Імя яго марна шукаць нават у шасцітомніку «Беларускія пісьменнікі» — біябібліяграфічнага даведніка такога кшталту няма на ўсёй постсавецкай прасторы. З-за таго, што адсутнічае Тодар Курбацкі, яшчэ большая прастора для пошукаў даследчыкаў, якіх цікавіць гісторыя нашай літаратуры. Прынамсі, згаданага перыяду. Адным з іх стаў доктар філалагічных навук Алесь Бельскі, які раскрыў абставіны яго жыцця і творчасці.
Пры гэтым ён, безумоўна, не мог абысціся без успамінаў пісьменнікаў, якія Тодара Курбацкага ведалі. Пэўныя звесткі яму далі паэты Мікола Аўрамчык і Павел Пруднікаў. Дапамог і мінскі журналіст Мікалай Шчэрбачэня. Выйшаў Алесь Іванавіч і на тагачаснага намесніка старшыні Кармянскага райвыканкама Віктара Мацвеенку. Гэты райцэнтр выбраў невыпадкова. Ужо ведаў, што Тодар Курбацкі родам з мястэчка Карма цяперашняга цэнтра раёна Гомельскай вобласці. Была ўдакладнена і дата нараджэння: 1904 год. Аб выніках сваіх пошукаў Алесь Бельскі расказаў у «ЛіМе» («Заранкавыя песні», 1 снежня 2000 г.).
Паэзію Тодар Курбацкі палюбіў рана, таму і з’явілася жаданне пісаць самому. Першыя публікацыі не выяўлены, ды і, хутчэй, спачатку ўсё пісалася «для сябе». Друкавацца пачаў пазней, калі вучыўся ў Магілёўскім беларускім педагагічным тэхнікуме. Сяброў там знайшоў нямала, але найлепшым стаў Павел Пруднікаў, які ўжо таксама пісаў вершы. Гэта і зблізіла іх, вырашылі разам паехаць вучыцца ў Мінск.
У пачатку 1930-х гадоў Тодар Курбацкі скончыў педагагічны інстытут у сталіцы рэспублікі. На гэты час прыпадаюць і яго публікацыі. Асабліва плённа выступаў у акруговай газеце Палескага абкама ВК КПБ(б) «Бальшавік Палесся». Аднак трапіў і на старонкі альманаха «Аднагодкі» (1934), друкаваўся ў часопісах «Беларусь калгасная», «Полымя рэвалюцыі», газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда», «Чырвоная змена».
Аб тым, што быў заўважаны, сведчыць удзел у 1938 годзе ў Рэспубліканскай нарадзе маладых аўтараў. На ёй прысутнічалі і тыя, хто пазней добра праявіў сябе ў літаратуры: ужо названы Мікола Аўрамчык, Аркадзь Марціновіч, Адам Русак, Уладзімір Шахавец, іншыя пісьменнікі. Аднак у сталіцы не застаўся. Паехаў на роднае Палессе: настаўнічаў у Хойніцкай сярэдняй школе № 1.
Калі падагульняць уражанне аб напісаным ім, бадай, трэба пагадзіцца з Алесем Бельскім: «Паэтычная творчасць Тодара Курбацкага ў многім тыповая для таго даваеннага часу — аптымістычная, бадзёра-радасная і дэкларацыйная. Ён, як і многія яго аднагодкі, сцвярджаў сябе ў літаратуры ў пачатку — сярэдзіне 30-х гадоў, калі складвалася традыцыя параднасвяточнай паэзіі, існавалі каноны і ўзоры, па якіх маладыя аўтары вывяралі свой голас. Таму і Т. Курбацкі не пазбегнуў у сваіх вершах ідылічнасці, прамаўлення ў духу палітычных установак...».
Аднак трэба дадаць, што пры ўсім гэтым ён, як відаць па танальнасці твораў, быў шчыры. Жывучы ў сваім часе, гэты час і ўслаўляў. І радаваўся, калі яго вершы былі заўважаны. Асабліва ў рэспубліканскім друку. Як верш «Пажаданне» ў «ЛіМе», што прыйшоў да чытачоў 1 мая 1939 года.
Па датаванні відавочна, што ён успрымаўся святочным. Аб гэтым сведчыць верш «Таварышу Сталіну». Напісаны, як тлумачыцца пад ім, калектыўна: «Пісьмо склалі Якуб Колас, К. Крапіва, А. Куляшоў, Э. Агняцвет, М. Клімковіч». Яно было «прынята на агульным сходзе работнікаў літаратуры і мастацтваў гор. Мінска». Слоў няма: надрукавацца ў такім нумары не толькі прыемна, але і адказна. Такі гонар поруч з некаторымі іншымі аўтарамі выпаў і Тодару Курбацкаму.
