываюцца

Быццам перагортваю старонкі кніг серыі «Жизнь замечательных людей», якую выпускае выдавецтва «Молодая гвардия». 

Нічога не маю супраць і «Жыцця знакамітых людей Беларусі» — дзецішча «Мастацкай літаратуры». Але ў дадзеным выпадку параўнанне з першай серыяй больш падыходзіць. «ЖЗЛБ» па задумцы — выданні калектыўныя, а «ЖЗЛ» — кнігі аўтарскія. Аўтарская і «Па дарогах знаёмых», якая цяпер на маім пісьмовым стале. Напісаў яе лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Васіль Шырко, а выпусціла «Мастацкая літаратура».

Рэцэнзію са слова «быццам» я пачаў невыпадкова. Калі строга прытрымлівацца жанру біяграфічных аповедаў пра герояў Васіля Аляксандравіча, трэба пісаць некалькі тамоў. Толькі нездарма кажуць: «Кароткасць — сястра таленту». На дванаццаці з паловай аркушах ён здолеў расказаць пра больш як дзесяць нашых сучаснікаў. Асаблівае месца сярод іх адведзена тым, хто вядомы і за межамі Беларусі. Напрыклад, Жарэсу Алфёраву — лаўрэату Нобелеўскай прэміі, выдатнаму вучонаму-фізіку. Пра яго Васіль Шырко некалі расказваў у часопісе Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Беларуская думка». 

Быццам на свае вочы бачыш і Героя Сацыялістычнай Працы Яўгена Кудзінава, Герояў Беларусі Віталя Крамко, Паўла Марыева, Васіля Равяку... Па-свойму расказаў Васіль Аляксандравіч пра абаронцу Брэсцкай крэпасці Алеся Махнача, Міхаіла Фінберга, вядомага вучонага ў галіне жывёлагадоўлі, як у Беларусі, так і за мяжой, Івана Шайко...

  • Аднак, чытаючы кнігу, упэўніваешся: Васіля Шырко цікавіць не столькі сацыяльны статус чалавека, яго вядомасць, колькі адметнасць яго асобы. Таму з вялікім задавальненнем расказвае не толькі пра знакамітых людзей, але і пра тых, хто, здавалася б, нічога адметнага не зрабіў, але з’яўляецца Асобай з вялікай літары. У яго кнігах такіх людзей нямала: і ў аповесцях, і ў апавяданнях. Іншым прысвяціў нарысы. Ёсць і такія, хто ў творах праходзіць эпізадычна, але дастаткова некалькіх вызначальных штрыхоў, каб чалавек запомніўся. Пра іх піша не проста вопытны пісьменнік, не пазбаўлены таленту, а менавіта майстар слова. 

У тым, наколькі Васіль Шырко таленавіты, упэўнівае яго апавяданне «Цётка Стэпка». Твор нарадзіўся падчас паездкі Шырко-журналіста, калі у вёсцы познім вечарам, не дамовіўшыся загадзя са старшынёй калгаса, пра якога ўзяўся пісаць, ён напаткаў жанчыну. Як высветлілася, старшыні не было — паехаў на вяселле.

Нездарма Васіль Аляксандравіч пачынаў свой творчы шлях з вершаў. Паэзія ўбачанага прысутнічае нават у яго прозе: «Прыехаў я ў Рассвет позна. Аўтобус бліснуў фарамі, здрыгануўся, папоўз у снежную замець і неўзабаве растварыўся ў ёй. Люта шпурляў у твар снег, выў, як ваўкі ў Піліпаўку, вецер, то набіраючы сілу, то заціхаючы. Снег лез за каўнер, сляпіў вочы. Я апусціў шапку-вушанку, завязаў пад барадой шнуркі, падняў каўнер». На вуліцы цёмна, нікога жывога. Хоць самому воўкам вый, калі б не ўбачыў жанчыну, якая распрагала каня. 

Апавяданне цікавае не толькі фактурай — незвычайнае ў звычайным чалавеку, яно можа быць прыкладам іншым апавядальнікам. Не толькі маладзейшым, а і шмат каму са старэйшых, у каго ёсць творы на дакументальнай аснове. Далёка не кожнаму ўдаецца так зазірнуць у душу звычайнай вясковай жанчыны, якая шмат зведала за сваё жыццё, таму і прызнаецца: «От каб табе пра маё жыццё напісаць, то-о-ўстая б кніга выйшла...» Васіль Шырко не проста сузіральнік таго, што адбываецца. Ён у пэўнай ступені і сам літаратурны герой — дзейсны, актыўны. Дапамагае жанчыне рассупоніць каня, завесці яго ў хлеў. Гэта, безумоўна, у Стэпкі выклікае давер да яго. Таму запрашае пераначаваць. Душа душу знайшла. Чаму б дабро не зрабіць?

Стэпка апавядае пра сваё нялёгкае жыццё. Не мінае бед, не хавае радасці. Нібы сустрэліся, няхай сабе і выпадкова, даўно знаёмыя людзі: чаму б набалелым не падзяліцца? Завяршэнне твора таксама наводзіць на роздум: «Пачарнела ў грубцы вуголле, цётка Стэпка зачыніла юшку. З партрэтаў глядзелі на нас, як усё роўна слухалі матчыну споведзь, дзеці Сцепаніды Аляксееўны. Слухалі, і, здаецца, ажывалі іх твары, усміхаліся вусны, цяплелі вочы. Было за поўнач. Вёска спала». Пасля гэтых слоў хочацца вярнуцца да першай старонкі твора, каб нанава прайсціся сцежкамі-дарожкамі літаратурнай гераіні, зноўку прапусціць праз сябе тое, што ўжо ведаеш пра яе, і пракруціць у памяці лёсы тых, пра каго яна расказала. Вярнуцца ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у час, калі блізкія ёй людзі мужна змагаліся з фашыстамі. 

Чытаючы творы Васіля Шырко, якія ўвайшлі ў кнігу «Па дарогах знаёмых», неаднаразова ловіш сябе на думцы: дарогі гэтыя становяцца знаёмымі і табе, а людзі, пра якіх дазнаўся, блізкімі. А яшчэ прыгадваецца сказанае Альбертам Эйнштэйнам: «Жыццё, пражытае для сябе, — мізэрнае. Сэнс жыцця — служыць іншым». Гэтым правілам і кіруюцца тыя, каго Васіль Аляксандравіч зрабіў героямі сваіх аповесцей, апавяданняў, нарысаў. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю