— Віктар Анатольевіч, аснову «тоўстага» часопіса звычайна складае проза. Які раман, якія аповесці сучасных пісьменнікаў надрукуеце ў 2025 годзе?
— Сапраўды, аснова «тоўстага» часопіса — проза, і не проста проза, а аб’ёмныя раманы і аповесці. Так, у мінулым годзе былі надрукаваны ў трох нумарах раманы Віктара Праўдзіна «Непераможны злом» і Уладзіміра Гніламедава «У войску». Аўтар, на жаль, паўгода таму адышоў у лепшы свет, але паспеў убачыць першую частку рамана надрукаванай. Сёлета апублікуем заключную частку яго рамана, але ўжо ў рубрыцы «Спадчына». У ёй жа быў раман Георгія Марчука «Божы дар». Шкада, што майстры маштабных твораў пакідаюць нас. Добрыя чытацкія водгукі мелі аповесці Уладзіміра Гаўрыловіча «Пад покрывам нябёсаў», Святланы Бязлепкінай «Восень Будапешта», Віктара Кунцэвіча «Люстэрка старой шафы», Уладзіміра Васько «Горад пад вадой»... Сёлета ў першым нумары надрукавана аповесць Валянціны Кадзетавай «Мелодыя ціхага палявання», з якой чытач даведаецца шмат цікавага і пазнавальнага пра грыбы беларускіх лясоў. У другім нумары змешчана аповесць Алеся Кажадуба «Карані», у якой аўтар выбудоўвае гісторыю свайго радаводу і даводзіць важнасць гэтага для кожнага чалавека. У трэцім нумары можна будзе прачытаць гісторыка-палітычную аповесць Івана Саверчанкі «Выклік, або Дзяржава князя Глеба». У рэдакцыйным партфелі ёсць новы раман Зінаіды Дудзюк і аповесці Вячаслава Мойсака «Скарб» і Віктара Варанца «Люцыфер ужо ў Гародні».
— «Полымя» было і застаецца заканадаўцам у частцы развіцця такога жанру, як апавяданне. Як бы вы ахарактарызавалі ўвогуле развіццё гэтага жанру сёння? Што з найболей цікавых твораў надрукавана ў мінулым годзе, у апошнія гады?
— Сёння многія маладыя празаікі, пачынаючы шлях у літаратуры, на вялікі жаль, абмінаюць апавяданне. Адразу пачынаюць з аповесцей памерам у трыста старонак, або з раманаў у пяцьсот. Гэта як у мастакоў пачаць маляваць чорныя квадраты, не намаляваўшы ні родны краявід, ні партрэт сваёй маці. У мінулыя гады з апавяданнямі на старонках «Полымя» ярка выступілі Алесь Бадак, Віктар Гардзей, Навум Гальпяровіч, Таццяна Дземідовіч, Алена Брава, Ніна Рыбік, Алена Стэльмах, Вольга Таляронак...
— Ці актыўна ідзе ў прозу моладзь?
— Калі згадаць альманах «Першацвет», то можна сказаць, што за сем гадоў надрукавалася семдзесят маладых празаікаў. Гэта нямала! Праўда, на жаль, не ўсе, стаўшы лаўрэатамі конкурсу, актыўна працягваюць друкавацца.
І гэта заканамерна. Няпроста напісаць першыя творы, але яшчэ больш складана пасля гэтага напісаць новыя, каб яны былі мацнейшымі за папярэднія. Калі пагартаць часопіс «Маладосць» за мінулы год, можна заўважыць, што там амаль у кожным нумары друкуюцца дэбютанты — і паэты, і празаікі, якія нарадзіліся ўжо ў ХХІ стагоддзі. І гэта радуе. Значыць, за намі старэйшымі ідзе таленавітая моладзь. Некалькі маладых празаікаў дэбютавалі і ў «Полымі».
— Паэтычны раздзел «Полымя»... Што складае яго аснову сёння? Гэта сустрэчы з новымі аўтарамі ці ўсё ж такі часопіс будзе працаваць з паэтамі вядомымі, аўтарытэтнымі?
