Top.Mail.Ru

Бярэзінскі запаведнік: 100 гадоў захоўваючы будучыню

05.02.2025 | 18:30

У Нацыянальным архіве Беларусі адкрылася выстава «Бярэзінскі запаведнік: 100 гадоў захоўваючы будучыню». Фатаграфіі рэдкіх жывёл і раслін, справаздачы аб навуковых даследаваннях, чучалы, ранастайныя дакументы і іншыя экспанаты дазваляюць прасачыць гісторыю станаўлення і развіцця гэтай надзвычайна важнай для навакольнага асяроддзя нашай краіны і Еўропы асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі.


Бярэзінскі біясферны запаведнік — адна з найстарэйшых і найбольш каштоўных асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ) не толькі ў нашай краіне, але і ў Еўропе. З 1979 года гэты эталон натуральнай прыроды ўваходзіць у Сусветную сетку біясферных рэзерватараў праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера», а таксама знаходзіцца ў складзе ключавых еўрапейскіх арніталагічных і батанічных тэрыторый, агульнаеўрапейскую сетку маніторынгу лясоў. Ён з’яўляецца часткай Ізумруднай еўрапейскай сеткі асабліва каштоўных прыродных тэрыторый, мае статус міжнароднай Рамсарскай водна-балотнай тэрыторыі, важнай для аховы птушак. Шмат у чым дзякуючы Бярэзінскаму запаведніку нашу краіну і называюць «лёгкімі Еўропы».

У адкрыцці выставы прынялі ўдзел начальнік аддзела прыродных комплексаў і прамысловай вытворчасці Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сурта, дырэктар Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН Беларусі) Дзмітрый Грумо, загадчык сектара запаведнай справы Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах НАН Беларусі Уладзімір Усцін, загадчык Музея прыроды і экалогіі Ігар Куракевіч, прадстаўнікі Бярэзінскага біясфернага запаведніка.

Выстава Нацыянальнага архіва Беларусі запрашае зрабіць віртуальную вандроўку ў першабытныя лясы. Прадстаўлены дакументы аб стварэнні і развіцці запаведніка, сведкі партызанскага руху на яго тэрыторыі, акты аб шкодзе, атрыманай у перыяд акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі, навуковыя справаздачы, фатаграфіі дзівосаў жывёльнага і расліннага свету, маляўнічых краявідаў, чучалы, гербарый... Многія экспанаты прапанаваны аўдыторыі ўпершыню.

— Сфарміраваны цэлы комплекс архіўных матэрыялаў, якія ўсебакова і глыбока падказваюць гісторыю гэтага ўнікальнага геаграфічнага аб’екта. Гэта вельмі важна для захавання гістарычнай пераемнасці ў рэтраспектыве развіцця нашай дзяржавы, — расказаў намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Аляксей ЦВЯТКОЎ.

Важнасць захавання і папулярызацыі дакументаў па гісторыі запаведніка, яго значнасць для аховы навакольнага асяроддзя адзначыў і дырэктар Бярэзінскага біясфернага запаведніка Андрэй ПРАКОШЫН.

— Сёння мы знаходзімся на мяжы стагоддзяў існавання запаведніка. Работнікі, якія захоўваюць яго цяпер, разумеюць сваю адказнасць перад пакаленнямі, якія перадалі нам гэту тэрыторыю. Зараз яна з’яўляецца адной з самых каштоўных і ахоўных у Беларусі і Еўропе. Мы абяцаем нашай краіне, што будзем з гонарам выконваць нашу працу, — заявіў ён.

Выстава будзе працаваць да канца лютага.

Александрына ПАРШЫНА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА, Нацыянальнага архіва Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю