Афіцыйна Дзяржаўны запаведнік пачаў дзейнічаць з 9 верасня 1944 года. Яго ўзнаўленне ў ваенны час сведчыла аб вялікім клопаце, які ўрад рэспублікі ўдзяляў захаванню ўнікальных прыродных комплексаў. Першым пасляваенным дырэктарам стаў Ян Карпінскі, прызначаны на пасаду ў кастрычніку 1944 года. Цэнтральная сядзіба прыродаахоўнай установы размясцілася ў вёсцы Камянюкі, дзе засталіся адносна цэлымі два даволі вялікіх будынкі. У адміністрацыйным плане запаведнік быў падзелены на дзевяць лясніцтваў — ад 6 да 14 тыс. га кожнае. Вакол яго была створана кіламетровая буферная зона, дзе забаранялася паляванне і рубка дрэў.
Цяжкасцей было шмат. У першую чаргу важна было вырашыць праблемы са штатам: у 1944 годзе з дзевяці ляснічых толькі тры прафесійна адпавядалі гэтаму статусу, астатнія былі аб’ездчыкамі. Супрацоўнікі лясной аховы адсутнічалі наогул, палажэнне некалькі стабілізавалася дзякуючы прыёму на работу мясцовых жыхароў. Яны былі добра знаёмы са спецыфікай пушчы, таму лясная ахова, нават укамплектаваная напалову, магла змагацца з браканьерствам, якое атрымала вялікае распаўсюджанне. Не апошняе месца сярод яго прычын займалі пасляваенная галеча і голад. І ўсё ж прафесіяналаў не хапала — калектыў на 70 % быў прадстаўлены людзьмі, якія раней не працавалі ў лясной гаспадарцы.
Да таго ж, дзейнасці супрацоўнікаў Белавежскай пушчы моцна перашкаджалі польскія бандыты і экстрэмісты, настроеныя супраць савецкай улады. Нападалі яны і на мясцовае насельніцтва. Каб нейтралізаваць крымінальныя элементы, да чэрвеня 1945-га на беларускай частцы пушчы каля Белага Ляска размяшчаўся полк пяхоты.
У канцы 1944-га была праведзена дэталёвая інвентарызацыя маёмасці. На ўлік былі ўзятыя ўсе жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы, дробны інвентар. Нягледзячы на востры недахоп цяглавай сілы была арганізавана ўборка сельскагаспадарчых культур і лугавых траў, нарыхтавана сена. Пасля заканчэння сельгасработ пачалося інтэнсіўнае аднаўленне межавых і квартальных знакаў, расчыстка прасек. Адначасова леснікі займаліся зборам насення драўняна-хмызняковых парод для закладкі гадавальнікаў лясных культур, у першую чаргу сасны.
У студзені 1945 года быў праведзены ўлік дзікіх жывёл, у выніку якога на беларускай тэрыторыі пушчы было выяўлена 380 аленяў, 538 казуль і 658 дзікоў. Зубры, на жаль, засталіся на польскім баку. На працягу года адзначалася масавае браканьерства, таму ў 1946-м колькасць тых жа дзікоў зменшылася практычна напалову — да 363 асобін. З драпежнікаў было зарэгістравана 87 ваўкоў, 33 рысі і 4 мядзведзі. Вялікі ўрон пагалоўю дзікіх і хатніх жывёл наносілі ваўкі, таму пасля заканчэння ваенных дзеянняў пачаўся іх адстрэл.
Нягледзячы на ўсе паслеваенныя цяжкасці, амаль адразу пасля вызвалення ўзнавілася навуковая работа. Яна пачалася ўжо ў 1945 годзе з экспедыцый, праведзеных навуковымі супрацоўнікамі Акадэміі навук СССР. Абследаваліся водныя басейны пушчы (ці падыходзяць для рэакліматызацыі рачных баброў), ход росту і таварнасць сасновых дрэвастояў, перспектывы развіцця сасновых насаджэнняў да гранічнага ўзросту — 240 гадоў.