Па праўдзе кажучы, верш «Пажаданне» асаблівай арыгінальнасцю не вызначаецца. З-за гэтага, бадай, Алесь Бельскі і не звярнуў на яго ўвагу ў сваім артыкуле пра Тодара Курбацкага. Але твор прываблівае тым, што напісаны ў традыцыях тагачаснай паэзіі, якая не толькі ўслаўляла велічнасць працоўных здзяйсненняў, але і адначасова ўвязвала іх з чыста чалавечымі якасцямі лірычных герояў. Такім шляхам пайшоў і Тодар Курбацкі. Гэта споведзь вясковай дзяўчыны, выдатнай працаўніцы, якая сутыкнулася ці не з першым сваім каханнем.
Пра яго канкрэтна не гаворыцца, аднак відаць са зместу твора. Праўда, таксама не адразу. Лірычная гераіня праз шмат гадоў наведвае родныя мясціны:
Мне здаецца, мы ўчора
З пугай бегалі даўгой
Па далінах, па разорах —
За рагатай чарадой.
Ўсё мне гэтак прыгадалі
Поле, рэчка ды лугі,
Дзе калісьці сябравалі
Два малыя пастушкі.
Пасля гэтай сустрэчы высвятляецца, што той, хто таксама стаў адным з лірычных герояў і каго ніяк не можа забыць гэтая дзяўчына, не проста знаёмец яе маленства. Хутчэй за ўсё і юнацтва, інакш даўно б забыўся. А так назаўсёды пакінуў след у яе душы. Ды, відаць, у іх былі не толькі сяброўскія стасункі. Іначай не з’явілася б такое: «...Ты сустрэўся, мой каханы // З добрай доляй на вяку». Толькі для каго гэта «добрая доля», а для каго — расчараванне: «От, ідзеш, такі прыбраны // Ды з нявестай пад руку».
Але верш «Пажаданне» пры ўсіх сваіх не надта выяўленых мастацкіх якасцях, будзем праўдзівыя, тым і прываблівае, што Тодар Курбацкі не пайшоў шляхам асуджэння таго, хто здрадзіў свайму каханню. Выснова твора такая:
Мне казала малада,
Што вяселлю хутка быць.
Шчыра вам, сябры, жадаю
Дзетак з восьмера нажыць.
Каб у вас у кожна лета
На прыгожы час такі
Нараджаліся паэты,
Брыгадзіры, маракі.
У нечым блізкія матывы гэтага твора і верша «Сяброўства». Лірычны герой таксама жыве ўспамінамі: «Зноў ты вабіш цёплым словам, // З кіпай кніжак, з скруткамі папер, // Добры друг, хлапец вясковы, // А цяпер — данбаскі інжынер». У абодвух еднасць асаблівага кшталту: «Жыць вялікай страснасцю эпохі // Пакляліся мы з табой тады...» Гэтая клятва і стала памяццю, якая з адлегласці паядноўвае душэўнай повяззю, а за ёю — не толькі дружба, не толькі сяброўства, але і супольная еднасць, народжаная ў шматнацыянальнай краіне:
Прыязджай, і сам убачыш ты,
Як па Сожу трубяць параходы,
Як ідуць па Пряпяці плыты;
Як ад Мінска скрозь да Магілёва
Наліваюць нівы ды сады,
Прыязджай — і ты пачуеш спевы,
Што спяваюць нашы гарады.
Спявала сэрца і самога паэта. Пра што заўгодна спявала, бо, відавочна, ён быў рамантыкам у душы, а для такіх людзей, што ні ўбачыш, — радуе. Калі ж яшчэ і лірык па складзе характару, то ўсё гэта хочацца апяваць. Не пакідалі абыякавым Тодара Курбацкага людзі, якіх ён ведаў, але і хвалявала і прырода, асабліва тады, калі ў ёй прысутнічае і плён працы.
Як у вершы «Жніво»:
Песня светлая ды стазвонная
Ўскалыхнула шыр залацістую.
Загайдалася жыта белае,
Жыта белае, каласістае.
І цвіце, гарыць ранне яркае,
Даль туманіцца мглою шэраю.
Спраўна ложыцца пад жняяркамі
Жыта буйнае, жытае спелае.
Песенна-фальклорны матыў, што ўплятаецца ў сюжэтную канву твора, як быццам і непрыкметны — усяго адзін радок. Аднак разам з аўтарскімі развагамі ён шмат гаворыць. Не толькі ад імя лірычнага героя прамаўляецца ўсё, а ад усіх, каго з’яднала жніво:
Маладыя мы, шчокі ружамі
Загарэліся, мо не спыніцца.
З песняй звонкаю, з песняй здужаем:
— Ой, калініца, ой, малініца.
Ну, напорысцей, ну, брыгадамі!