— Паэтаў у нас больш, чым празаікаў. Але, на жаль, ні Віктар Гардзей, ні Мікола Маляўка, ні Мікола Мятліцкі, ні Мікола Шабовіч, ні Дзмітрый Пятровіч, ні многія іншыя, якія за апошнія пяць гадоў пакінулі гэты свет, больш не прынясуць свае творы ў «Полымя». Адметна па-ранейшаму ў паэзіі працуюць Міхась Башлакоў, Іна Фралова, Хведар Гурыновіч, Міхась Пазнякоў, Людміла Кебіч, Алесь Казека, Змітрок Марозаў, Анатоль Зэкаў, Казімір Камейша, Станіслаў Валодзька, Навум Гальпяровіч, Уладзімір Мазго, Рагнед Малахоўскі, Настасся Нарэйка, Валянцін Семяняка, Яўген Хвалей, Генадзь Пашкоў, Людміла Воранава, Сяргей Давідовіч... Моладзь жа, якая ідзе ў літаратуру праз паэзію, піша, на жаль, не вельмі шмат, але хоча друкавацца ў «Полымі». Варта адзначыць Андрэя Дарожкіна, Аляксандру Жалязнову, Ірыну Макарчук, Наталлю Святлову, Вікторыю Сон...
— Літаратурная спадчына... У дачыненні да Уладзіміра Караткевіча, напрыклад, даволі шмат было надрукавана і невядомага пасля яго смерці... Што знайшлі, што шукаеце ў архівах пісьменнікаў, якія пайшлі з жыцця?
— Гэты год для Уладзіміра Караткевіча юбілейны. 95 гадоў з дня нараджэння. Дзякуючы Пятру Жаўняровічу, які даследуе творчасць Уладзіміра Караткевіча і працуе ў «Полымі», мы маем магчымасць друкаваць шмат што са спадчыны нашага класіка. Так, у трэцім нумары ў раздзеле «Спадчына» будзе змешчана выступленне Уладзіміра Караткевіча на пленуме праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, які адбыўся ў 1979 годзе.
І ў наступных нумарах чытачоў чакаюць цікавыя знаходкі з літаратурнай спадчыны Уладзіміра Караткевіча. Працягнем друкаваць дзённікі Вячаслава Адамчыка і пачнём знаёміць з дзённікамі Алеся Масарэнкі. Будзе шмат цікавых успамінаў ад Казіміра Камейшы і Раісы Баравіковай. Пачаў пісаць успаміны і, на жаль, не закончыў Віктар Гардзей.
— «Полымя» ва ўсе часы, і сёння таксама, падтрымлівала планку літаратуразнаўства, гісторыі беларускай літаратуры. Выклікае цікавасць раздзел «Навуковыя публікацыі»... Якія грунтоўныя літаратуразнаўчыя артыкулы, якія аўтары з кагорты навукоўцаў, прафесійных літаратуразнаўцаў сустрэнуцца нам на старонках «Полымя» ў 2025 годзе?
— «Полымя» ўключана ў Пералік навуковых выданняў ВАК Рэспублікі Беларусь для друкавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па філілагічных навуках (літаратуразнаўства), таму ў кожным нумары ў нас змяшчаюцца навуковыя публікацыі. Летась выклікалі цікавасць у чытачоў артыкулы Аляксандра Бярозкі «Быццам я пражыў ужо ўсё сваё жыццё: спавядальна-дзённікавая проза Алеся Жука», Таццяны Лаўрык «Гісторыка-рэвалюцыйны раман у творчасці Леаніда Дайнекі: дылогія „Людзі і маланкі“, „Запомнім сябе маладымі“», Валерыя Максімовіча «Літаратурная творчасць у сістэме камунікатыўна-дыялогавых стасункаў», Міколы Мікуліча «„Каб жыццё зарой квітнела...“» Забыты паэт Заходняй Беларусі Кастусь Рагойша«, Галіны Тычко «Асоба і творчасць Уладзіміра Калесніка ў кантэксце беларускага літаратуразнаўства другой паловы ХХ стагоддзя», Ігара Шаладонава «Здзяйсненне ўчынку як жыццёвы і творчы прынцып пісьменніка Васіля Быкава», Марыі Шамякінай «„Наша сонца — песня машын“: фантастыка паэта Андрэя Александровіча»…
У найбліжэйшых нумарах будуць навуковыя артыкулы Ганны Навумавай «Нацыянальнае або наднацыянальнае: Іва Андрыч пра ідэю югаславянскага адзінства», Карыны Кушчанка «Лукаш Бэндэ і Пятрусь Броўка: творчыя кантакты (з фонду Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва)», Паўла Кошмана «Рэгіянальны і агульнабеларускі наратыў роднага краю Аляксандра Ельскага», Яўгена Гарадніцкага «Максім Багдановіч і Уладзімір Жылка: агульнае і адметнае ў паэтыцы і светаўспрыманні»…
— Публіцыстыка, краязнаўства... Ці не будуць абыдзены ўвагай гэтыя кірункі?