Самымі важнымі сталі даследаванні дырэктара запаведніка Сяргея Данавурава і старшага навуковага супрацоўніка Людмілы Корачкінай, накіраваныя на адраджэнне пагалоўя зуброў. У 1946 годзе ў пушчу было завезена некалькі магутных волатаў, якіх размясцілі ў вальерах агульнай плошчай 36 га. Асноўная ўвага надавалася вывучэнню паводзін гэтых жывёл, распрацоўцы навуковых высноў іх развядзення ў вольных умовах, асабліва пасля выпуску ў прыроду ў 1953-м. Тады колькасць зуброў дасягнула 19 асобін.
Паколькі да 1945 года арнітафаунай пушчы займаліся недастаткова, таму на яе даследаванне былі накіраваны сілы амаль усёй лясной аховы. Прыцягваліся нават мясцовыя паляўнічыя. Асобнае месца займалі работы, звязаныя з вывучэннем цецеруковых, белых і чорных буслоў. Дарэчы, напачатку 1952 года ў пушчы было 250 цецерукоў, 1230 глушцоў і аж 8777 рабчыкаў. Сярод мер, накіраваных на спыненне катастрафічнага зніжэння колькасці цецерукоў і глушцоў і стварэнне ўмоў для аднаўлення папуляцыі, са студзеня да мая ў месцах такавання былі забаронены санітарныя рубкі і вываз лесу, збор ягад і выпас хатніх жывёл.
У выніку ў 1946–1955 гады было акальцована каля 17 тыс. птушак, дабыта і апісана 1958 асобін. Складзена калекцыя, якая налічвала 1225 асобнікаў. Палова экспанатаў з яе была перададзена ў заалагічны музей Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Вынікі назірання за зменамі флоры і фауны запаведніка рэгулярна фіксаваліся ў «Летапісе прыроды», які вёўся з першых дзён дзейнасці прыродаахоўнай установы. Асабліва важнымі былі раздзелы аб ураджайнасці пэўных парод дрэў, хмызнякоў, ягаднікаў і грыбоў, колькасным уліку каштоўных жывёл, слядах прамысловых звяроў на пастаянных маршрутах, аб аленях, прамысловых птушках і інш. Апрача таго, напрацоўкі першых пасляваенных арнітолагаў былі абагульнены ў справаздачу «Птушкі Белавежскай пушчы» і з’яўляюцца асновай для вывучэння арнітафауны асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі і ў нашы дні.
У 1950-м у запаведніку ўжо працавалі 7 навуковых супрацоўнікаў, быў уведзены ў эксплуатацыю навуковы корпус, на ніжнім паверсе якога рамясціўся Музей прыроды. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося 1 мая 1952 года.
У пачатку 1950-х было праведзена першае пасляваеннае лесаўпарадкаванне. Прадугледжвалася закультываваць вырубкі, адвесці плошчы для натуральнага ўзнаўлення. Пачаліся работы па насаджэнні каштоўных парод дрэў на адведзеных пробных плошчах. Актыўна даследавалася плоданашэнне дрэў і хмызнякоў, бо гэта мела першаснае значэнне не толькі для ўзнаўлення лясных насаджэнняў, але і для пушчанскіх жывёл.
У сярэдзіне 1950-х запаведнік поўнасцю адпавядаў статусу навукова-даследчай і прыродаахоўнай установы. З 1957 года пачаўся новы этап у яго гісторыі: распараджэннем Савета Міністраў СССР ад 09.08.1957 № 2252 запаведнік быў рэарганізаваны ў Дзяржаўную запаведна-паляўнічую гаспадарку і перададзены спачатку ў падпарадкаванне Мінсельгасу СССР, а пазней — Упраўленню справамі Савета Міністраў БССР.
Пачатая адразу пасля вызвалення ад нямецкіх захопнікаў навукова-даследчая работа па вывучанні флоры і фауны не перапыняецца да сённяшняга дня.
Вольга САБАЛЕЎСКАЯ
Фота з архіва Белавежскай пушчы