Апошні радок на завяршэнні паўтараецца. Разам з іншымі малюнак жніва становіцца яшчэ больш запамінальным: «...Рукі чорныя, рукі мужныя, // Не стрымае жар // Працу творчую, працу дружную. // Ну, напорысцей, ну, з брыгадамі // Ну, з прыпеўкамі галасістымі!»
Лірычныя матывы надзіва кранальныя ў вершы «Пра цёплую вясну». Адметнасць яго ўжо і ў тым, што Тодар Курбацкі ў пэўнай ступені, як відаць з пачатку твора, зазірае і ў сваю мастакоўскую лабараторыю, гаворыць пра тое, як пішацца твор: «Вясёлаю зялёнай галавою // Кусты прыпалі к беламу акну, // Ізноў шуршыць папера пад рукою // І тчэцца верш пра цёплую вясну». На першы погляд, нічога новага. Ды гэта той выпадак, калі знаёмасць радка не адштурхоўвае. Наадварот, прыцягвае, бо знаёмае ператвараецца ў тое адкрыццё, што кампенсуецца шчырасцю пачуццяў. «Цёплая вясна» ва ўяўленні лірычнага героя — гэта калі адчуваеш, «як лашчаць баравыя шумы // І дышуць сонцам плённыя палі».
Перад вайной Тодар Курбацкі некаторы час жыў у вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна. З нападам фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз пайшоў на фронт. Дзе служыў, не вядома. Але што годна выконваў свой абавязак перад Радзімай, сумнення няма. Гэта відавочна з матываў любові да Айчыны, якія напоўнены яго асобныя перадваенныя творы. Важна і тое, што належаў да тых аўтараў, якія вуснамі сваіх лірычных героў не толькі дэкларавалі гэта, усведамленнем гэтага была напоўнена іх душа. У пэўнай ступені праграмным можна ўспрымаць яго верш «Ідзі, мая песня», што напісаны ў 1938 годзе ў Хойніках.
Бадай, напісаўся пасля вяртання з Мінска, пад уражаннем ад нарады маладых аўтараў. Безумоўна, у цэнтры ўвагі на ёй — творчыя пытанні. Але не абыходзілася ўвагай і тое, што адбывалася ў краіне і ў свеце. Хоць у гэтым творы прысутнічаюць рытарычныя матывы, пафаснасць не надуманая, ёй жыло пакаленне 30-х гадоў. А свет быў трывожны, хоць калі ён не бывае не трывожным... Тодар Курбацкі не мог заставацца ўбаку ад таго, пра што гаварылася.
Былі ў яго і ўласныя думкі, суладныя тым, якія прысутнічалі ў паэзіі маладых творцаў. Ён падпарадкоўваў лірыку задачам дня. Тое, што прамаўляў, магчыма, у нечым і празмерна пафаснае, аднак адпавядала таму, чым жыло пакаленне 1930-х гадоў. Яно не толькі будавала новы сацыялістычны лад, але і было гатова даць адпор ворагам. Таму і заклікаў Тодар Курбацкі сваю паэтычную песню «хадзіць у армейскіх радах»:
Ідзі, мая песня, ідзі жыві
У думах, у сэрцах, гарачай крыві,
Ўздымайся высока, бы воблачны птах,
Вучыся хадзіць у армейскіх радах.
Стань мужным армейцам
ў тугія калоны.
Там лепшыя тоны і рыфм перазвоны,
Я хочу, каб грозна на гадаў стаянкі
У часе паходаў хадзіла на танкі.
Не адмаўляючы пры гэтым радасці мірнага, спакойнага жыцця: «Я хочу, каб песня праз дні і вякі // Па мірных дарогах вяла цягнікі, // Дзе нівы гамоняць, дзе спеюць ураджаі, // Дзе песня калгасніц пад сонца ўзлятае!». Але выснова тая, што гучала і на пачатку:
За гэту радзіму плацілі крывёю
Найлепшыя людзі — народа героі.
За гэту радзіму з жыццём маладым —
Порах на варце трымаем сухім!
Тое, што гаварыў вершам, стала рэальнасцю. Удзельнічаў у многіх баях. Ужо больш відавочным станавілася, што хутка настане дзень, якога з нецярпеннем чакала ўся савецкая краіна. На жаль, да яго не дажыў. Воіна Фёдара Курбацкага і паэта Тодара Курбацкага не стала 15 студзеня 1945 года. Аднаго не ведаў. Таго, што сам не паспеў зрабіць у галіне паэзіі, ды і, будзем справядлівымі, не ўсё дазваляў яго талент, здзейсніў у беларускай прозе адзін з яго вучняў хойніцкай сярэдняй школы, будучы народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ. Іван Паўлавіч назаўсёды захаваў удзячную памяць аб сваім настаўніку, які вучыў яго не толькі адданасці Радзіме, але і любові да літаратуры.
Алесь МАРЦІНОВІЧ