— Нічога не будзе абыдзена. Сёлета — 80-годдзе Вялікай Перамогі. Матэрыялы, прысвечаныя Вялікай Перамозе, мы пачалі змяшчаць ужо ў першым нумары часопіса. Там быў надрукаваны гістарычны нарыс Наталлі Ніканчук «Месца для подзвігу». Пяты нумар «Полымя» амаль цалкам прысвечаны подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І вершы, і проза, і публіцыстыка, і архіўныя матэрыялы.
— Адкрыццю якіх аўтараў 2024 года радуецеся і цяпер?
— Усё, што друкавалася ў «Полымі» ў 2024 годзе, было непаўторным. І ў жанры паэзіі, і ў жанры прозы. Дзякуючы Алесю Карлюкевічу, Пятру Жаўняровічу, Міколу Нікалаеву і Галіне Часлаўскай вельмі цікавымі былі матэрыялы, якія друкаваліся ў раздзелах «Архівы» і «Краязнаўства». Мелі добры чытацкі водгук успаміны Таццяны Шамякінай «Савецкая моладзь у парадаксальныя 1960-я».
— Сёння выдаваць «тоўстыя» літаратурна-мастацкія часопісы — гэта творчы, выдавецкі подзвіг. Якой падтрымкі ад чытача, ад інстытутаў адукацыі і культуры, бібліятэк вы чакаеце?
— Самая галоўная падтрымка для часопіса — гэта падпіска. Спадзяюся, што ўсе нашы аўтары выпісваюць «Полымя» і будуць выпісваць нават тады, калі іх творы там не будуць друкавацца. Што гэта за пісьменнік, які не выпісвае і не чытае «Полымя»? Вы можаце ўявіць, каб Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Максім Танк, Рыгор Барадулін, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Янка Брыль, Пімен Панчанка, Аляксей Пысін, Янка Сіпакоў не выпісвалі «Полымя»? Няўжо мы арыентуемся ў сучаснай літаратуры, не чытаючы сучаснай літаратуры акрамя саміх сябе? Думаю, што не! Таму многія, хто не чытае рэспубліканскія літаратурныя выданні, пішуць на ўзроўні пачаткоўцаў, а друкавацца хочуць у рэспубліканскім друку і выдаваць кнігі ў дзяржаўных выдавецтвах, шкадуючы грошай на падпіску. І шмат з таго, што сёння даводзіцца друкаваць часопісам і «ЛіМу», гадоў трыццаць таму ні адно выданне не надрукавала б. І не друкавала. Чытанне часопісаў і «ЛіМа» — гэта своеасаблівая літаратурная вучоба, якая ў сур’ёзнага таленавітага пісьменніка доўжыцца ўсё жыццё. А мы ж усе сур’ёзныя і таленавітыя пісьменнікі? Так ці не?
З бібліятэкамі сябруем і з радасцю адгукаемся на іх прапановы прыйсці і выступіць перад чытачамі. І мы ўдзячныя ўсім інстытутам адукацыі і культуры за цеснае супрацоўніцтва.
— Ваша пажаданне аўтарам «Полымя», ды і чытачам «Літаратуры і мастацтва»?
— Жадаю ўсім здароўя, натхнення, поспехаў і веры ў тое, што ўсё будзе добра!
Гутарыў Раман СЭРВАЧ